Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

25 лістапада летась ля берагоў штату Флярыда у часе шторму пайшоў на дно човен з 12 кубінскімі нелегальнымі эмігрантамі. Берагавая ахова ЗША пасьпела падабраць на месцы здарэньня трох пасажыраў – двух дарослых і аднаго малога – шасьцігадовага Эліяна Гансалеса, які зачапіўся за выратавальнае кола. Сярод загіблых былі маці і айчым хлопчыка. Пасьля выратаваньня Эліяна перадалі ягоным крэўным, якія жывуць у Маямі. Нягледзячы на пратэсты Кубы і патрабаваньні эміграцыйных уладаў Злучаных Штатаў, радня Эліяна адмаўляецца вярнуць хлопчыка на Радзіму.

Учора на прыватным самалёце, за які заплаціла Таварыства Цэркваў ЗША, што спрабуе выконваць пасярэдніцкую ролю ў гэтым эмацыйным канфлікце, з Гаваны у Вашынгтон разам са сваёй новай жонкай і маленькім сынам прыляцеў бацька Эліяна Гансалеса – Хуан Мігель Гансалес. Ад пачатку Гавана дамагалася, каб сям'ю Гансалесаў суправаджалі 28 асобаў аховы, але гэтае патрабаваньне было скасаванае пасьля таго, як урад Злучаных Штатаў загарантаваў іхную бясьпеку.

Адразу пасьля прылёту ў ЗША, у часе размовы з журналістамі на лётнішчы Хуан Мігель Гансалес зачытаў заяву ў якой сказана (цытую):

"Мне было прыкра бачыць майго сына, які трапіў пад жорсткі псыхалягічны ціск, ужыты з мэтай уплыву на ягоную індывідуальнасьць, і без таго паслабленую жахлівай траўмай. Але яшчэ горш тое, што сродкі масавай інфармацыі паказвалі Эліяна зь відавочным намерам скарыстаць ягоную трагедыю ў палітычных мэтах". (канец цытаты).

Прадстаўнік генэральнага пракурора ЗША Эрык Голдэр у сваю чаргу заявіў: "Я мяркую, што пытаньне ўзьяднаньня Эліяна са сваім бацькам – ёсьць ня толькі пытаньнем фэдэральнага заканадаўства. Гэта – не пытаньне закону пра эміграцыю. Гэта проста слушная рэч. Бацька і сын мусяць быць разам, і мы зробім усё, што можам, каб так і было".

Афіцыйныя асобы міністэрства юстыцыі і іміграцыі, а таксама прадстаўнікі службы натуралізацыі вялі перамовы з адвакатамі радні Эліяна ў Маямі, каб прымусіць іх атдаць хлопчыка бацьку без эксцэсаў. Але крэўныя хлопчыка на чале зь дзядзькам Лазара Гансалесам адмаўляюцца гэта зрабіць і цьвердзяць, што Эліян ведае пра прыезд бацькі, але ў той самы час ён ведае і тое, што ягоная маці загінула, калі спрабавала даць яму свабоду далёка ад рэжыму Фідэля Кастра. Цяпер адвакаты Эліяна запатрабавалі, каб хлопчыка асьведчыла незалежная псыхалягічная экспэртыза.

Сам Эліян учора на непрацяглы час выходзіў у сад ля невяікай хаты Лазара Гансалеса, і група кубінскіх выгнаньнікаў, якая за 50 мэтраў ад жытла ўзьвяла барыкады абароны, вітала яго.

Тым часама Хуан Гансалес і ягоная сям'я пасяліліся ва ўтульным будынку кубінскага дыплямата ў Вашынгтоне, які часова пакінуў гэтае жытло, чым, між іншага, хацеў запярэчыць цьверджаньням, што Гавана кіруе бацькам Эліяна.

Улады ЗША зьбіраюцца пазбавіць хлопчыка фармальнага права быць на тэрыторыі Злучаных Штатаў і забраць яго ў крэўных. Аднак тыя заклікалі сёньня да масавых акцыяў грамадзянскага непадпарадкаваньня. Яны зьбіраюцца жывым ланцугом блякаваць хату Лазара Гансалеса, сарваць працу аэрапорту ў Маямі і правесьці дэманстрацыі пратэсту па ўсім месьце. Два мэры рэгіёну Маямі ўзялі бок кубінскай абшчыны і заявілі, што паліцыя ня будзе спрыяць фэдэральным уладам у гэтым пытаньні.

Да пададзенай інфармацыі варта дадаць, што падобны выпадак ужо быў у гісторыі Злучаных Штатаў. Ягоны герой, Уолтар Палаўчак, які, дарэчы, прыехаў у Маямі, каб падтрымаць шасьцігадовага Эліяна, дваццаць гадоў таму адмовіўся вяртацца разам з бацькамі на Ўкраіну. Тады яму было 12 гадоў, і ўсе яго называлі "маленькім невяртанцам". Барацьба, якую вялі бацькі Палаўчука за вяртаньне сына, скончылася толькі тады, калі ён, 18-гадовы юнак, папрасіў і атрымаў грамадзянства Злучаных Штатаў. Цяпер ён мэнэджэр у Чыкага, жанаты і мае шасьцігадовага сына. "На мяне глядзелі як на здрадніка, а мой бацька, як і бацька Эліяна, быў пад вялікім ціскам уладаў і таму дамагаўся майго вяртаньня", – сказаў Уолтар Палаўчак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG