Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 красавіка 2000 г.


Віталь Тарас

Як мы паведамлялі, учорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі ў Менску ўтрымліваў шэраг ваяўнічых выказаваньняў – у тым ліку, наконт неабходнасьці стварэньня ў Беларусі магутнай вайсковай групоўкі, якая б процістаяла моцы Захаду. Між тым, замежныя камэнтатары акцэнтуюць увагу на тым, што Расея, на саюз зь якой разьлічвае Лукашэнка, ня ўстане на роўных супернічаць із Захадам у ваенных адносінах.

У гэтай сувязі амэрыканская "Washington Post" і брытанская "Financial Times" акцэнтуюць увагу на ратыфікацыі Дамовы аб скарачэньні стратэгічных наступальных узбраеньняў, якая мае адбыцца напрыканцы гэтага тыдня ў Думе.

У выпадку ратыфікацыі дамовы будзе рэзка скарочаная колькасьць адзінак ядзернай зброі далёкага радыюсу дзеяньня. Як піша "Washington Post", верагоднасьць станоўчага галасаваньня вялікая, нягледзячы на заявы з боку дэпутатаў Камуністычнае партыі і яе саюзьнікаў з Аграрнае партыі, што яны будуць галасаваць супраць.

Станоўчае рашэньне прывядзе да росту папулярнасьці Владзіміра Пуціна напярэдадні ягонай інаўгурацыі 7 травеня. Акрамя таго, ратыфікацыя дамовы паспрыяе візыту міністра замежных справаў Расеі Ігара Іванова ў ЗША, які заплянаваны на 24 красавіка.
Ратыфікацыя дамовы, піша "Washington Post", стане таксама праверкай дзеяздольнасцьі ніжняй палаты парлямэнту, у якім камуністы ўжо ня маюць пераважнай большасьці. Дума папярэдніх скліканьняў магла заблякаваць падобныя крокі. Аднак, зараз зьявілася новая большасьць, якую Пуцін, на думку камэнтатараў, мае намер скарыстаць для правядзеньня законапраектаў, якія доўгі час адкладаліся.

Адпаведна Дамове СТАРТ-2, ЗША й Расея скарацілі колькасць ядзерных боегаловак да 3000-3500. Гэта палова ліміту, усталяванага дамовай СТАРТ-1 1991 году. Ратыфікацыя новай дамовы дасьць магчымасць пачаць перамовы адносна далейшага скарачэньня боегаловак – да 2-х тысячаў і меней.

Расейкі ядзерны патэнцыял увесь час зьніжаецца з прычыны кепскага тэхнічнага стану й старэньня падводных лодак, самалётаў і ядзерных ракетаў. Паводле некаторых ацэнак, калі такая тэндэнцыя захаваецца, дык праз сем гадоў у Расеі застанецца менш за 1000 боегаловак.

Аднак існуюць супярэчнасьці паміж Масквой і Вашынгтонам у сувязі з намерам ЗША ўнесьці зьмены ў дамову аб проціракетнай абароне (ПРА) 1972-году. Сёлета Біл Клінтан павінен вырашыць, ці ўносіць зьмены ў гэтую дамову. Расея выступае супраць ягонага перагляду. "Washington Post" прыводзіць словы Ігара Іванова, які заявіў, што скасаваньне дамовы 72-га году "будзе каштаваць сьвету новай канфрантацыі".

Цяперашняя спроба ратыфікацыі дамовы СТАРТ- 2 – ужо трэцяя за апошнія гады. Двойчы ратыфікацыя адкладалася – спачатку, у сувязі з тым, што ЗША нанесьлі ўдар па Іраку, а затым з-за падзеяў у Югаславіі. Сэнат ЗША ўжо ўхваліў згаданую дамову ў 96-м годзе.

Лёнданская "Financial Times" прыводзіць меркаваньне сябра Нацыянальнага камітэту бясьпекі ЗША сп. Кроўлі, які заявіў што, ратыіфкацыя адпавядае нацыянальным інтарэсам як ЗША, гэтак і Расеі. У Расеі няма грошай на новую гонку ўзбраеньняў. Тэры Тэйлар зь Лёнданскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў лічыць, што расейцам вельмі цяжка падтрымліваць нават той узровень узбраеньняў, пра які гаворыцца ў Дамове СТАРТ-2.

"Washington Post" спасылаецца на прагноз лідэра "Яблока" Грыгорыя Яўлінскага, які ўпэўнены, што дамова будзе ратыфікаваная ў пятніцу. У аўторак яе ўхваліў думскі камітэт у замежных справах. Дамова будзе ўхваленая, калі за яе прагаласуюць 226 дэпутатаў. Камуністы разам з аграрнікаміі маюць 111 галасоў.

Як падкрэсьлівае амэрыканская газэта, галасаваньне ў Думе супала з пачаткам надзвычайнай дыпляматычнай актыўнасьці Пуціна, які плянуе ў гэтым месяцы наведаць Лёндан з кароткім візытам, правесьці сустрэчу ў Санкт-Пецярбурзе з прэм'ер-міністрам Японіі Ёшыўра Моры, а таксама наведаць Украіну й Беларусь.

Да гэтага варта дадаць, што сустрэча Пуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску адбудзецца напрыканцы гэтага тыдня, адразу пасьля ваяўнічага выступу Лукашэнкі, які чарговы раз заклікаў стварыць у Беларусі магутную вайсковую групоўку, якая магла б, на ягоную думку, процістаяць моцы Захаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG