Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 красавіка 2000 г.


Аляксандар Лукашук

Беларусь вяртаецца да сталінізму, заяўляе амэрыканскі кангрэсмэн Сэм Гэйдэнсан. Інтэрвію і заявы Гэйдэнсана з нагоды Маршу Свабоды і разгону мірнай дэманстрацыі ў Дзень Волі ўжо гучалі ў нашай праграме. На мінулым тыдні Аляксандар Лукашук сустрэўся з Гэйдэнсанам ў Вашынгтоне ў ягоным працоўным кабінэце на Капіталійскім узгорку.

У прасторным кабінэце на вялізарным чырвонага дрэва стале кангрэсмэна паміж папераў побач з фатаздымкамі чацьвярых дзяцей ляжыць апаленая цагліна. На мінулым тыдні я пабываў у розных вашынгтонскіх кабінэтах, бачыў розныя сувэніры зь Беларусі – налепкі са знакам "Стоп Лука", бел-чырвона-белыя сьцяжкі, у калідоры Дзярждэпартамэнту – вялікі фатаздамак прэзыдэнта Біла Клінтана у Курапатах побач із Зянонам Пазьняком, але апаленая цагліна зь вёскі Параф'янава, што пад Докшыцамі, вылучаецца з гэтага шэрагу сваёй матэрыяльнай важкасьцю. Кангрэсмэн Сэм Гэйдэнсан прывез яе летась з падмуркаў дому, дзе жыла сям'я ягонага бацькі. Сам Гэйдэнсан нарадзіўся ў Нямеччыне, у лягеры для перамешчаных асобаў Эшвэгэ ля Франкфурту-на-Майне. Ён стаў першым выхадцам зь сям'і ахвяраў Галакосту, які быў абраны ў амэрыканскі Кангрэс. Калі гэтая спадчына Галакосту стала важнай для Гэйдэнсана?

(Гэйдэнсан: ) "Я заўсёды пра гэта памятаў. Гэта была частка нашага жыцьця зь дзяцінства. Памятаю белыя пакункі, перавязаныя шнурам. Мы пасылалі ў Польшчу пасылкі, а потым іх перадавалі ў Беларусь (частка нашых сваякоў жыла ў Польшчы). Часам мы пасылалі пасылкі ў Расею, але гэта было вельмі дорага, расейцы спаганялі вялікае мыта. Таму мы пасылаі пасылкі сястры ў Польшчу, яна завозіла перадачу ў Беларусь, дзе былі дзьве сям'і. Я ўпершыню спрабаваў патрапіць туды ў 1982 годзе, пад час першага падарожжа ў Расею. Расейцы ў 1982 годзе не дазволілі мне паехаць у Парф'янава, яны заявілі што дарогі былі непралазныя. Гэта магло быць праўдай, але хутчэй было хлусьнёй – яны проста не хацелі, каб я туды ехаў".

(Лукашук: ) "Такім чынам, летась вы ўпершыню адведалі Беларусь?"

(Гэйдэнсан: ) "Гэта была мая першая паездка ў Беларусь. Я быў у Маскве, быў у Літве раней. Я ехаў у Беларусь на аўтамашыне зь Вільні, там дом маёй маці. Я ехаў ў Парф'янава, адкуль бацька, і сустрэўся зь дзьвюма сем'ямі, што хавалі бацьку пад час вайны. У гэтым мястэчку быў і дом майго бацькі. Ён згарэў тры месяцы перад тым, як я туды прыехаў. Але рэшткі засталіся".

(Лукашук: ) "Гэтыя рэшткі – абгарэлая цагліна, што ляжыць цяпер напамінкам на стале у адным з кабінэтаў Кангрэсу ЗША. З кім Вы сустракаліся пад час паездкі, якое ўражаньне пакінулі гэтыя сустрэчы?"

(Гэйдэнсан: ) "У Беларусі мы пераважна сустракаліся з апазыцыяй, бо ў краіне няма законнага парлямэнту. Усё гэта вельмі сумна. Тут пракацілася хваля Другой Усясьветнай вайны. Пасьля грамадзянскай вайны сюды прыйшлі расейцы. Пад час Другой Усясьветнай вайны прыйшлі немцы і забілі шмат людзей, габрэяў і негабрэяў. Затым расейцы наступалі на немцаў, і вайна прайшла тут другі раз. Усё было цалкам зруйнавана, немцы спалілі вёскі дашчэнту. Гэта неверагодныя людзі, яны пакутвалі так шмат, і праявілі такую мужнасьць. А цяпер яны пакутуюць ад Лукашэнкі, які спрабуе стаць новым Сталіным у гэтай частцы сьвету. Гэта ведьмі сумная сытуацыя".

(Лукашук: ) "Сп. Гэйдэнсан, летась, на Дзень правоў чалавека Вы выступілі з прапановай вылучыць кандыдатуру сэнатара Джорджа Мітчэла, пасярэдніка ў мірным працэсе ў Паўночнай Ірляндыі, на Нобэлеўскую прэмію міру. Вы асабліва адзначылі такі рэдкі для палітыка талент сэнатара, як ягоная цярплівасьць: "Ён умеў чакаць – дзень за днём, тыдзень за тыднем, год за годам". Дайце, калі ласка, Вашае вызначэньне палітычнай цярплівасьці – увогуле і ў дачыненьні да Беларусі".

(Гэйдэнсан: ) "Я скажу так: я буду настойліва дамагацца, каб беларускі народ жыў у дэмакратыі. Ідзе барацьба, і ў мяне хопіць цярплівасьці і сілаў настолькі, наколькі трэба для пабудовы дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Расчараваньне палягае ў тым, што сп. Лукашэнка праігнараваў усе намаганьні ў справе ўсталяваньня сапраўднага дыялёгу і правядзеньня спраўдных выбараў. Пра гэта сьведчаць і нядаўнія арышты журналістаў, арышты праціўнікаў рэжыму".

(Лукашук: ) "Беларуска-расейскі саюз успрымаецца краінамі-суседкамі Беларусі насьцярожана і з трывогай. Як Вы ставіцеся да гэтага працэсу, і якія наступствы, на Вашую думку, ён можа мець для беларусаў?

(Гэйдэнсан: ) "Наступствы нядобрыя для беларускага народу. Беларусы хацелі мець незалежную дзяржаву, ў якой самі б мусілі апекавацца сваёй будучыняй, а не прывязваць яе да праблемаў Расеі. Ясна, што аднаўленьне імпэрыі савецкага тыпу ня ў іхных інтарэсах. Што тычыцца мараў сп. Лукашэнкі стаць прэзыдэнтам адноўленага Савецкага Саюзу пад якой-небудзь іншай назвай – я ня думаю, што гэта здарыцца. Гэта супярэчыць волі літаральна кожнага беларуса, зь якім я сустракаўся".

(Лукашук: ) "Сп. Гэйдэнсан, за апошнія месяцы Вы тройчы выступалі ў справах Расеі. Мінулай восеньню Вы станоўча ацанілі трансфармацыю гэтай краіны і дасягнгеньні у справе дэмакратыі, у тым ліку – свабоды прэсы. У лютым сёлета, аднак, Вы ў тым ліку ініцыявалі калектыўны ліст кангрэсмэнаў Пуціну з пратэстам супраць перасьледу карэспандэнта Свабоды Андрэя Бабіцкага. У канцы сакавіка, з нагоды абраньня Пуціна прэзыдэнтам, вы зрабілі заяву, вытрыманую ў вельмі асьцярожных танах, у якой папярэдзілі, што рэформы ня могуць ажыцьцяўляцца без захаваньня правоў чалавека. Вы зьмяняеце сваю пазыцыю што да Расаеі?"

(Гэйдэнсан: ) "Я думаю, відавочна, што Расея прайшля шлях ад таталітарнай дяржавы, дзе не было свабоды слова, свабоды сходаў да дзяржавы, дзе пачаўся працэс ператварэньняў. Розьніца паміж Беларусьсю і Расеяй у тым, што Беларусь рухаецца ў памылковым накірунку. А Расея рухаецца ў правільным накірунку, але часам аступаецца. У Расеі шмат праблемаў – і яе вайна ў Чачні, і абыходжаньне з прэсай, але з пункту гледжаньня накірунку руху Расея ў нашмат больш пазытыўнай сытуацыі, чым Беларусь. Я маю спадзяваньні на Расею, думаю, што як і ў любой краіне, дзе адбываецца перамена палітычнага рэжыму, яна не праходзіць цалкам гладка. Але расейцы хаця б рухаюцца далей ад сталінізму. Сп. Лукашэнка, выглядае, рухаецца да сталінізму".

(Лукашук: ) "Вы ані словам ня згадваеце вайну ў Чачні ў апошняй сваёй заяве…"

(Гэйдэнсан: ) "Мы ўздымаем пастаянна гэтае пытаньне, працуем, будзем працягваць працаваць з амэрыканскім Чырвоным крыжам, з уцекачамі. Усе гэтыя пытаньні сур'ёзныя. Але мусіць таксама быць балянс – няможна ў кожнай заяве ўздымаць усе праблемы".

(Лукашук: ) "Сп. Гэйдэнсан, я паглядзеў Вашую старонку ў Інтэрнэце Кангрэсу – заўважыў, што летась, напрыклад, Вы выступалі на тэмы міжнароднай палітыкі 23 разы, а за тры месяцы сёлета – ужо зрабілі 20 такіх заяваў, выступаў, зваротаў. Чым растлумачыць такую зьмену Вашай актыўнасьці, Ці не азначае яна зьмяншэньня ўвагі да выбаршчыкаў у штаце Канэктытут, чые інтарэсы Вы прадстаўляеце ў Кангрэсе ўжо 20 гадоў?

(Гэйдэнсан: ) "Кангрэс працуе такім чынам, што ў мяне два штаты памочнікаў – адзін займаецца міжнароднымі справамі, другі – з праблемамі у маёй выбарчай акрузе. Магу Вас запэўніць, што мы зусім ня зьнізілі нашую актыўнасьць ў акрузе. Проста ў першы год, калі я пачаў працаваць ў камітэце замежных справаў у якасьці лідэра ад дэмакратаў, спатрэбіўся час, каб набраць штат, каб набраць хуткасьць. Цяпер у нас поўны штат, мы напружана працуем, і я спадзяюся пасьля выбараў стаць старшынём гэтага камітэту. Вы тады пабачыце яшчэ больш актыўнасьці ў гэтай сфэры – без зьмяншэньня актыўнасьці ў выбарчай акрузе".

Пад час нашай гутаркі Сэм Гэйдэнсан час ад часу паглядаў на экран манітора, дзе вялася простая трасляцыя з залы пасяджэньня Палаты Прадстаўнікоў. На табло загараўся час – да галасаваньня заставаліся лічаныя хвіліны, кангрэсмэны звычайна дабіраюцца да сваіх месцаў праз падземны пераход, дзе ходзяць невялікія вагончыкі. Перад разьвітаньнем я папрасіў Сэма Гэйдансана ўявіць, што перад ім не журналіст з Беларускай Службы Радыё Свабода, а ягоны выбаршчык, які, як і некалі Сэм, жыве на сваёй ферме, цяжка парцуе, лічыць грошы. І вось ягоны кангрэсмэн мусіць патлумачыць, чаму столькі ўвагі ён аддае далёкай Беларусі.

(Гэйдэнсан: ) "Па-першае, у мяне глыбокае пачуцьцё ўдзячнасьці дзьвюм сем'ям у Парф'янава, якія ўратавалі бацьку. Для іх гэта было вельмі цяжкае рашэньне. Калі б іх схапілі нацысты, гэтыя сем'і, а, магчыма, і цэлая вёска загінулі б. Вяскоўцы ведалі, што гэтыя сем'і хавалі майго бацку і ягонага брата. Яны моцна рызыкавалі. Я лічу, што маю абавязак удзячнасьці перад гэтымі надзвычай мужнымі людзьмі, якія так шмат пакутвалі, а цяпер яны ў эканамічнай небясьпецы, іхныя пэнсіі ўпалі на 90%, яны страчваюць палітычную свабоду, якую нядаўна толькі пачалі атрымліваць. Я працягну гэтыя свае намаганьні як частку свайго абвязку – асабліва перад гэтымі дзвюма сем'ямі".

У будынку Кангрэсу ЗША на Капіталійскім узгорку з Сэмам Гэйдэнсанам гутарыў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG