Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 красавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Драматычна складваецца лёс былых "камароўскіх" прадпрымальнікаў, якім улады Менску з 4 красавіка забаранілі гандляваць на цэнтральным кірмашу горада.

Шэсьць соцень гандляроў Менску сталічнымі ўладамі пазбаўленыя працы на "Камароўскім рынку". Вось што паведаміла нашаму радыё пра іх сёньняшняе становішча адная зь лідэраў прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" Мая Сінайская:

"Палова прадпрымальнікаў, што былі выкінутыя з "Камароўскага рынку", фактычна засталіся бязь месцаў. Застаўся тавар, які яны ня могуць зараз рэалізаваць, засталіся без патрэбы склады, транспартныя сродкі. Відавочна, разам з прадпрымальнікамі застаўся бяз працы й шматлікі кантынгэнт прадстаўнікоў наёмнае працы, які дапамагаў ім у гандлёвым бізнэсе. Ні на адным міні-кірмашы ў сьпісах мы не знаходзім людзей з "Камароўкі", якія б патрапілі на гэтыя міні-кірмашы", – зазначыла Мая Сінайская.

Другую палову былых "камароўскіх" гандляроў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт накіраваў на кірмаш трактарнага заводу. Здавалася б, гэтай частцы прадпрымальнікаў пашэнціла. У сапраўднасьці, аднак, іхнае цяперашняе становішча ня лепшае. Трактаразаводзкі кірмаш не ўладкаваны й малалюдны. Апроч таго, ягоная адміністрацыя разьмяціла "перасяленцаў" з "Камароўкі" ў найгоршым месцы – удалечыні ад гарадзкіх вуліцаў.

Сёньня прафсаюзныя кіраўнікі азнаёміліся з умовамі працы "перасяленцаў" і прыйшлі да высновы, што "выжыць" тут ім наўрад ці ўдасца. На "Камароўцы" гандляры штодзённа рэалізоўвалі свой тавар дзясяткам тысячаў жыхароў Менску. Зараз пакупніцкі попыт зьнізіўся ў сотні разоў. Таму сёньня, напрыклад, шмат хто з прадпрымальнікаў нават не адчыняў гандлёвыя кропкі.

Паколькі бізнэс іх імкліва чэзьне, былыя "камароўскія" гандляры занятыя цяпер самастойным пошукам працоўных месцаў на іншых кірмашох Менску. Вельмі спадзяюцца, што каму-небудзь пашанцуе. І ніхто ня верыць, што дапамога прыйдзе з боку ўладаў.

Дарэчы, частка гандляроў крытычна ацэньвае свае нядаўнія дзеяньні, зьвязаныя з барацьбою за "Камароўку". Яны лічаць гэтыя дзеяньні недастаткова актыўнымі, шмат у чым памылковымі. Менавіта памылкі й пасыўнасьць бальшыні, паводле такога аналізу, спрычыніліся да пройгрышу ўладам.

У прыватнасьці, Мая Сінайская прычыны прадпрымальніцкае паразы бачыць у наступным:

"Некаторыя прадпрымальнікі ня вытрымалі. Першыя прадпрымальнікі (пяцьдзясят чалавек) ня вытрымалі. Таму што чалавек жыве з надзеяй. І яны падалі заявы на тое, што пагаджаюцца працаваць на трактаразаводзкім кірмашы. І аплацілі арэнду. Натуральна, астатнія запанікавалі. Паверылі, як звычайна, чыноўнікам, якія шмат наабяцалі, але ў канчатковым выніку анічога не зрабілі", – лічыць Мая Сінайская.

Дарэчы, праз тыдзень на "Камароўцы" плянуецца яшчэ адная масавая "зачыстка" прадпрымальнікаў. Паводле абвешчанага пляну, Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт зьбіраецца зьліквідаваць там звыш тысячы прадпрымальніцкіх месцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG