Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 красавіка 2000 г.


Вольга Караткевіч

"Добрай навіной для правасудзьдзя" назваў генэральны сакратар НАТО Джордж Робэртсан арышт ваеннага злачынцы Мамчылы Краішніка – аднаго зь лідэраў Сэрбкай дэмакратычнай партыі Босьніі і Герцагавіны. Мамчыла Краішнік быў арыштаваны ў 3 гадзіны 17 хвілінаў паводле мясцовага часу французкімі салдатамі Сілаў стабілізацыі Босьніі і Герцагавіны. Краішніка затрымалі ў ягоным доме у Пале, што непадалёк ад Сараева. Пры арышце ахвяраў не было.

Міжнародны ваенны трыбунал абвінавачвае Краішніка ў ваенных злачынствах, генацыдзе, злачынствах супраць чалавецтва. Як адзначыў кіраўнік НАТО, Краішнік – самы высокапастаўлены дзеяч у Босьні і Герцагавіне, які арыштаваны. Краішнік – былы сьпікер парлямэнту рэспублікі басьнійскіх сэрбаў, цяпер сябра калектыўнага прэзыдыюму Босьніі, быў адным з паплечнікаў Радавана Караджыча, якога Міжнародны трыбунал у Гаазе пасьля вайны ў Босьніі абвесьціў ваенным злачынцам нумар 1. Краішнік заняў месца ў кіраўніцтве Рэспублікі Сэрбскай – месца Караджыча, які мусіць хавацца.

Краішнік быў занесены ў закрыты сьпіс абвінавачаных. Яму інкрымінуюцца злачынныя дзеяньні, датаваныя 1991-1992 гадамі, калі Краішнік адказваў за кантроль над цэлым шэрагам населеных пунктаў Сэрбскай Рэспублікі ў складзе Босьніі і Герцагавіны. Гэтыя дзеяньні кваліфікуюцца як генацыд, парушэньні законаў і звычаяў вайны, грубыя парушэньні Жэнэўскай канвэнцыі, у тым ліку забойствы, спрыяньне генацыду, дэпартацыі, негуманнае стаўленьне да людзей. Вось што заявіў прэсавы сакратар Міжнароднага ваеннага трыбуналу Джым Лэндал:

(Лэндал: ) "Гэта надзвычай важны дзень для трыбуналу. Мамчыла Краішнік – адна з самых важных асобаў, якія затрыманыя і чакаюць суду тут, у Гаазе. Гэта вельмі значны дзень. Я думаю, што гэта дакладны сыгнал іншым абвінавачаным і тым, хто ўсё яшчэ на свабодзе. І перадусім – Радавану Караджычу. Караджыч толькі на ранг вышэй за Краішніка і Краішнік быў ягонай правай рукой цягам канфлікту ў Босьніі".

Гаварыў прэсавы сакратар Міжнароднага ваеннага трыбуналу Джым Лэндал. Сёньня ж Галоўны пракурор Трыбуналу Карла Дэль Понтэ заявіла, што Караджыч павінен паўстаць перад судом разам з Краішнікам.

Генэральны сакратар НАТО Робэртсан падкрэсьліў, што ад моманту пачатку ягонай працы – мінулае восені, – гэта шосты арышт абвінавачанага ў ваенных злачынствах ў Босьніі і Герцагавіне. Робэртсан лічыць, што гэты арышт мусіць стаць сыгналам таго, што пакараньне непазьбежнае для ўсіх злачынцаў, якія яшчэ на свабодзе. Робэртсан заклікаў іх сдавацца самім. Як звычайна, генсек НАТО запэўніў, што арышт, які зрабілі вайскоўцы сілаў стабілізацыі, зроблены ў адпаведансьці з мандатам, атрыманым ад Рады НАТО на аснове адпаведнай рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН.

Затрыманы Краішнік перададзены ў рукі прадстаўнікоў Міжнароднага трыбунала ў Сараеве, адтуль яго адправяць у Гаагу.

Кіраўніцтва Сэрбзкай дэмакратычнай партыі заявіла, што "зьдзіўленае і заклапочанае арыштам Мамчылы Краішніка, але не напалоханае".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG