Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 24 сакавіка 2000 г.


Агляд падзеяў, якія адбыліся сёньня ў Менску ды іншых гарадох Беларусі, а таксама за мяжой.

Асноўная навіна дня – арышт у Менску ўдзельнікаў і арганізатараў мірнай акцыі, прымеркаванай да Дня Волі – 82-іх угодкаў абвешчаньня БНР. Паводле розных дадзеных затрымана каля двухсот чалавек. Тым ня менш, і шэсьце, і мітынг у Менску адбыліся. На мітынг сабралося каля 10 тысячаў чалавек. У шэсьці, паводле розных ацэнак, удзельнічала каля 4.

Акцыя апазыцыі не была санкцыянаваная гарадзкімі ўладамі, нягледзячы на пратэсты міжнароднай грамадзкасьці, эўрапейскіх структураў і Дзярждэпартаманту ЗША. Менскі гарвыканкам забараніў шэсьце ад плошчы Якуба Коласа да скверу Янкі Купалы, дазволіўшы толькі мітынг на пляцы Бангалор. Аднак, арганізатары настойвалі на зборы ўдзельнікаў на пляцы Якуба Коласа і правядзеньні шэсьця.

За паўгадзіны да пачатку акцыі міліцыя жывым колам ачапіла пляц Якуба Коласа і нікога туды не пускала. Тым, хто зьбіраўся, праз мэгафон абвяшчалася, што мітынг не санкцыянаваны, і кожнага, хто стаіць на мейсцы правядзеньня, будуць аўтаматычна лічыць удзельнікам акцыі.

У цэнтр горада была сьцягнутая нечуваная колкасьць міліцыі. Упершыню былі прыцягнутыя міліцэйскія сабакі. Нашыя карэспандэнты налічылі ў цэнтры сем бронетранспарцёраў, на відавоку стаялі вадамёты. Уздоўж вуліцаў Якуба Коласа і Чырвонай расьцягнуліся людзі ў шаломах з дубінкамі і рацыямі.

За паўгадзіны ў раёне пляцу распачалася масавая зачыстка сярод тых, хто пачалі зьбірацца на акцыю. Было затрымана больш як сто чалавек. Практычна ўвесь журналісцкі корпус, які асьвятляў пачатак акцыі беларускай апазыцыі, быў затрыманы і дастаўлены ў распараджэньне адной з вайсковых часткаў унутраных войскаў. У ліку затрыманых карэспандэнты ІТАР-ТАСС, тэлекампаніяў ОРТ. ВГТРК, НТВ, агэнцыі Асашыэйтэд Прэс, сямёра карэспандэнтаў радыё "Свабода"– усяго каля 40 карэспандэнтаў буйнейшых інфармацыйных агэнцыяў і друкаваных выданьняў. Былі затрыманыя і замежныя назіральнікі, у прыватнасьці, намесьнік старшыні КНГ АБСЭ ў Менску Крыстафэр Паніка, польскія і славацкія журналісты. Людзей проста выхоплівалі з натоўпу – у тым ліку і выпадковых мінакоў.

Міліцыя ачапіла і Ўправу БНФ на вуліцы Варвашэні. Тут было затрымана каля 40-а чалавек – у тым ліку два дэпутата Польскага Сойму, якія прыбылі ў Менск дзеля назіраньня за акцыяй, некалькі арганізатараў акцыі, у тым ліку Юрась Беленькі, Віктар Івашкевіч, Яўген Афнагель. Паводле сьведкаў, Юрась Беленькі быў моцна зьбіты.

Як паведамляе ІТАР- ТАСС, інфармацыя аб затрыманьні ў Менску здымачных групаў шэрагу расейскіх тэлекампаніяў была неадкладна паведамленая выканаўцу абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімеру Пуціну. Пуцін даў указаньне праз дыпляматычныя каналы – неадкладна высьветліць абставіны затрыманьня журналістаў і дамагчыся іхнага вызваленьня. Пасьля ўмяшальніцтва амбасадара Расеі ў Беларусі, усе расейскія журналісты былі вызваленыя. Аб выкананьні даручэньня было дакладзена Пуціну.

Праз дзьве гадзіны пасьля затрыманьня былі вызваленыя і іншыя журналісты. Аднак, некаторыя, у тым ліку і кар. Радыё "Свабода" Алег Грузьдзіловіч на гэты момант яшчэ знаходзяцца ў пастарунку.

Пасьля працяглай зачысткі, частка людзей сабралася ў калёну і рушыла ў накірунку аўтастанцыі Кульман, дзе быў дазволены афіцыйны мітынг. У калёне, паводле розных ацэнкаў, ішто каля 4 тысячаў чалаек. На Кульман адбыўся ўжо 10-цітысячны мітынг. Арганізатары акцыі ўсклалі ўсю віну за тое, што адбылося ў Менску, на гарадзкія ўлады, міліцэйскае начальства і асабіста Ал-дра Лук-ку.

Арганізацыя "Міжнародная Амністыя" абвесьціла напярэдадні, што будзе лічыць усіх затрыманых за мірнае выказваньне пратэсту, вязьнямі сумленьня. Кіраўні КНГ АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, які напярэдадні заклікаў гарадзкія ўлады перагледзець рашэньне аб забароне шэсьця на Дзень Волі, падкрэсьліў, што віну за непарадкі варта ўскладаць на гарадзкія ўлады.

Як паведамляюць нашыя карэспандэнты, акцыі, прымеркаваныя да Дня волі, адбыліся сёньня ў Горадні, Мастах, Сьвіслачы, Лідзе, Воранаве, Шчучыне, Смаргоні, Полацку і Наваполацку, Воршы, Дзятлаве, Гомлі, Берасьці. Магілеве, Віцебску, іншых гарадах.

Сярод беларусаў замежжа дзень Волі адзначаўся ў Варшаве, Брусэлі, Празе, Вашынгтоне. Парыжы.

Падрабязныя ржпартажды аб сёньняшніх падзеях у Менску ўжо перадалі інфармацыйныя агэнцыі Ройтэр, Франс Прэс, нямецкая ДПА, Ітар-ТАСС. Тэлевізійныя рэпартажы прайшлі па НТВ і Сі-Эн-ЭН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG