У час выхаду ў эфір нашай першай праграмы ў Менскай штаб-кватэры БНФ адбываецца паседжаньне Нацыянальнага аргкамітэту ў падрыхтоўцы адзначэньня 14-й гадавіны Чарнобыльскае катастрофы. Сябры аргкамітэту, у які ўваходзіць больш за 150 вядомых у Беларусі людзей, абмяркоўваюць плян правядзеньня 26 красавіка ў Менску традыцыйнай масавай акцыі "Чарнобыльскі Шлях". У аргкамітэт па правядзеньні "Чарнобыльскага Шляху" ўвайшлі практычна ўсе тыя асобы, хто падпісваў зварот з нагоды Дня Незалежнасьці БНР. Сярод іх лідэры асноўных апазыцыйных партыяў, вядомыя пісьменьнікі, грамадзкія дзеячы, навукоўцы. Сёньня ініцыятыўная група прапанавала сябрам Нацыянальнага аргкамітэту наступны фармат акцыі 26 красавіка: а палове шостай увечары збор удзельнікаў "Чарнобыльскага Шляху" ля Акадэміі Навук. Пасьля дэманстранты маюць намер прайсьці па праезнай частцы праспэкту Скарыны да пляцу Незалежнасьці, дзе адбудзецца жалобны мітынг. Сябры аргкамітэту наўмысна не гавораць аб прыкладнай колькасьці ўдзельнікаў шэсьця. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка толькі паведаміў нашаму радыё, што колькасьць удзельнікаў шляху будзе няспынна расьці пад час руху калёны да пляцу Незалежнасьці. А лідэр сацыял-дэмакратычнае "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч паабяцаў паведаміць нам пра колькасьць дэманстрантаў толькі ўвечары 26 красавіка. Паводле словаў арганізатараў "Чарнобыльскага Шляху", маршрут дэманстрацыі да пляцу Незалежнасьці ёсьць толькі пажаданьнем, і калі гарадзкія ўлады падыйдуць да вырашэньня гэтае праблемы канструктыўна, апазыцыянэры ня выключаюць і пэўную карэктыроўку маршруту. Аднак досьвед Дня Волі паказаў, што часам улады могуць прымаць самыя нелягічныя рашэньні. Ці не паўторыцца ў дзень Чарнобыльскае катастрофы брутальны сцэнар Дня Незалежнасьці? Вось меркаваньне на гэты конт лідэра БНФ Вінцука Вячоркі: (Вячорка: ) "Мы будзем праводзіць "Чарнобыльскі Шлях" па любому, так, як праводзілі яго заўсёды. Мы возьмем урокі з акцыі 25 сакавіка і пойдзем на "Чарнобыльскі Шлях" у трагічны, жалобны, сьвяты для кожнага беларуса дзень". Падобнай думкі прытрымліваецца й старшыня "Народнае Грамады" Мікола Статкевіч: (Статкевіч: ) "Калі ўлады будуць вельмі хацець канфрантацыі, то нам ня ўдасца ім перашкодзіць. Гэта натуральна. Калі адзін бок хоча канфрантацыі, другі бок ня здолее гэтага пазьбегнуць. Гэта – аксыёма.
Але ўлады адзін раз ужо наступілі на граблі. Можа ім хопіць здаровага сэнсу, а ня хопіць – наступяць другі раз. Заяўка на правядзеньне "Чарнобыльскага Шляху" будзе пададзеная ў Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт пасьля таго, як яе падпішуць ўсе сябры аргкамітэту. На думку ініцыятараў акцыі, гэта адбудзецца 6 ці 7 красавіка.