Другі тыдзень працягваюцца суды над затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Адбыліся судовыя паседжаньні й сёньня. Сёньня судзьдзя Руслан Казадаеў спыніў справу пэнсіянэра Леаніда Яўмененкі, які быў прэвэнтыўна затрыманы 25 сакавіка за 20 хвілінаў да пачатку акцыі жаўнерамі на вуліцы Варвашэні. Пасьля гэтага судзьдзя Аксана Рэлява пачала разгляд адміністрацыйнае справы сакратара Ўправы Сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ Алеся Чахольскага. Калі на пачатку судовага працэсу ён знаёміўся з матэрыяламі справы, высьветлілася, што ў пратакол былі ўнесеныя папраўкі пасьля подпісу. Алесь Чахольскі паведаміў, што ў часе затрыманьня жаўнеры моцна зьбілі яго. У Савецкім РАУСе, куды яго адвезьлі, гэта засьведчылі мэдыкі "хуткае дапамогі". У пракуратуры ёсьць ягоная заява й заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы. Алесь Чахольскі спадзяецца, што пракуратура ўзбудзіць крымінальную справу, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу Сяргей Раманоўскі і Юры Валадзько зьявіліся й гэтым разам у судовае паседжаньне ў якасьці сьведкаў. Сяргей Раманоўскі на пытаньне судзьдзі, чаму затрымаў Чахольскага, адказаў: "Ён не разыходзіўся". Судзьдзя спытала: "У якім сэнсе?". У адказ прагучала: "Ну, была каманда разыйсьціся, а ён не разыходзіўся. Калі б ён не разыходзіўся на пляцы Бангладор (гэтак міліцыянт назваў пляц Бангалёр), можа, яго б і не затрымалі". Калі судзьдзя паведаміла, што пракуратура будзе ўзбуджаць крымінальную справу, і таму трэба высьвятліць прозьвішчы канкрэтных асобаў, якія прымалі ўдзел у затрыманьні Чахольскага, Раманоўскі адразу пачаў скардзіцца на дрэнную памяць. Ён узгадаў, што затрымаў каля васьмі чалавек, а вось чаму ўжо шаснаццаты раз зьяўляецца ў суд у якасьці сьведкі, патлумачыць ня здолеў. Юры Валадзько ўразіў назіральнікаў сваімі паводзінамі. Ён увесь час усьміхаўся, трымаўся з апломбам. Калі судзьдзя пачала задаваць яму пытаньні, ён яе перапыніў і зрабіў заўвагу, каб яна замест таго, каб задаваць не патрэбныя яму пытаньні, разглядала справу паводле напісанага ім рапарту. Судзьдзя хвіліну сядзела зьбянтэжаная, потым спытала, за што быў затрыманы Чахольскі. Валадзько адказаў: "Калі затрымалі, значыць, ён нешта дзесьці парушаў". Дарэчы, тыдзень таму Валадзько трымаўся ня так упэўнена. Аксана Рэлява перанесла судовае паседжаньне на 7 красавіка, каб далучыць да справы заключэньне судмэдэкспэртаў, пратакол асабістага дагляду й заслухаць Сацюка, які складаў пратакол. Алесь Чахольскі паведаміў "Радыё Свабода": "25 сакавіка я, калі выходзіў з мэтро ля ЦУМа і ішоў у напрамку "Сталічнага", я патрапіў пад два шэрагі спэцназаўцаў. Гэта былі салдаты ўнутраных войскаў. Мяне зьбілі з ног, мне ўдарылі некалькі разоў дубінкай па назе і пару разоў нагой па нырках. Пасьля гэтага я быў закінуты ў машыну і завезены ў Савецкі РАУС. Пасьля нас адвезьлі на Акрэсьціна, і там я да 19.30 27-га ўтрымліваўся да суда.
Што паказала вось гэтая справа? Паказала тое, што зьявіліся сьведкі-міліцыянты, якія ніякага дачыненьня да гэтай справы ня маюць, відавочна хлусяць. Было відавочна, што ў сваіх паказаньнях яны блытаюцца. Непаважліва ставіліся і да судзьдзі. Калі яны хлусяць, калі яны засьведчылі і тое, што гэта яны мяне затрымлівалі, значыць яны мяне зьбівалі. І таму менавіта да гэтых людзей будз прад'яўлены пазоў у суд, і гэтыя людзі будуць адказваць па крымінальнай справе. Калі яны ўзялі адказнасьць за свае хлусьлівыя паказаньні, хай нясуць адказнасьць за наступствы ", – распавёў Алесь Чахольскі, сакратар Управы Сойму Кансэрватыўна-Хрысціянскае Партыі БНФ. Дата судовага паседжаньня ў справе Юрася Беленькага пакуль не прызначаная з-за таго, што спадар Беленькі хварэе. 25 сакавіка ён пацярпеў ад жаўнераў больш за ўсіх, і зараз знаходзіцца дома пад наглядам мэдыкаў. Пракуратура атрымала ягоную заяву й заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы, якая засьведчыла цялесныя пашкоджаньні. Гэта ёсьць падставаю да ўзбуджэньня крымінальнае справы.