Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 красавіка 2000 г.


Ігар Карней, Менск

Мы паведамлялі, што 20 лютага міліцэйская машына суправаджэньня лукашэнкавага картэжу літаральна пратараніла ў цэнтры Менску прыватны аўтамабіль "Вольва". Праз паўтары месяцы ў справе зьявіліся новыя акалічнасьці.

Гаспадаром "Вольва", якая, дарэчы, не падлягае аніякаму рамонту, зьяўляецца 29-гадовы бармэн зь Менску Ігар Бельмач. Менавіта на яго другі месяц праваахоўныя ворганы ймкнуцца ўскласьці віну за дарожнае здарэньне з удзелам сыгнальнае машыны лукашэнкавага картэжу.

У першы ж дзень 8 гадзінаў запар Бельмача "апрацоўвалі", каб ён падпісаў пратакол – маўляў, ня выканаў каманду рэгуліроўшчыка, і гэта прывяло да аварыі. За подпіс абяцалі аддаць талён папярэджаньняў. Бельмач падпісваць адмовіўся, матывуючы тым, што рэгуліроўшчыка на скрыжаваньні не было, а сьветлафоры працавалі ў звычайным рэжыме. Тады міліцыянты сказалі, што працягнуць размову толькі пасьля таго, як будзе аплочаны штраф – 10 мінімальных заробкаў – 22 мільёны старымі.

Бельмач аплочвае штраф і… трапляе ў новую гісторыю. У ДАІ Цэнтральнага раёну, якому належыў міліцэйскі "Опель", нядвухсэнсоўна растлумачылі: калі заплаціў штраф – значыць, вінаваты. А таму – давядзецца кампэнсаваць рамонт міліцэйскае машыны. Паводле прыблізных падлікаў, недзе 3 тысячы даляраў – гэта тое, што перавышае магчымасьці страхавое кампаніі.

Хаджэньні па інстанцыях пакуль што бясплённыя. Усялякія спробы атрымаць камэнтар ад праваахоўных ворганаў натыкаюцца на сьцяну маўчаньня: аніводная прэсавая служба нават не пацьвердзіла ў сваіх справаздачах наяўнасьці гэтага здарэньня.

Урэшце намесьнік начальніка Ўправы Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі Канстанцін Страх (а менавіта ягоныя пячатка й подпіс стаялі на квітанцыі на аплату штрафу) параіў зьвяртацца да свайго непасрэднага начальніка, Анатоля Сідарэні. Апошні заявіў, што адкажа толькі на афіцыйны ліст.

Ужо зразумела, што нутраныя ворганы ўпарта не жадаюць надаць факту галоснасьць. Але, як стала вядома карэспандэнту "Свабоды", Анатоль Сідарэня тэрмінова склікаў кіраўнікоў падначаленых яму менскіх аддзелаў ДАІ і ў вельмі жорсткай форме выказаў незадавальненьне. Паводле інфармаванай крыніцы, начальнік сталічнае ДАІ прыгразіў, што калі ягоныя падначаленыя і надалей будуць так паводзіць сябе на дарогах, то ў хуткім часе будуць хадзіць пешшу. Тым больш, што ў лютым яны, так бы мовіць, "перавыканалі плян" па разьбітых машынах – пры ліміце ў адну зьнішчылі дзьве. У якасьці пацьверджаньня сур'ёзнасьці намераў са службы быў звольнены капітан Сяргееў – менавіта ён знаходзіўся за рулём сыгнальнага "Опеля" пад час сутыкненьня.

Ігар Бельмач урэшце дамогся вочнай стаўкі з кіраўніцтвам сталічнае Дзяржаўнае аўтаінспэкцыі. Але надзеі на тое, што міліцыянты хоць часткова падзеляць віну, ня спраўдзіліся. Паводле Бельмача, такога прэсу з боку міліцэйскіх чыноў ён не чакаў. У ход ішлі правераныя мэтады – ад запалохваньня да ўгавораў "не высоўвацца".

Ігар Бельмач вымушаны зьвярнуцца па юрыдычную дапамогу ў Гэльсынскі камітэт. Ён не разьлічвае, што міліцыянты прызнаюць уласную віну, але спадзяецца, што, прынамсі, ня прыйдзецца аплочваць выдаткі міліцэйскае ўсёдазволенасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG