Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 красавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

У міжнародным адукацыйным цэнтры ў Менску скончыў сваю працу трохдзённы сэмінар на тэму атрыманьня статусу ўцекачоў. Арганізавала сэмінар управа Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Ці ёсьць Расея бясьпечнай краінаю? Для тысячаў жыхароў афра-азіяцкіх краінаў, якія спрабуюць знайсьці сабе прытулак у Беларусі, гэта зусім не рытарычнае пытаньне. Называючы Расею бясьпечнай краінаю, беларускія іміграцыйныя ўлады на гэтай падставе не прымаюць заявы на атрыманьне прытулку ад тых уцекачоў, якія патрапілі ў Беларусь праз усходнюю мяжу. Маўляў, вам трэба было падаваць заяву ў Расеі.

Такі падыход беларускіх уладаў – адно зь нешматлікіх спрэчных пытаньняў паміж Беларусьсю й прадстаўніцтвам у Менску Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў. Кіраўнік прадстаўніцтва брытанскі грамадзянін Багдан Няхайла, адказваючы на маё пытаньне, дае ацэнку беларускаму заканадаўству ў гэтай галіне…

(Няхайла: ) "Беларускі закон "Аб уцекачох", які быў прыняты ў 1995 годзе, прайшоў даволі вялікі шлях, каб адпавядаць міжнародным стандартам. У 1999 годзе ў закон былі ўнесеныя папраўкі, якія значна яго палепшылі. Аднак застаецца яшчэ некалькі сфэраў, у якіх заканадаўства дагэтуль далёкае ад міжнародных нормаў. У асаблівасьці, мы заклапочаныя тым, што ўцякач мае толькі 24 гадзіны на тое, каб зьвярнуцца з просьбаю аб прытулку да беларускіх уладаў. Але часта гэта вельмі складана зрабіць у такі кароткі час, для людзей, якія ў новай краіне й ня ведаюць мовы. Відавочна, што гэты тэрмін мусіць быць даўжэйшы".

Тым ня менш, спадар Няхайла адзначае, што ён бачыць імкненьне беларускіх уладаў рабіць у гэтай галіне крокі наперад. Станоўчым чыньнікам выглядае шырокі й прадстаўнічы ўдзел беларускіх чыноўнікаў на сэмінары. Тут прысутнічалі старшыня Камітэту ў справах міграцыі, кіраўнікі абласных міграцыйных службаў, судзьдзі, пракуроры, адвакаты. Спадар Няхайла працягвае:

(Няхайла: ) "У сфэры ўвагі да правоў уцекачоў Беларусь зрабіла значны прагрэс. Гэта адная з тых галінаў, дзе Беларусь прасоўваецца, робіць крокі наперад да эўрапейскае практыкі. Беларусь мае адзін з найлепшых паказьнікаў сярод дзяржаваў СНД. У Беларусі я бачу шмат добрае волі, і я ўражаны прафэсіяналізмам адмыслоўцаў у галіне права ў вашай краіне. Я мушу дадаць, што Беларусь не падпісала канвэнцыю 1951 году наконт уцекачоў, але тут было зроблена больш, чым у некаторых краінах, якія падпісалі яе".

Гаварыў кіраўнік прадстаўніцтва ў Менску Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Багдан Няхайла.

Штогод у сярэднім каля тысячы чалавек афіцыйна зьвяртаецца да беларускае ўлады ў пошуках прытулку. Падрабязьней пра гэта для "Радыё Свабода" распавядае памочнік кіраўніка прадстаўніцтва Віталь Маслоўскі…

(Маслоўскі: ) "На сёньняшні дзень каля 350 чалавек атрымалі статус бежанца ў Беларусі, галоўным чынам з Аўганістану, потым з Грузіі, Таджыкістану. Ёсьць пэўная колькасьць з Эфіёпіі, Індыі і Лібэрыі. Штомесяц разглядаецца ад 20 да 30 справаў Камітэтам па эміграцыі, і большай часткай выносяцца пазытыўныя рашэньні".

У заходніх краінах дапамогі, якую выдае ўцекачам дзяржава, хапае на даволі бязьбеднае існаваньне. А як справы з гэтым у Беларусі? Віталь Маслоўскі працягвае:

(Маслоўскі: ) "Адна мінімальная зарплата ў той момант, калі ўлады атрымалі хадайніцтва, зарэгістравалі і прынялі да разгляду, і потым да трох мінімальных заробкаў можа быць выплачана ў якасьці кампэнсацыі чалавеку, які ў вельмі кепскім стане".

Гаварыў памочнік кіраўніка прадстаўніцтва ў Менску Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў Віталь Маслоўскі. Некалькі даляраў аднаразовае дапамогі – відавочна, ня тая сума, якая робіць Беларусь прывабнай краінаю для атрыманьня прытулка. Магчыма, таму колькасьць легальных уцекачоў у Беларусь пакуль невялікая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG