Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 красавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

У дзень стогадовага юбілею выдатнага навукоўца й вялікага патрыёта сваёй радзімы акадэміка Гаўрылы Гарэцкага, у Менску ў Нацыянальнай Акадэміі навук распачалася міжнародная навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная жыцьцю й дзейнасьці гэтага надзвычайнага чалавека.

З казачнымі асілкамі параўноваў сёньня Гаўрылу Гарэцкага ня толькі народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.

"Гаўрыла Гарэцкі быў вялікі беларускі патрыёт. За гэта ён шмат цярпеў, але неспрыяльныя ўмовы жыцьця здолеў скарыстаць дзеля сваіх прафэсійных інтарэсаў. Гаўрыла Гарэцкі ёсьць зьявай міжнароднаю, якая мае глябальнае значэньне і ў нашыя дні. Дзякуй вам за беражлівыя адносіны да нашага настаўніка", – так сказаў пра юбіляра прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Альгірдас Гайгалас.

А ягоны ўкраінскі калега дырэктар акадэмічнага Інстытуту геалягічных навук Пётра Гожык, прыгадваючы сустрэчы з Гаўрылам Гарэцкім на міжнародных навуковых імпрэзах, сказаў, што ішоў на іх са сваімі думкамі, а выходзіў – з думкамі акадэміка Гарэцкага.

Ганаровы прэзыдэнт Нацыянальнае акадэміі навук Беларусі Мікалай Барысевіч прыгадаў узрушэньне, якое ён перажыў ад першае сустрэчы з Гарэцкім. Гэта было ў самы першы яго прыезд на радзіму пасьля рэпрэсіяў і 40-гадовага выгнаньня. "Праз 40 гадоў небыцьця на радзіме ён гаварыў са мною на цудоўнай беларускай мове. Тое, што ён яе не забыўся за столькі часу, сьведчыць пра надзвычай магутны патэнцыял гэтага чалавека", – сказаў па-расейску былы сапраўдны, а цяпер ганаровы прэзыдэнт Нацыянальнае Акадэміі навук. І прапанаваў ушанаваць памяць Гаўрылы Гарэцкага наданьнем ягонага імя створанаму ім унікальнаму музэю – музэю валуноў.

На 88 гадоў зямнога жыцьця акадэміка Гарэцкага выпала пяць арыштаў ворганамі НКУС і два сьмяротныя прысуды, ад выкананьня якіх выратавала нязломнасьць духу рэпрэсаванага. Адзін прыклад. З 86 арыштаваных у 1930-м у справе гэтак званага "Саюзу вызваленьня Беларусі" толькі Гаўрыла Гарэцкі не прызнаў сябе вінаватым, і сьмяротны прысуд быў заменены на 10 гадоў канцлягераў.

(Брыль: ) "Калі дакранаесься думкамі, пачуцьцямі да гэтай выдатнай сям'і, да гэтага роду, беларускага, знатнага, пра Беларусь, пра наш народ, пра нашую мілую радзіму думаецца так: яна жыла, яна жыве, яна будзе жыць".

З гэтаю высноваю ганаровага акадэміка й народнага пісьменьніка Беларусі Янкі Брыля нельга не пагадзіцца. Тым больш, што узрастаюць такія волаты духу ў простых беларускіх сем'ях. Адкуль жа бярэцца гэтая інтэлектуальная і грамадзянская моц? На думку малодшага сына Гаўрылы Гарэцкага, таксама геоляга й таксама акадэміка й нацыянальнага інтэлігента Радзіма Гарэцкага, яе вытокі – у глыбокай народнай культуры, якую чэрпаў род Гарэцкіх найперш ад маці.

"Крышталёвая паэзія беларускіх казак і фальклёру – вось яна і ўзгадавала і Максіма, і Гаўрылу. І вось адсюль усё гэта ідзе. Не абавязкова сканчаць і тры ўнівэрсытэты. Максім Гарэцкі наогул не канчаў унівэрсітэтаў ніякіх, і, тым ня менш, стаў клясыкам беларускай літаратуры. Так што гэта ўсё ад народа, ад родных карэньняў", – сказаў акадэмік, прэзыдэнт Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" Радзім Гарэцкі.

Канфэрэнцыя, прысьвечаная 100-годзьдзю з дня нараджэньня аднаго з заснавальнікаў Нацыянальнае Акадэміі навук Беларусі, заслужанага дзяяча навукі Рэспублікі, ляўрэата Дзяржаўных прэміяў, акадэміка, доктара геоляга-мінэралягічных навук Гаўрылы Гарэцкага працягне сваю працу ў Менску 11 й 12 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG