Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 сакавіка 2000 г.


Сяргей Навумчык

Пасьля цырымоніі пасадкі Дрэва дэмакратыі Івонка Сурвілла і Васіль Быкаў сустракаліся са студэнтамі Карлавага ўнівэрсытэту і з чэскімі палітыкамі. Ля мікрафону – Сяргей Навумчык.

Івонка Сурвілла і Васіль Быкаў сустракаліся са студэнтамі, якія займаюцца на катэдры славістыкі. Але, як ні дзіўна, на ўласна літаратурную тэму было зададзена толькі адно пытаньне. Васіля Быкава папрасілі выказацца адносна цяперашняга стану літаратуры. Ён выказаў меркаваньне, што ў цяперашняй Беларусі літаратура, як і культура наогул, знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня. Студэнтаў і выкладчыкаў цікавілі цяперашнія ўмовы жыцьця вядомага пісьменьніка, ягонане стаўленьне да палітычнай сытуацыі.

Вось некалькі цытатаў з адказаў Васіля Быкава.

Наконт эміграцыі: "Пры сёньняшнім рэжыме я ня маю магчымасьці жыць у Беларусі. Хаця маё глыбокае перакананьне палягае ў тым, што жыць трэба дома, там дзе ты нарадзіўся".

Пра пэрспэктывы Рады БНР: "Можа здарыцца, што Рада, якая цяпер зьяўляецца сымбалем дзяржаўнасьці, адыграе ключавую ролю ў рэальных палітычных працэсах. І наогул, я ня ставіўся б іранічна да паняцьця сымбаляў: любая рэлігія пабудаваная на сымбалях, але ніхто не асьмеліцца сьцьвярджаць, што рэлігія ня мае вялікага ўплвыу".

Пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі: "Пуцін – малодшы брат Лукашэнкі. Расея можа пайсьці па цяперашнім шляху Беларусі".

Увечары Сурвілла і Быкаў сустрэліся з сэнатарамі, прычым, гэта было ўжо трэцяе спатканьне з чэскімі парлямэнтарамі пад час іх знаходжаньня ў Празе. У сустрэчы бралі ўдзел адказныя супрацоўнікі адміністрацыі прэзыдэнта і чэскага МЗС.

Івонка Сурвілла, якую тут прымаюць менавіта як кіраўніка ўраду на выгнаньні, зазначыла, што яна лічыць неабходным супрацоўнічаць з усімі нацыянальна арыентаванымі апазыцыйнымі сіламі Беларусі.

Асноўнай тэмай гутаркі з чэскімі палітыкамі было стаўленьне кіраўніцтва Чэхіі да магчымых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Старшыня Рады БНР адзначыла, што пры адсутнасьці доступу апазыцыі да СМІ выбары ня могуць быць легітымнымі.

Васіль Быкаў дадаў, што ўдзел міжнародных назіральнікаў у такіх выбарах выглядае непажаданым.

Сярод іншых тэмаў – навучаньне ў чэскіх унівэрсытэтах тых беларускіх студэнтаў, якіх выключылі з ВНУ за палітычную дзейнасьць. Дарэчы, Васіль Быкаў паўтарыў тое, што ён заявіў у прамым эфіры чэскага тэлебачаньня: увядзеньне візаў для грамадзянаў Беларусі ня будзе спрыяць дэмакратызацыі беларускага грамадзтва, і, фактычна, зачыніць для тысячаў людзей дзьверы ў вольны сьвет.

Сёньня Івонка Сурвілла і Васіль Быкаў мелі афіцыйныя сустрэчы ў канцэлярыі прэзыдэнта Чэскай Рэспублікі і ў Міністэрстве замежных справаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG