(эфір 3 красавіка)
Спробу нейкім чынам распачаць перамовы паміж апазыцыяй і афіцыйнымі ўладамі была зробленая сёньня Кансультацыйнай радаю апазыцыйных палітычных партыяў. Удзельнікі паседжаньня ўхвалілі прапановы арганізацыі структуры парлямэнту Беларусі й перадалі іх кіраўніку Кансультацыйна-назіральнае групы АБСЭ амбасадару Віку. Працэдура зносінаў паміж палітычнай апазыцыяй і ўладамі склалася яшчэ мінулай восеньню. Тады абодва бакі абменьваліся падрыхтаванымі дакумэнтамі толькі праз пасярэдніка – Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ. Такі парадак вырашылі выкарыстаць і сёньня. Прысутнаму амбасадару Віку перадалі адмысловы ліст такога зьместу: "Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў інфармуе Вас аб нашай узгодненай пазыцыі ў пытаньні структуры, функцыяў і паўнамоцтвах парлямэнту Рэспублікі Беларусь, а таксама аб доступе палітычнай апазыцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Узгодненыя дакумэнты прыкладаюцца. Пазьней Вам будуць перададзеныя нашыя прапановы ў зьмяненьні Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Просім Вас, спадар амбасадар, паведаміць гэтую інфармацыю ўрадаваму боку". Гэты ліст закранае ўсе тры галоўныя пытаньні, вырашэньне якіх АБСЭ ды іншыя міжнародныя арганізацыі лічаць неабходным для зьмяненьня сытуацыі ў Беларусі: першае – Выбарчы кодэкс, другое – доступ апазыцыі да мас-мэдыяў, і трэцяе – функцыі ды паўнамоцтвы новага парлямэнту. Рада ўхваліла прапановы наконт структуры вышэйшага заканадаўчага воргану. Самае галоўнае – аднапалатны парлямэнт з колькасьцью 260 дэпутатаў – абіраецца паводле зьмешанае сыстэмы на 5 год і працуе на прафэсійнай аснове. Толькі парлямэнт можа прымаць і зьмяняць Канстытуцыю. Кіраўнік дзяржавы ня можа выдаваць дэкрэты, што маюць агульную сілу з законам. Разгляд і аднагалоснае ўхваленьне прапановаў занялі ў удзельнікаў паседжаньня літаральна 15 хвілінаў. А вось інфармацыя аб рэглямэнту правядзеньня грамадзка-палітычнага дыялёгу нечакана выклікала спрэчкі на дзьве гадзіны. Паводле Юрыя Хадыкі, якога яшчэ ўвосень Кансультацыйная рада апазыцыйных палітычных партыяў прызначала кіраўніком групы экспэртаў у пытаньні рэглямэнту, удзел у гэтак званым "грамадзка-палітычным дыялёгу" на такой схэме для апазыцыі немагчымы. Далей спадар Хадыка нечакана заявіў, што гатовы перадаць усе заўвагі спадару Вялічанскаму, які прадстаўляе адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Такім чынам, на думку прафэсара Хадыкі, можна ўключыць у працэс дыялёгу й працэс перамоваў. Прапановы Хадыкі выклікалі вострыя спрэчкі. Прадстаўнікі бальшыні партыяў палічылі такі шлях небясьпечным. На іхную думку, як толькі экспэрты ад Кансультацыйнае рады пачнуць кантактаваць з арганізатарамі гэтак званага "дыялёгу", гэта дасьць урадаваму боку падставу заявіць пра тое, што пазыцыя далучылася да гэтага "дыялёгу". Таму на сёньняшнім паседжаньні ініцыятыву Юрыя Хадыкі палічылі заўчаснай.