Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Адкрыцьцём выставы сяброў мастацкае суполкі "Пагоня" дэмакратычная інтэлігэнцыя краіны распачала сьвяткаваньне 82-х угодкаў Беларускае Народнае Рэспублікі.

Гэтая традыцыя нарадзілася ў 1991 годзе. Тады й пазьней, пяць гадоў запар, адкрыцьцё "пагоняўцамі" сваёй мастацкае выставы, прымеркаванае да Дня Волі, нязьменна праходзіла ў самай вялікай выставачнай залі краіны – Палацы мастацтваў.

Аднак з 96-га ў сяброў мастацкае суполкі з такою крамольнаю ва ўспрыняцьці новых уладаў краіны назваю пачаліся праблемы. Дазвалялі выставу, але здымалі з экспазыцыі палітычныя інсталяцыі, гратэскавы жывапіс публіцыстычнага зьместу, карыкатурныя каляжы.

Юбілейную выставу да 80-годзьдзя БНР ў Палацы мастацтваў забаранілі навогул. Летась – дазволілі, але не 25 сакавіка, а нашмат раней, каб не ператваралася яна, як зазвычай, у грандыёзнае сьвята нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэткі ж самы прыём улада рукамі Міністэрства культуры скарыстала й сёлета: фармальна самая вялікая штогадовая выстава "Пагоні" не забароненая, але яе адкрыцьцё адсунутае ад сьвяточнае сакавіцкае даты на 20 дзён наперад. Вось як тлумачыць гэтыя дзеяньні ўлады вядомы беларускі жывапісец і грамадзкі дзяяч Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) "Кожны год уладныя структуры, а найперш гэта Мністэрства культуры, робяць усё, каб не даць выставіцца мастакам суполкі "Пагоня". Яны на нас адпрацоўваюць свае тэхналёгіі. Так і сёлета выстава гэтая на 25 сакавіка не адбываецца – яна адсунутая на красавік месяц".

Сказаў Аляксей Марачкін.

Зразумела, што ўлады ў пэўнай ступені дасягаюць свайго, але штогадовую традыцыю "Пагоні" парушыць ім не ўдалося й сёлета. Сваю экспазыцыю да Дня Волі мастакі разьмясьцілі ў сядзібе БНФ на вуліцы Варвашэні.

У экспазыцыі – графічныя выявы будынкаў, у якіх у 1918 годзе адбываліся гістарычныя падзеі, зьвязаныя з абвяшчэньнем Беларускае Народнае Рэспублікі. Гэта – працы Віктара Сташчанюка. Тут жа вялікая мэмарыяльная дошка, якую скульптар Алесь Шатэрнік адмыслова зрабіў, каб зьмясьціць яе на тым будынку, у якім непасрэдна была абвешчана БНР. Зразумела, што гэтаму твору мейсца не ў выставачнай экспазыцыі, а на адпаведнай будыніне, аднак усталяваць яе там улады не даюць дазволу. Вельмі прыцягальныя для наведнікаў арт-эксклюзыўныя каляжы Алега Карповіча, прысьвечаныя зьніклым дзеячам апазыцыі. А таксама партрэт легендарнага Мірона ў мастацкім уяўленьні Аляксея Марачкіна, якое падмацаванае паэтам Рыгорам Барадуліным: "Дрыжыце: і калхозны трон, і падхалімскія капэлы, калі вывешвае Мірон сьцяг наш родны бел-чырвона-белы!"

Другі адрас, дзе сёньня беларуская інтэлігэнцыя таксама распачынае акцыю да Дня Волі, – гэта вуліца Дзімітрава, 3. Гэта архітэктурны помнік, у якім даўгі час былі мастацкія майстэрні, якія ўлада вырашыла выселіць без прадастаўленьня новых памяшканьняў. Такі вось "падарунак" да Дня Незалежнасьці. Адмысловымі мастацкімі сродкамі былыя ўжо ўладальнікі майстэрняў разьвітваюцца з будынкам, у якім апрача творчых клопатаў яны за савецкім часам падпольна ладзілі нацыянальныя сьвяты, у тым ліку й 25 сакавіка. Акцыя разьвітаньня завершыцца ў гэты гістарычны дзень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG