У Савецкім судзе Менску працягваліся суды над затрыманымі 25 сакавіка. Сьпіс гэтых людзей папоўніўся за кошт тых, каго затрымалі ў мінулы аўторак. Гэта лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч і намесьнік старшыні Фронту Вячаслаў Сіўчык. Першай была разгледжаная справа Міколы Статкевіча. Судзьдзя Іна Шыйко вымушаная была шукаць для судовага паседжаньня вялікую залю, бо на суд зьявілася шмат людзей, сярод якіх былі прадстаўнікі амэрыканскай і нямецкай амбасадаў, тэлежурналісты расейскіх і польскай кампаніяў. Суд заслухаў усіх сьведкаў у справе і пасьля прагляду відэастужкі вынес вызначэньне, у адпаведнасьці зь якім супрацоўнікі міліцыі павінны скласьці дакумэнты належным чынам. Іна Шыйко пагадзілася з тым, што Мікола Статкевіч мусіў быў быць прыцягнуты да адказнасьці паводле артыкулу 167, але яна лічыць, што частка другая (арганізацыя або актыўны ўдзел у несанкцыянаваных акцыях) не адпавядае складу правапарушэньня. Калі Статкевіч выйшаў з будынку суду, да яго падбеглі супрацоўнікі міліцыі, схапілі й пацягнулі ў "варанок". Людзі кінуліся бараніць яго. Мікола Статкевіч казаў міліцыянтам, што сам прыйдзе, калі атрымае позву ў міліцыю. Але яго запіхнулі ў машыну й павезьлі ў РАУС. Там у дзяжурнай частцы знаходзіўся і Вячаслаў Сіўчык. Адвакатка Тацяна Станкевіч накіравалася ў РАУС сьледам за сваім падабаронным. Вось што яна паведаміла "Радыё Свабода": "Мы зараз вярнуліся з Савецкага РАУСу, дзе зьмянілі тэкст пратаколу адміністрацыйнага затрыманьня Статкевіча й пратаколу правапарушэньня. Мяне сёньня ўразілі дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Я ніколі ня думала, што яны будуць нагэтулькі ігнараваць свае абавязкі, будуць дзейнічаць незаконна. І папросту весьці сябе груба. Калі адвакат прыходзіць ў РАУС і намагаецца атрымаць інфармацыю пра свайго кліента – хто складае пратакол, што плянуюць супрацоўнікі міліцыі – то ніхто нічога не тлумачыць, выганяюць з будынку РАУСу. Усе яны кажуць, што нічога ня ведаюць. Пратакол затрыманьня ніхто не складае. Чалавека трымаюць – і аніякіх дзеяньняў. Магчыма, калі б мне патлумачылі, што там адбываецца, аніякіх канфліктаў не было б. Але тое хамства, якое зыходзіла ад супрацоўнікаў міліцыі, мяне вельмі абурыла", – паведаміла адвакатка Тацяна Станкевіч. Лідэр сацыял–дэмакратаў Мікола Статкевіч паведаміў нашаму радыё: (Статкевіч: ) "Калі я выйшаў з будынку суда, мяне атачылі міліцыянеты і запатрабавалі, каб я паехаў зь імі. Здаецца, гэта ад тупасьці і рвеньня выканаць загад. Таму што якраз на вачах журналістаў, на вачах людзей, якія кінуліся абараняць мяне, хапаць чалавека і цягнуць у пастарунак…Там нават такая невялікая патасоўка адбылася, але я ўсё ж вырашыў сесьці ў машыну, каб не правакаваць нейкую сытуацыю. Гэта адбылося на вачах тэлежурналістаў, так што, я думаю, гэта дурасьць. Сказалі ім: Міколу Статкевіча сёньня засадзіць. Не ўдаломся з першага заходу. Зараз ізноў нейкага шафёра праінструктуюць, што яму казаць, ён будзе тут хлусіць і запінацца, як ён бачыў Статкевіча, які са сьцягам ішоў, каб не выпусьціць мяне на свабоду, каб 2 красавіка я быў у турме. Я толькі магу сказаць, што 2 красавіка акцыю ўшанаваньня патрыётаў, якія загінулі за незалежнасьць Беларусі каля помніка Янкі Купалы ў 12 гадзінаў праводзіць не Статкевіч, а праводзіць Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў. Паверце, там не адзін Статкевіч мужчына, і гэтая акцыя пройдзе годна са мной ці без мяне. Калі я буду на свабодзе, то я здолею арганізаваць яе нармальна", – паведаміў Мікола Статкевіч. Пакуль лідэр сацыял-дэмакратаў разам зь Сіўчыкам знаходзіўся ў міліцыі, судзьдзя Іна Шыйко разгледзела справы затрыманых Уладзімера Феакцістава й Пятра Патапенкі. 44 тысячы рублёў штрафу – такі быў прысуд. У Савецкім РАУСе мне адказалі, што пакуль у судзе не разгледзяць справу Міколы Статкевіча, Вячаслаў Сіўчык будзе ўтрымлівацца ў дзяжурнай частцы. Любоў Лунёва, Менск Увечары Любоў Лунёва дадаткова паведаміла: Увечары судзьдзя Іна Шайко вынесла прысуд лідэру сацыял-дэмакратаў Міколу Статкевічу – 44 тысячы рублёў штрафу. Разгляд справы Вячаслава Сіўчыка судзьдзя вымушаная была адкласьці на заўтра, бо ён не прызнаў, што ўчыніў правапарушэньне. У такіх выпадках у адпаведнасьці із заканадаўствам неабходна заслухаць усіх сьведкаў у справе.
Самае папулярнае
1