Сёньня на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу вырашаецца пытаньне адносна магчымых санкцыяў супраць Расеі з нагоды парушэньняў правоў чалавека ў Чачні. Палітычны Камітэт Рады Эўропы падрыхтаваў рэзалюцыю, паводле якой санкцыі могуць быць адкладзеныя да пачатку чэрвеня. Расеі прапануецца да 31 траўня скончыць баявыя дзеяньні й распачаць мірныя перамовы. Як паведамляе сёньня газэта "Washington Post", міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў заявіў аб згодзе дапусьціць міжнародных назіральнікаў у Чачню, але пры ўмове, што яны ня будуць публічна гаварыць аб тым, што яны там убачаць. У лісьце на адрас Рады Эўропы, які датаваны аўторкам, Ігар Іваноў прапанаваў тром назіральнікам ад гэтай арганізацыі прыняць удзел сумесна з Расеяй у вывучэньні сытуацыі з правамі чалавека. Праваабарончыя ды іншыя дэмакратычныя арганізацыі на Захадзе выступаюць за выключэньне Расеі з парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Прэсавы сакратар Рады заявіў, што з дапамогай гэтага ліста Расея вырашыла пазьбегчы выключэньня. Ліст Іванова уяўляе сабой невялічкае адступленьне ад пазыцыі, згодна якой Масква ўвесь час настойвала, што Чачня ёсьць выключна ўнутранай справай Расеі. Аднак, у дакумэнце падкрэсьліваецца, што ўся атрыманая інфармацыя павінная заставацца цалкам канфідэнцыйнай і можа быць паведамленая толькі ўладам Расеі і краінаў Эўропы, якія прымуць удзел у назіраньні. Назіральнікі, паводле ўмоваў расейскага боку, ня змогуць рабіць публічныя заявы альбо паведамленьні для прэсы. Прэсавы сакратар МЗС Расеі адмовіўся камэнтаваць зьмест ліста, спаслаўшыся на тое, што дакумэнт мае дыпляматычны характар. У сераду Вярхоўны Камісар ААН у справе правоў чалавека Мэры Робінсан заявіла, што яна была ўражаныя тым, што ўбачыла і пачула цягам сваёй паездкі ў Чачню ад многіх людзей, якія сталіся ахвярамі альбо сьведкамі злачынстваў з боку расейкіх вайскоўцаў. Расея дазволіла наведаць так званыя фільтрацыйныя лягеры ў Чачні пакуль толькі супрацоўнікам Міжнароднага Чырвонага Крыжа. Расейкія ўлады па-ранейшаму абмяжоўваюць для назіральнікаў і журналістаў доступ у пацярпелыя ў часе вайны чачэнскія гарады, у тым ліку і ў сталіцу рэспублікі Грозны. Паведамленьні аб злачынствах з боку расейскіх вайскоўцаў паступалі галоўным чынам ад чачэнскіх уцекачоў, якія трапілі ў суседнюю Інгушэтыю. Карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі казаў, што яго зьбівалі ў лягеры Чарнакозава блізу Грознага. У паведамленьні міжнароднай праваабарончай арганізацыі "Human Rights Watch", якая базуецца ў Нью-Ёрку, прыводзяцца сьведчаньні таго, як расейкія войскі заблякавалі паселішча Тангі-Чу, пазбавілі тамтэйшых жыхароў ежы й вады, затрымлівалі й зьбівалі маладых мужчынаў, патрабуючы за іхнае вызваленьне выкуп. Менавіта ў гэтай вёсцы адбыўся вядомы трагічны эпізод. Расейскі палкоўнік згвалціў і забіў 18-гадовую дзяўчыну, пасьля чаго быў арыштаваны ўладамі. Пра гэты эпізод, а таксама пра расстрэл чачэнцамі 8-мі пермскіх амонаўцаў нагадвае сёньня газэта "Washington Post".
Між тым, сябра расейскай дэлегацыі, якая прымае ўдзел у сёньняшнім паседжаньні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Мікалай Фёдараў заявіў напярэдадні, што Расея можа выйсьці з гэтай арганізацыі, калі на Асамблеі будзе прынятае рашэньне пазбавіць дэлегацыю права голасу. У інтэрвію расейскаму тэлебачаньню Фёдараў заявіў, што шанцы жорсткіх санкцыяў супраць Расеі ў сувязі з вайной у Чачні складаюць 49 адсоткаў.
Санкцыі, аднак, могуць атрымаць чыста сымбалічны характар і могуць быць адкладзеныя да наступнай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі ў чэрвені – паведамляе агенцтва "France Press". Між тым, як стала вядома, заўтра ў Маскву прыедзе "тройка" Эўрапейскага Зьвязу, якая мае намер, у прыватнасьці, абмеркаваць сытуацыю ў Чачні з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным. У склад тройкі ўваходзяць міністар замежных справаў Партугаліі, якая сёлета старшынюе ў Эўрапейскім Зьвязе, Жаймэ Гама, Генэральны сакратар Рады Эўразьвязу Хаўер Салана і міністар замежных справаў Францыі, якая будзе старшыняваць у зьвязе ў наступным годзе, Юбер Ведрын, а таксама сябра эўракамісіі ў замежных справах Крыстафэр Патэн.