Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Сяржук Сокалаў-Воюш

"Адвага – прыкмета, якую варта мець жыхарам Малдовы, адной з самых маленькіх і найбяднейшых рэспублікаў былога СССР. Заціснутыя паміж Румыніяй і Ўкраінай 4,5 мільёны малдаванаў жывуць на траціну тых грошай, якія яны мелі ў савецкія часы. Гэтай сьмешнай сумы ў 20-30 даляраў пры 100 далярах пражыткавага мінімуму не хапае нават на хлеб," – піша ў сёньняшнім нумары газэты "Moscow Times" выкладчык факультэту журналістыкі Кішанёўскага ўнівэрсытэту, навуковец Пётра Айхштадт.

25 тысячаў працаўнікоў у галіне аховы здароўя Малдовы, якія зарабляюць у сярэднім 15 даляраў на месяц, пагражалі страйкам, калі ім не заплоцяць іхныя заробкі за папярэдні пэрыяд ад некалькіх месяцаў ув адных, да году ў іншых. На пачатку сакавіка сытуацыя пагоршылася ў сувязі з ростам безпрацоўя – малдаўскі ўрад зачыніў сельскія клінікі і лякарні, а таксама скараціў бюджэт на мэдыцыну, ув адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Ўсясьветнага банку і Міжнароднага Валютна-крэдытнага фонду. Але страйк мэдычных работнікаў не адбыўся.

Апошні крык за нясплочаныя заробкі прагучаў ад школьных настаўнікаў, якія мусяць выжываць на 25 даляраў у месяц. Шмат хто зь іх ня бачыў заробленага гадамі. 20 сакавіка прыблізна 15 тысячаў настаўнікаў, пры падтрымцы мэдыкаў і спачувальнікаў правялі ў цэнтры Кішанёву мітынг з патрабаваньнем сплаціць заробкі. Удзельнікі акцыі на некалькі гадзінаў заблякавалі дарожны рух, але ўсё гэта толькі выпусканьне пары і нічога больш, – піша на старонках "Moscow Times" Пётра Айхштадт.

Але заробкі – не адзіная праблема малдаўскіх мэдыкаў і настаўнікаў. Гэркулесавых намаганьняў патрабуе праблема ацяпленьня, якая паўстала ў выніку дзяржаўнай запазычанасьці Расеі за прыродны газ. Яна складае прыблізна 100 мільёнаў даляраў.

Як папярэджаньне прагучала для краіны тыднёвае адлучэньне газу ў сакавіку. Каб разьвязаць праблему, Малдове было прапанавана перадаць расейскаму газпраму кантроль над віннай і тытунёвай прамысловасьцю, якая з расейскіх рук, хутчэй за ўсё апынулася б на якім-кольвечы аўкцыёне.

Як ні дзіўна, – піша Пётра Айхштадт, – але нежаданьне Малдовы прадаць альбо прыватызаваць вінную і тытунёвую прамысловасьць – адна з падставаў, чаму летась Міжнародны Валютны Фонд замарозіў пазыку гэтай краіне роўную 100 мільёнам даляраў. Гэтыя грошы маглі б стаць заробкам для дзяржаўных службоўцаў і пэнсіянэраў.

Супрацоўнікі малдаўскай ДАІ ўзялі прабему сваіх заробкаў ва ўласныя рукі. Яны проста штрафуюць кіроўцаў за нібыта перавышэньне хуткасьці на 10-30 леяў, альбо 1-3 даляры ЗША. У іншай краіне гэта лічылася б ганебнай карупцыяй, але малдаўскія кіроўцы кажуць, што яны папросту выплочваюць ДАІшнікам іхныя заробкі. Да таго ж, мізэрныя падачкі ані ня йдуць у параўнаньне з хабарніцтвам, якое квітнее ў вышэйшых эшалёнах улады краіны.

Каб разьвязаць гэтую сытуацыю прэзыдэнт Малдовы Пётра Лучынскі накіраваў на фронт барацьбы з хабарніцвам папулярнага генэрала Ніколу Аляксеі, які хутка зазнаў на сабе рэпрэсіі з боку ўладных сруктураў. Пасьля лавіны абвінавачаньняў, шматлікіх судоў і контрсудоў цяпер Аляксеі нарэшце можа працягваць сваю працу ў восьмым цягам апошніх васьмі гадоў урадзе Малдовы.

Новы ўрад краіны ўзначальвае Дмітры Брагіш, былы сакратар габінэту ў справах рэформаў і эканомікі. Ён добра ведае праблему хабарніцтва і эканамічную нестабільнасьць, але вагаецца ў канкрэтных пастановах.
Недахоп даверу малдаванаў да ўраду ілюструюць словы старой жанчыны, якія прагучэлі ў бок новага прэм'ера ў часе аднаго з тэлевізійных інтэрвію: "Відаць іншы скраў усё, што толькі мог, цяпер чарга наступнага," – сказала яна.

Тым часам Брагіш, які нядаўна вярнуўся зь Нідэрляндаў, з энтузыязмам прапанаваў легалізаваць прастытуцыю і наркотыкі, ды адпаведна абкласьці іх падаткамі. Прапанову, – піша Пётра Айхштадт, – віталі калектыўным енкам, таму што бальшыня малдаванаў перакананая: арганізаваная злачыннасьць кіруе ўрадам.

Апрача гэтага прэм'ер-міністар прапанаваў абкласьці падаткам музыкаў, якія граюць на вясельлях, а таксама вытворцаў хатняга віна, якое робіць ці ня кожная малдаўская сям'я.

Але прапановы Брагіша былі заглушаныя страйкам таксістаў, якія дамагаюцца давесьці цэны на таксі зь 10 да 20 цэнтаў. Страйк таксістаў, – піша напрыканцы артыкулу ўнівэрсытэцкі выкладчык і навуковец Пётра Айхштадт, толькі раззлаваў звычайных жыхароў краіны і яшчэ раз пацьвердзіў, што Малдова ідзе ў нікуды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG