Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сакавіка 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

(эфір 20 сакавіка)
Завяршыўся конкурс на лепшую беларускую вясковую школу краіны.

Чаму, уласна, конкурс менавіта вясковых школаў? Яны ж традыцыйна беларускія і, на першы погляд, у падтрымцы ня маюць патрэбы.

Аднак, як сказаў адзін з арганізатараў старшыня Таварыства Беларускае Мовы Алег Трусаў, якраз вясковыя школы, у якіх працуе шмат сапраўдных беларускіх настаўнікаў, апынуліся па-за ўвагаю і ўлады, і грамадзкасьці.

Другая прычына палягае ў вельмі трывожнай тэндэнцыі апошніх двух гадоў – скарачэньні беларускамоўнага навучаньня ў сельскай мяйсцовасьці. Сумніўнае лідэрства тут займае Магілеўшчына, зь якое ў конкурсе прыняло ўдзел толькі дзьве школы. Найлепшыя справы на Меншчыне, аднак лічбы мінулагодняга набору першаклясьнікаў сьведчаць, паводле словаў старшыні Таварыства Беларускае Школы Алеся Лозкі, пра многае:

(Лозка: ) "84,6% вучняў займаюцца ў беларускіх вясковых школах. Гэта вышэйшы такі паказчык. У першыя беларускамоўныя клясы ў Менскай вобласьці прыймаюцца 44,1%, гэта вышэйшы паказчык, але ўсё роўна гэтага недастаткова,"

– сказаў старшыня ТБШ Алесь Лозка.

А вось чаму конкурс на лепшую беларускую вясковую школу падтрымаў у якасьці аднаго з фундатараў прафсаюзны камітэт Менскага вытворчага аб'яднаньня "Атлант". Гаворыць старшыня прафэсійнага камітэту Валеры Мікалаенка:

(Мікалаенка: ) "Ня мной сказана, што мы ўсе родам зь вёскі. Ці то непасрэдна самі, ці то нашыя бацькі, якія ў першым-другім калене адтуль выйшлі. Там нашыя карані, там нашая малая радзіма, там душа нашага народу,"

– сказаў Валеры Мікалаенка.

Усе, хто прыняў удзел у конкурсе, адзначалі ягоную вялікую заахвочвальную ролю. Бадай што агульную думку выказаў Антон Вячко, настаўнік Залускай сярэдняй школы са Стаўпеччыны.

(Вячко: ) "Беларускую мову і беларускія школы падтрымліваюць многія. Хочацца сказаць, што пакуль будзе жыць нашая мова, то мы будзем беларусамі. Хай жа жыве нашая мова, хай жа жыве Беларусь!"

– Сказаў беларускі настаўнік Антон Вячко.

Ягоная праца ды праца ягоных калегаў з Залускай сярэдняй школы журы конкурсу адзначыла дыплёмам І-е ступені ды каштоўным падарункам. Такімі ж дыплёмамі ды музычнымі цэнтрамі ці відэамагнітафонамі ганараваныя калектывы Мачульскае базавае школы са Століншчыны, Германавіцкае сярэдняе школы з Шаркоўшчыны, Дабрыньскае СШ зь Ельшчыны, Бердаўскае СШ зь Лідчыны ды Мётчанскае сярэдняе школы з Барысаўшчыны. 44 школы атрымалі дыплёмы ІІ-е ды ІІІ-е ступеняў.

Аднак, бадай, самая каштоўная ўзнагарода яшчэ чакае пераможцаў. Пра яе абвясьціў на ўрачыстасьці вядомы беларускі ксёндз Уладыслаў Завальнюк:

(Завальнюк: ) "…падзяліцца з вамі такой духоўнай радасьцю, што ў сваім часе, якіх няпоўных два месяцы назад, мы мелі сустрэчу з прадстаўнікамі Англіі, якія пажадалі для нашай нядзельнай школкі ахвяраваць якіх восем ці чатырнаццаць кампутараў. У нядзельную школу для касьцёла. Але мы ўжо перадалі факс і запрапанавалі, каб яны, калі магчыма, дапоўнілі яшчэ якіх 38, каб разам было 50, каб такі камплект маглі з часам атрымаць. Чакаю, малюся і прашу, каб Пан Бог паблаславіў гэты добры наш пачатак".

Усё ж ня толькі прыемныя моманты паказаў гэты конкурс. Не выпадкова Гран-пры нікому не прысуджаны, бо, як сказаў Алесь Лозка, у нас яшчэ няма школы, якую можна назваць узорам нацыянальнае. На доказ слушнасьці гэтае высновы прывядзем цытату з конкурснае заяўкі аднае школы, калектыў якое ў пераліку сваіх заслугаў піша: "Школьная арганізацыя БПСМ вельмі актыўная, зьяўляецца адной зь лепшых у раёне".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG