Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 красавіка 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

У мінулыя выхадныя адразу ў трох эўрапейскіх краінах прайшлі выбары. Грузія абірала прэзыдэнта, Грэцыя – парлямэнтарыяў, а насельніцтва Босьніі-Гэрцагавіны – мясцовую муніцыпальную ўладу.

Паводле кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Грузіі, падлік галасоў у краіне наўрад ці будзе закончаны ў гэтым тыдні, але ўжо сёньня можна сказаць, што Эдуард Шаварнадзе пераабраны на другі прэзыдэнцкі тэрмін. Заміж чаканых ім 81% ён, паводле папярэдніх падлікаў, набраў 82.5% галасоў. На другім месцы з 17% – былы камуністычны лідэр краіны – Джумбэр Паціашвілі. Іншыя чатыры кандыдаты набралі нязначную колькасьць галасоў. Заўважу, што перамога Шаварнадзе была на шмат больш пераканаўчай, чым гэта выглядала з папярэдніх апытаньняў, паводле якіх кандыдат меў падтрымку у прыблізна 50% электарату.

Ня гледзячы на тое, што Паціашвілі афіцыйна прызнаў паразу, ён усё ж адзначыў (цытую): "У часе галасаваньня былі шматлікія парушэньні выбарчага заканадаўства, а ў такіх умовах перамагчы немагчыма". (Канец цытаты).

На цьверджаньні лідэраў апазыцыі, што ў выбарчыя вурны былі падкладзеныя шматлікія бюлетэні за Шаварнадзе, афіцыйныя асобы цэнтарвыбаркаму адказваюць, што яны выключаюць якія б там ні было магчымасьці фальсыфікацыі.

Як паведамляецца, у месьце Мартвілі з выбарчага ўчастку быў выгнаны назіральнік ад Арганізацыі Бясьпекі і Супрацоўніцтва ў Эўропе Ганс Гутбад, які, паводле кіраўніка мясцовай выбарчай камісыі Канстантына Коція, перавысіў свае паўнамоцтвы, калі паспрабаваў перагледзіць дакумэнты ў офісе выбарчай камісыі і пры дапамозе ліхтара зазірнуць у выбарчыя вурны.

Паказальна, што ў часе выбарчай кампаніі Шаварнадзе не падаваў ніякіх новых ініыцятываў, пры тым, што ягоны ўрад так і ня здолеў павесьці барацьбу з шырака распаўсюджаным хабарніцтвам, якое душыць эканамічнае разьвіцьцё краіны.

Тыя, хто галасавалі супраць Шэварнадзе, асноўнымі крытэрыямі свайго выбару зрабілі беспрацоўе і нізкі ўзровень эканомікі, пры якім рабочыя і пэнсыянэры ня маюць дастатковага заробку, а некалі багаты сельскагаспадарчы сэктар краіны літаральна развальваецца…

У Грэцыі, дзе (нагадаю) прайшлі парляманцкія выбары, пра сваю перамогу абвесьціў Агульнагрэцкі сацыялістычны рух, які ўзначальвае прэм'ер-міністар краіны Костас Сіміціс.

Паводле ж афіцыйных дадзеных, на падставах 70% падлічаных бюлетэняў, за сацыялістых прагаласавалі 43.58% выбаршчыкаў, а за апазыцыйную партыю "Новая дэмакратыя" пад кіраўніцтвам Костаса Караманаліса – 43.11%

Урадавыя экспэрты Грэцыі мяркуюць, што сацыялістыя атрымаюць 156 дэпутацкіх мейсцаў з 300. Гэта на 4 месцы менш, чым у папярэднім парляманце, дзе сацыялістаў аказвалі 160 дэпутатаў, а кансэрватараў – 103…

Сыботнія муніцыпальныя выбары ў Босьніі-Гэрцагавіне былі другімі выбарамі гэткага кшталту пасьля вайны 92-95 гадоў.

Ня гледзячы на заклікі міжнароднага супольніцтва не галасаваць за прадстаўнікоў нацыяналістычных партыяў, у бальшыні раёнаў краіны пераважылі нацыяналістычныя тэндэнцыі. Гэткім чынам, згаданыя заклікі былі пачутыя хіба толькі ў сталіцы — Сараеве, а таксама ў местах Тузла, Горадз, і Біхач – дзе сярод насельніцтва колькасную перавагу складаюць мусульманы. Там перамогу, як выглядае, атрымалі апазыцыйныя сацыял-дэмакраты. У раёнах басьнійскіх харватаў удзел у выбарах быў асабліва нізкім і там лепшых вынікаў дамогся харвацкі дэмакратычны саюз.

Муніцыпальныя выбары ў Босьніі-Гэрцагавіне лічацца важным індыкатарам настрояў выбаршчыкаў напярэдадні прызначаных на сёлетні кастрычнік парляманцкіх выбараў у гэтай бальканскай краіне.

Паводле заходніх афіцыйных асобаў, цяперашні посьпех сацыял-дэмакратаў у мусульманскіх рэгіёнах Босьніі-Гэрцагавіны стварае імпульс для будучых выбараў. "Гэта, - сказаў лідэр сацыял-дэмакратаў Златка Лагумдзіджа, - самая вялікая палітычная зьмена ад часу Дэйтанскіх пагадненьняў", што ў 95 годзе абвесьцілі канец сэрбска-мусульманскай вайны, якая цягнулася 3 1/2 гады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG