Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 сакавіка 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Грамадзка-палітычны дыялёг распачаўся, але пакуль што толькі на адмысловым сайце ў Інтэрнэце. Да канца сакавіка павінна адбыцца першая сустрэча прадстаўнікоў усіх больш як 80-ці арганізацыяў, што падалі заяўкі. Пасьля чаго ўлады абяцаюць інтэнсіўную працу ў жорсткім тэмпе.

Як зазначаюць члены Ініцыятыўнае групы ў правядзеньні "дыялёгу", нядаўна прыняты рэглямэнт гэтай акцыі ўзгоднены ня толькі з адміністрацыяй "прэзыдэнта", але й з Кансультацыйна-назіральнай групаю АБСЭ. Тым ня меней, сам гэты рэглямэнт адводзіць місіі АБСЭ і іншым міжнародным арганізацыям права ўдзелу ў "дыялёгу" толькі ў якасьці назіральнікаў.

Кіраўнік Кансультацыйна-назіральнае групы Ганс-Георг Вік у сваім звароце да ўдзельнікаў Ініцыятыўнае групы зазначыў, што група АБСЭ "заўсёды была прыхільнікам дыялёгу паміж процілеглымі палітычнымі сіламі ў Беларусі", выказаў спадзеў, што гэты дыялёг прывядзе да паляпшэньня сытуацыі ў краіне, і перш за ўсё ў выкананьні свабоды сходаў і доступу да сродкаў масавай інфармацыі.

Ганс-Георг Вік зьвярнуў увагу на адное пытаньне, якое ён заклікаў разгледзець у самай блізкай будучыні. Гэта ўмовы свабодных і справядлівых выбараў у парлямэнт увосень 2000 году. Адзін з актывістаў ініцыятыўнае групы ў правядзеньні дыялёгу Юры Загумённаў сьцьвярджае, што гэтае пытаньне будзе разглядацца прыярытэтна, літаральна празь некалькі дзён пасьля першага арганізацыйнага паседжаньня.

Паводле ягоных словаў, неабходна й рэальна знайсьці кампраміс у праблеме фармаваньня выбарчых камісіяў і стварэньні перадумоў дзеля празрыстасьці выбарчае кампаніі. Прыблізны тэрмін, на які арыентуюцца ініцыятары "дыялёгу" ў пытаньні пра Выбарчы кодэкс, – да 15 красавіка.

На самой справе ў пераліку першачарговых праблемаў да абмеркаваньня пад першым нумарам значыцца менавіта пункт пра Выбарчы кодэкс. І па тым, як будзе разгледжанае гэтае самае важнае на сёньня пытаньне, можна будзе меркаваць, ці варты чаго-небудзь гэты "дыялёг".

Сябра Ініцыятыўнае групы ў правядзеньні "дыялёгу", старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька лічыць, што гэты "дыялёг" дае шанец паставіць уладзе ўмовы й дамагчыся шырокага прадстаўніцтва грамадзка-палітычных сілаў у выбарчых камісіях, але на ўвядзеньне зьмешанае сыстэмы выбараў (замест прынятай на сёньня мажарытарнай) яна не разьлічвае.

Тацяна Процька на наступным паседжаньні Ініцыятыўнае групы мяркуе ўзняць пытаньне пра пашырэньне дыялёгу зь Менску на рэгіёны Беларусі. У прыватнасьці, філіі Гэльсынскага камітэту ў Горадні, Бабруйску, Оршы падалі адпаведныя заяўкі й прапановы ў сваіх гарадох. У Горадні, напрыклад, першае пытаньне, якое прапануюць абмеркаваць, – выкананьне супрацоўнікамі міліцыі дзейнага заканадаўства ў вадносінах да грамадзянаў, што ўдзельнічаюць у масавых акцыях.

У хуткім часе, як паведаміла "Радыё Свабода" Тацяна Процька, будзе прыняты й адмысловы дакумэнт пра асьвятленьне гэтага працэсу ў сродках масавай інфармацыі. Паводле ейных словаў, ён рыхтуецца на базе Пратаколу аб доступе апазыцыі да дзяржаўных СМІ, які быў выпрацаваны групамі Сазонава й Пастухова, але так і не ажыцьцёўлены па віне ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG