Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 красавіка 2000 г.


Алесь Мікалайчанка, Старыя Дарогі

Учора ў мястэчку Старыя Дарогі на сядзібе старшыні вядомага гістарычнага клюбу "Спадчына" й калекцыянэра Анатоля Белага пачалося ўзьвядзеньне новага будынку першага ў краіне прыватнага Музэю нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Фундатарамі будоўлі сталі прадстаўнікі беларускае дыяспары ў ЗША й беларусы, якія жывуць на Бацькаўшчыне.

Учора ў Старых Дарогах пачалі ўзводзіць будынак, у якім разьмесьціцца новая экспазыцыя Музэю нацыянальнага выяўленчага мастацтва. Прараб і сааўтар праекту – Рыгор Станкевіч. Першыя інтэрвію далі дабрахвотныя памочнікі спадара Станкевіча зь ліку мясцовых жыхароў.

(Яновіч Леанід: ) "Я працую інжынэрам прамысловай энэргетыкі… Мы й раней бралі ўдзел у будаўніцтве музэя. Дапамагалі ўсім, чым маглі. І зараз будзем браць удзел…"

(Песенка Пятро: ) "…Я вайсковы пэнсіянэр… Лічу, што любое пачынаньне, якое дае нешта пра гісторыю Бацькаўшчыны, нават па крупіцах сабіраўшы – гэта дае вялікі сэнс нашаму наступнаму пакаленьню. Няма сваіх каранёў – няма нацыі".

Гэта былі прадстаўнікі будаўнічае брыгады старадарожцы Леанід Яновіч і Пятро Песенка.

Спадар Станкевіч зазначыў, што новы будынак будзе аднолькавай канструкцыі з тым, які ўжо дзейнічае тут са сьнежня мінулага году: двухярусны, з такой жа экспазыцыйнай плошчаю.

Чаму ж пасьля нядаўняга адкрыцьця музэю паўстала вострая неабходнасьць у новым будынку? Вось як патлумачыў гэтую акалічнасьць Анатоль Белы:

"Калі мы зрабілі першую чаргу, аказалася, што не хапае экспазыцыйнае плошчы, і многія творы, даволі цікавыя, застаюцца па-за экспазыцыяй… Я хачу зрабіць асобную залю, якая будзе прысьвечана аўтапартрэтам. У Італіі, напрыклад, існуе цэлы музэй партрэтаў і аўтапартрэтаў мастакоў сьвету. Нічога падобнага ані ў Расеі, ані ў Беларусі няма…"

Акрамя аўтапартрэтаў мастакоў Ціхановічаў, Шчамялёва, Пятрухны, Марачкіна, Шатэрніка, Цыркунова ды іншых майстроў пэндзля й алоўка, у запасьніках Анатоля Белага яшчэ некалькі сотняў карцінаў розных жанраў. Сярод аўтараў пераважаюць сябры вядомае суполкі "Пагоня", што найбольш поўна адлюстроўваюць у сваіх працах незфальшаваную, як сказаў Анатоль Белы, гісторыю Беларусі.

Ну, а сродкі на будаўніцтва другой чаргі музэю ахвяравалі й беларусы, якія жывуць на Бацькаўшчыне, і эмігранты са Злучаных Штатаў. Самы значны ўзьнёсак, паводле словаў Анатоля Белага, зрабіў 85-гадовы паэт і мэдык, чыім імём пры жыцьці названы адзін са шпіталяў Злучаных Штатаў – Анатоль Бярозка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG