Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Згуртаваньне беларускіх студэнтаў працягвае змагацца з практыкаю прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў навучальных установаў. Наступным крокам, пасьля сэрыі пікетаў, можа стаць кампанія судовага абскарджаньня рашэньняў камісіяў у разьмеркаваньні.

Старшыня юрыдычнае камісіі Згуртаваньня Сяргей Зікрацкі кажа, што ЗБС гатова дапамагчы студэнтам абскардзіць праз суд вынікі разьмеркаваньня:

(Зікрацкі: ) "Калі каго-небудзь будуць нейкія праблемы, каму трэба будзе скардзіцца на нейкія ўстановы, мы гатовыя падаваць гэтыя пазовы, таму што магчыма, што на сёньняшні момант гэта будзе найбольш дзейсны сродак вырашэньня праблемы".

Сацыялягічнае апытаньне, праведзенае ЗБС, сьведчыць, што пераважная бальшыня студэнтаў ня ведае сваіх правоў. Сяргей Зікрацкі зазначае, что такое становішча ёсьць у тым ліку й непасрэдным вынікам таго, што кіраўніцтвы ВНУ не знаёміць студэнтаў з адпаведнымі правіламі. На думку Зікрацкага, гэта робіцца для таго, каб праз адсутнасьць інфармацыі ў студэнцкім асяродку распаўсюджваліся плёткі й страх.

(Студэнтка: ) "Я супраць разьмеркаваньня, бо я не хачу, каб мяне накіравалі без майго жаданьня туды, куды я ўвогуле не хачу ехаць. Я маю права сама вырашаць свой лёс".

Выказваньне менскае студэнткі пацьвярджае вынікі апытаньня ЗБС. Блізу паловы апытаных студэнтаў супраць разьмеркаваньня.

Летась былі прымусова працаўладкаваны дзьве траціны з 21-й тысячы выпускнікоў. Значную частку накіравалі ня ў мейсцы сталага жыхарства. Камісіі выносілі свае пастановы насуперак пэрсанальным запытам.

Абавязковае 2-гадовае разьмеркаваньне, якое парушае правы чалавека на вольнае абраньне мейсца працы й жыхарства, не прадугледжвае прадастаўленьня жытла й прыстойны заробак.

ЗБС скіравала лісты ў шэраг дзяржаўных установаў з прапановаю адмяніць або зьмяніць нейкім чынам мэханізм прымусовага разьмеркаваньня. Гэта выклікала ў афіцыйных асобаў толькі раздражненьне. Далей за ўсіх пайшло Міністэрства юстыцыі, якое вынесла ЗБС афіцыйнае папярэджаньне, што дзейнасьць арганізацыі не адпавядае заканадаўству.

Абавязковае разьмеркаваньне ня лепшым чанам адбіваецца на далейшым лёсе грамадзка актыўных студэнтаў. Леташнюю выпускніцу Дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту выдатніцу Мілану Шушкевіч накіравалі выкладаць замежную мову ў вясковую школу. Пры гэтым ёй наўпрост заявілі, што ня варта было займацца грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю цягам навучаньня.

Актывістаў ЗБС, якія ўдзельнічаць у сёлетняй кампаніі супраць абавязковага разьмеркаваньня, не спыняюць магчымыя ціск з боку кіраўніцтва ВНУ й непрыемныя наступствы пры разьмеркаваньні. Яны спадзяюцца, што цяперашнія правілы будуць скасаваныя яшчэ да сканчэньня імі вышэйшых навучальных установаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG