Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У Новалукомлі забароненая выстава вядомага жывапісца Алеся Пушкіна.

Экспазыцыя, якую падрыхтаваў Алесь Пушкін для новалукомскіх аматараў мастацтва, уключае 30 жывапісных ды графічных аркушаў. Маючы добры досьвед стасункаў зь местачковымі гледачамі, мастак ўлічыў тую акалічнасьць, што зазвычай гэтая публіка не ўспрымае творы авангардысцкага, экспэрымэнтатарскага кшталту. У чым якраз гэты мастак і мае рэпутацыю неўтаймоўнага наватара.

Але ў Новалукомль ён прапанаваў самыя што ні на ёсьць традыцыйныя ўзоры клясычнага жывапісу. А што мастак цудоўна валодае і гэтаю манэраю, сьведчаць ягоныя росьпісы некалькіх храмаў у Беларусі, а таксама прапанова з Амэрыкі расьпісаць адную з цэркваў тамтэйшае беларускае парафіі.

Тыдзень таму выстава Алеся Пушкіна адчынілася ў Новалукомскай дзіцячай бібліятэцы. Згодна з папярэдняй дамоўленасьцю зь ейнымі супрацоўнікамі, экспазыцыя мусіла доўжыцца месяц. Аднак учора стала вядома, што выстава зачыненая і мастаку прапанавана ў тэрміновым парадку забраць свае працы.

У чым прычына такое раптоўнае перамены намераў новалукомцаў? Каб высьветліць сытуацыю, мы патэлефанавалі ў дзіцячую бібліятэку і вось што пачулі ў адказ на свае пытаньні ад супрацоўніцы, якая адмовілася назвацца.

(Супрацоўніца: ) "Яна не адпавядае профілю, нідзе яшчэ не выстаўлялася. Я асабіста гаварыла з Алесем Пушкіным, ён кажа, трэба каб вы паглядзелі карціны. Сапраўды, калі ідзе тыдзень дзіцячай кнігі, а тут вісяць такія карціны, вельмі змрочныя. І ўсё. Мы зьнялі яе, а ён ніяк не забярэ".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, а хто сказаў, што выстава не адпавядае заяўленаму зьместу?"

(Супрацоўніца: ) "Загадчык аддзелу культуры. Нам даслалі ліст. Аказваецца, каб выставіць ва ўстановах культуры, трэба дазвол, бо ці мала хто што будзе выстаўляць. У яе не спыталі, і ўсё".

(Карэспандэнт: ) "А як завуць гэтую загадчыцу?"

(Супрацоўніца: ) "Слухайце, вам добра, вы на Радыё Свабода. Мы – тут, у Нoвалукомлі, і падпарадкоўваемся гэтай загадчыцы аддзелу культуры. Так што калі вам трэба, вы і высьвятляйце, а нам яшчэ тут працаваць".

Эмоцыі гэтае спадарыні цалкам зразумелыя. Непадпарадкаваньне начальству можа каштаваць ёй мейсца працы, а новае ў маленькім мястэчку ня так проста знайсьці. Чым напоўніцу карыстаецца мяйсцовае чынавенства, адлучаючы жыхароў падначаленых ім рэгіёнаў ад усялякіх кантактаў з апазыцыяй. Нават калі гэтыя кантакты адбываюцца праз творы клясычнага жывапісу, калі яны намаляваныя рукамі апазыцыйнага ўладзе мастака.

Як нам стала вядома, менавіта асоба Алеся Пушкіна выклікала пярэпалах раённага ды абласнога начальства, і яно распарадзілася неадкладна спыніць бяскрыўдную выставу, каб, крый Божа, не ўчыніў ён там якое-небудзь акцыі, кшталту мастацкага выкідваньня вазку гною на ганку адміністрацыі прэзыдэнта ў Менску летась 21 ліпеня. За што, дарэчы, з мастака яшчэ не зьнятае крымінальнае спагнаньне.

Аргумант, які ў лёсе новалукомскае экспазыцыі Алеся Пушкіна пераважыў усе эстэтычныя крытэры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG