Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 сакавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

"Камароўскі рынак" быў сёньня ў цэнтры ўвагі новага сталічнага начальніка Міхала Паўлава. Ён займаўся тут урэгуляваньнем канфлікту з прадпрымальнікамі, які выклікаў у горадзе шырокі грамадзкі розгалас.

Сёньняшні працоўны дзень Міхала Паўлава пачаўся з наведваньня "Камароўкі". Зь ейным кіраўніком Віктарам Мяшчанінавым старшыня Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту агледзеў тэрыторыю кірмашу, наведаў пляцоўку, дзе вядзецца гандаль бакалейнымі таварамі. Менавіта яна сталася аб'ектам жорсткага супрацьстаяння ўладаў і прадпрымальнікаў.

У лютым сталічны выканаўчы камітэт, які тады ўзначальваў Ярмошын, вузкім колам чыноўнікаў вырашыў зь 1 красавіка выкінуць з кірмашу "харчавікоў". Рашэньне азначае ліквідацыю тут 600 працоўных месцаў гандляроў прадуктамі.

Як зазначана ў пратаколе Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, на вызваленай пляцоўцы будзе абсталяваная аўтамабільная стаянка. Дык вось, паводле афіцыйных тлумачэньняў, сёньня спадар Паўлаў і рабіў якраз агледзіны месца пад будучую аўтастаянку.

"Камароўскія" прадпрымальнікі, паводле іхных словаў, чакалі ягонага візыту на рынак. Чакалі, спадзеючыся на перагляд плянаў папярэдніка. Відавочна, гандляры меркавалі, што Паўлаў абавязкова пажадае сустрэцца зь імі. Аднак гэтага не адбылося.

Старшыня менскае "вэртыкалі" абмяркоўваў сытуацыю на кірмашы толькі з прадстаўнікамі адміністрацыі. Ужо пазьней, пасьля таго, як Паўлаў зьехаў з "Камароўкі", гандляры даведаліся пра падрабязнасьці візыту – ад дырэктара кірмашу Мяшчанінава. Ён паведаміў лідэрам прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць", што ўлады Менску на чале з Паўлавым не зьбіраюцца адмяняць лютаўскае рашэньне. І што пляцоўка будзе зачыненая. Адзіная зьмена, пра якую паведаміў мэр, – адтэрміноўка пляну. Але ўсяго на два дні.

Намесьнік старшыні прафэсійнага саюзу Кацярына Навумовіч паведаміла гандлярам, што Паўлаў нібыта дазволіў прадпрымальнікам папрацаваць на "Камароўцы" ў бліжэйшыя выхадныя – 1 і 2 красавіка. Што будзе далей – невядома.

"Але пры гэтым дырэктар паінфармаваў "мэра", што людзей на самой справе выкідваць няма куды. На адным кірмашы не дае дазволу санэпідэмстанцыя, на другім адміністрацыя прыдумляе яшчэ што-небудзь. Вынік жа адзін – "камароўскім" прадпрымальнікам няма куды падзецца. І таму "мэр", як перадаў Мяшчанінаў, зьбіраецца заўтрашні дзень прысьвяціць гэтай праблеме. Гэта значыцца, аб'езьдзіць усе кірмашы, каб працаўладкаваць людзей", – паведаміла Кацярына Навумовіч.

Паводле ейнага меркаваньня, новы сталічны "вэртыкальшчык" трапіў у складаную сытуацыю. З аднаго боку, ён баіцца дзейнічаць насуперак плянам кіраўніка ўраду Ярмошына. З другога – два нядаўнія страйкі прадпрымальнікаў ператварылі гэты цэнтральны кірмаш Менску ў "гарачую кропку".

Прычым, акцыі пратэсту гандляроў засьведчылі, што на іхным баку – насельніцтва. Тысячы грамадзянаў у дні гэтых акцыяў выказалі сваю падтрымку "камароўскім" прадпрымальнікам і абурэньне намерамі ўладаў. І, як лічыць Кацярына Навумовіч, "вэртыкальшчыка" Паўлава пужае памылковы крок, каб "Камароўка" не справакавала яшчэ больш моцны выбух грамадзкага пратэсту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG