(эфір 3 красавіка)
Сёньня ў Сьветлагорску вынесены прысуд расейскаму бізнэсоўцу Анатолю Сілівончыку. Ён прызнаны вінаватым па трох артыкулах крымінальнага кодэксу і засуджаны да пазбаўленьня волі на тры гады. Пакараньне Сілівончык будзе адбываць у калёніі строгага рэжыму. Як ужо ведаюць слухачы Радыё Свабода з папярэдніх перадачаў, 30 чэрвеня летась расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня спадар Сілівончык стаў фундатарам прыезду ў Беларусь ваенізаванага атраду "Беркут" з заходнесібірскага гораду Сургуту. Ідэю прыезду ў Беларусь так званых расейскіх патрыётаў падтрымалі і тамтэйшыя арганізацыі "Баявое братэрства" і вэтэранаў вайны і працы. Якраз напярэдадні сьвяткаваньня 55-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў, атрад "Беркут", праводзячы ваенізаваную гульню "Зарніца", учыніў гвалтоўны захоп вёскі Мікалаеўка. Ужываліся выбуховыя пакеты, сьлезацечны газ, ракеты, дымавыя шашкі. 19-ці вяскоўцам нанесеныя пабоі прыкладамі, ботамі. Паўсотні чалавек былі заарыштаваныя расейцамі. Да жыхароў беларускай вёскі так званыя расейскія патрыёты ставіліся ніколькі ня лепей чымся фашыстоўскія карнікі. Абарона Анатоля Сілівончыка сьцьвярджала, што непасрэднага ўдзелу ў гвалце над вяскоўцамі Сілівончык ня браў. Аднак у судзе знайшлі пацьверджаньне факты аб тым, што арганізатарам гвалту быў менавіта Анатоль Сілівончык. Ён асабіста даваў сыгнальную ракету на пачатак апэрацыі, інструктаваў, як арыштоўваць людзей і браць іх у палон. Яму камандзёры "Беркута" дакладалі аб выкананьні заданьняў па захопе калгаснай канторы, мужчын вёскі Мікалаеўка. Суд кваліфікаваў усё гэта як злоснае хуліганства, а захоп у палон – як незаконнае пазбаўленьне волі грамадзянаў у грубай, цынічнай форме. Прызнаны вінаватым Сілівончык і ў аказаньні супраціву міліцыі 3 ліпеня ў вёсцы Кісялевічы на тэрыторыі вайсковае часткі, калі ахоўнікі парадку спахапіліся і вырашылі затрымаць беркутаўцаў. Пракурор патрабаваў вызначыць Анатолю Сілівончыку 5 гадоў пазбаўленьня волі, аднак суд улічыў тое, што бізнэсовец аказваў землякам фундатарскую дапамогу, раней быў несудзімы і мае на выхаваньні дваіх непаўналетніх дзяцей. Нягледзячы на ўсё гэта, Сілівончык назваў суд цыркам, а судзьдзю Надзею Раманаву – замбаваным чалавекам. (Сілівончык: ) "Бачыце, што творыцца ў нашай брацкай рэспубліцы, так? Вось рэжым Лукашэнкі на што здольны. А вы хочаце ад яго чагосьці чакаць добрага. А народ загнаны ў балота – як уюны лазяць у балоце. Бачыце, што твораць? Усе тлумачэньні знойдзеце ў мяне на старонцы ў Інтэрнэце". Анатолю Сілівончыку, вядома, крыўдна, што прыцягнутым да суду ён застаўся адзін. Прысуд бізнэсовец наогул лічыць маразмам і зьбіраецца яго абскарджваць у Абласным судзе.