Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 2000 г.


Алег Жукоўскі, Віцебск

У Віцебску сёньня адбыліся затрыманьні арганізатараў і ўдзельнікаў сьвяточных мерапрыемстваў.

Дзе б ні зьявіўся вядомы ў Беларусі дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня спадар Валеры Шчукін, ён адразу ж трапляе ў поле зроку міліцыянтаў і хуценька аказваецца ў пастарунку. Вось і сёньня ў Віцебску, куды ён прыехаў на запрашэньне мясцовай суполкі Асацыяцыі маладых палітыкаў дзеля стварэньня маладзёвага журналісцкага гуртка, а таксама як спэцыяльны карэспандэнт газэты "Народная Воля". Ён зьбіраўся асьвятляць праходзячыя ў горадзе акцыі, прысьвечаныя Дню Волі.

Спадар Шчукін не пасьпеў нават прыйсьці да месца асноўнага збору ўдзельнікаў шэсьця, як быў схоплены і зьвезены ў Чыгуначны РАУС. Разам зь ім міліцыянты затрымалі яшчэ некалькі чалавек, у тым ліку, аднаго з галоўных арганізатараў мерапрыемства Ўладзіміра Плешчанку і актывістаў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі спадароў Салаўяна і Піменава. Але пра ўсё па-парадку.

Да Дня Волі ў Віцебску рыхтаваліся даволі актыўна, і было замоўлена адразу два мерапрыемствы. Суполкі партыі Зянона Пазьняка атрымалі дазвол на правядзеньне а 12-й гадзіне шэсьця, а потым і мітынгу ля помніку Ўладзімеру Караткевічу.

Аднак, як ужо ёсьць звычайнай практыкай у горадзе, месца збору было перанесенае ўладамі ад бібліятэкі імя Леніна на Ратушную плошчу. Дзеля таго, каб потым шэсьце прайшло ўбаку ад асноўных магістраляў па ціхай вуліцы Суворава.

Частка ўдзельнікаў, як растлумачылі арганізатары, ня ведала пра гэта. І некаторыя людзі прыйшлі да бібліятэкі. Міліцыянты патрабавалі хутка накіроўвацца да афіцыйна вызначанага месца збору і затрымалі спадара Салаўяна, ў якога ў руках быў разгорнуты бел-чырвона-белы сьцяг.

Валеры Шчукін, які знаходзіўся побач, запісваў пра гэтае здарэньне ў нататнік. Да яго таксама падыйшлі міліцыянты і запатрабавалі, каб ён як мага хутчэй сышоў адтуль. Нейкі падпалкоўнік, які, дарэчы не назваў сваё прозьвішча, ультыматыўна патрабаваў, каб праз пяць хвілінаў ля бібліятэкі не было нікога. І ў адказ на пратэст Шчукіна заявіў, што ўсе будуць рабіць тое, што ён загадае. На гэта былы марскі афіцэр паказаў пасьведчанне журналіста і сказаў, што гэта міліцыянты будуць рабіць тое, што трэба па законе. У выніку ўсё скончылася нялёгкім затрыманьнем, бо два чалавекі ў камуфляжы запіхнуць актыўнага апазыцыянэра ў машыну ня здолелі. І толькі калі ім на дапамогу кінуліся яшчэ чацьвёра, сумеснымі высілкамі скруцілі дэпутата і зацягнулі ў аўто. Пры гэтым яму запэцкалі адзеньне і парвалі штаны.

Калі пра здарэньне даведаліся на Ратушнай плошчы, на якой сабралося пад нацыянальнай сымболікай у атачэньні некалькіх дзесяткаў міліцыянтаў каля сарака чалавек, па прапанове аднаго з арганізатараў акцыі Барыса Хамайды шэсьце і мітынг вырашылі не праводзіць. Бо, як сказаў спадар Хамайда, ня трэба ісьці па вуліцы імя ката беларускага народа Суворава, а лепш усім, хто мае магчымасьць накіравацца да Чыгуначнага і Кастрычніцкага РАУС, бо, як высьветлілася, затрыманыя былі адвезеныя ў розныя пастарункі.

На другую віцебскую акцыю заяўку ў гарвыканкам па даручэньні гарадзкой Каардынацыйнай Рады апазыцыйных сілаў падавалі дзесяць прадстаўнікоў руху БНФ "Адраджэньне" на чале зь лідэрам Васілём Шалухіным. Мітынг у сквэры на плошчы Леніна пачаўся а палове на чацьвертую. Дарэчы, час пачатку акцыі быў перанесены гарвыканкамам, каб, як растлумачылі чыноўнікі, два мерапрыемствы не перасекліся і не было ніякіх эксцэсаў.

Пад штандарамі, харугвамі і бел-чырвона-белымі сьцягамі, зь плякатамі пратэсту сабралося каля ста чалавек, яшчэ прыкладна столькі ж слухалі прамоўцаў на суседнім прыпынку. Прычым большасьць зь іх адбылі да заканчэньня акцыі.

Многія, заблытаўшыся ў рэклямных абвестках, адразу двух мерапрыемстваў, зусім на мітынг не дайшлі ці падцягнуліся амаль напрыканцы. Выступы былі вельмі радыкальнымі.

Вялікае абурэньне выклікала паведамленьне пра арышты ў Менску і Віцебску. Па хадзе мітынга была праведзеная віктарына на лепшага знаўцу гісторыі Беларусі, у якасьці аплаты тым, хто ўдзельнічаў у акцыі, былі прапанаваныя ксэракапіраваныя грошы, падобныя на даляры. Напрыканцы былі ўскладзеныя кветкі да помніку Ўладзімеру Караткевічу.

І як толькі што стала вядома ад супрацоўнікаў Чыгуначнага РАУС, затрыманыя ўдзельнікі першай акцыі, спадары Плешчанка, Салаўян і Шчукін з пастарунку накіраваныя ў прыёмнік-разьмеркавальнік. Яны абвінавачваюцца па артыкуле 167 прым. Адміністратыўнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь "Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньняў".

Судовае паседжаньне адбудзецца ў панядзелак. Моладзь з БАМПу і "Сёмае грані" ужо заарганізавала для свайго госьця і яго сяброў па няшчасьці перадачу з прадуктамі харчаваньня і цыгарэтамі. Лёс тых, хто апынуўся ў пастарунку Кастрычніцкага РАУС, на гэты момант пакуль невядомы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG