Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Хаця з часу масавага затрыманьня міліцыяй журналістаў 25 сакавіка мінула ўжо амаль тры тыдні, вынікі праверкі, распачатай МУС, дагэтуль застаюцца невядомымі. Кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў лічыць, што ўлады наўмысна зацягваюць расьледваньне, каб пасьля ўвогуле спыніць гэтую справу.

Кіраўнікі журналісцкай Асацыяцыі абураныя тым, што ўлады не прызнаюць фактаў масавага парушэньня закону ў вадносінах да журналістаў на Дзень Незалежнасьці БНР.

Паводле словаў віцэ-прэзыдэнта БАЖ Анатоля Гуляева, на сёньняшні дзень улады так і не сфармулявалі афіцыйнага стаўленьня да затрыманьня журналістаў, не прынесьлі ўсім пацярпелым публічных прабачэньняў і не пакаралі вінаватых у парушэньні заканадаўства прадстаўнікоў сілавых структураў. Прабачэньні ж, прынесеныя нядаўна міністрам Сіваковым прадстаўнікам расейскіх мас-мэдыяў і намесьнікам кіраўніка сталічнае міліцыі Міхалкевічам некалькім беларускім журналістам абсалютна не задавальняюць кіраўніцтва Асацыяцыі.

На думку спадара Гуляева, сустрэча кіраўніцтва Міністэрства нутраных справаў зь некаторымі журналістамі ў нефармальнай абстаноўцы ня можа лічыцца афіцыйным прызнаньнем віны за ўчынены 25 сакавіка гвалт. Віцэ-прэзыдэнт БАЖ гаворыць, што ані Сівакоў, ані Міхалкевіч не прызналі віны сваіх падначаленых публічна, празь дзяржаўныя мэдыі, а таксама не назвалі прозьвішчы тых, хто аддаваў загад хапаць журналістаў і хто гэты загад выконваў.

У прэсавым цэнтры Міністэрства нутраных справаў нашаму радыё сёньня паведамілі, што калі будзе скончаная праверка – невядома, і, маўляў, "нам ўвогуле няма чаго дадаць да таго, што ўжо сказана міністрам". Нагадаю, што прэсавы сакратар Сівакова падпалкоўнік Партон раней казаў, што праверка скончыцца на працягу тыдня, і зь яе вынікамі абавязкова пазнаёмяць журналістаў.

Шмат хто з пацярпелых 25 сакавіка прадстаўнікоў СМІ лічаць, што ўлады проста хочуць ціха спыніць гэтую справу. Вось думка на гэты конт віцэ-прэзыдэнта БАЖ Анатоля Гуляева:

(Гуляеў: ) "Ніякі міністар унутраных справаў, ніякія там палкоўнікі, якія непасрэдна камандавалі парадам, не маглі прыняць самастойнага рашэньня аб тым, каб арыштоўваць журналістаў. Рашэньне было спушчанае з самага верху. Ну а "самы верх" у сваіх такога кшталту рашэньнях прызнавацца ніколі не хацеў і зараз ня хоча. Ну і таму маўчаць, таму цягнуць час, спадзяюцца, што пойдуць нейкія новыя падзеі, але ж усе будуць ведаць, хто ў гэтай краіне гаспадар", – паведаміў спадар Гуляеў.

Пра тое, што ўлады ня вельмі зацікаўленыя ў аб'ектыўным расьледваньні акалічнасьцяў гэтае справы, сьведчыць і мэтад правядзеньня праверкі, распачатай сталічнай пракуратураю на патрабаваньне Беларускай асацыяцыі журналістаў. Пры апытаньні пацярпелых журналістаў сьледчыя Канстанцін Будзей і Аляксей Бабіцкі ня вельмі цікавяцца падрабязнасьцямі іхнага затрыманьня. Яны больш акцэнтуюць увагу на пытаньнях кшталту "Ці пацярпелі вы фізычна або матэрыяльна" й г.д., якія патэнцыйна могуць апраўдаць дзеяньні міліцыянтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG