Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 сакавіка 2000 г.


Віталь Цыганкоў

Заўтра ў шапіках "Саюздруку" і ў незалежных распаўсюднікаў павінен зьявіцца першы нумар часопісу "Кур'ер". Рэдактар новага выданьня Ігар Гермянчук лічыць, што "Кур'ер" арыентуецца найперш на прафэсійна актыўных людзей, гэтак званую сярэднюю клясу. Гермянчук сьцьвярджае, што ніша для падобнага выданьня ў Беларусі дагэтуль пуставала.

Часопіс "Кур'ер" мусіў быў выйсьці ў сьвет яшчэ летась увосень, каля да выпуску выданьня фактычна ўсё было гатова. Але тады Дзяржаўны камітэт друку раптоўна адмяніў рэгістрацыю "Кур'ера", "Нашай Свабоды" і яшчэ некалькіх выданьняў з прычыны таго, што рэдакцыі не атрымалі згоду на разьмяшчэньне ад мяйсцовага воргану ўлады. Скандальнае рашэньне Дзяржаўнага камітэту друку сарвала тады выхад першага нумару, для якога былі ўжо напісаныя матэрыялы і сабраная рэкляма.

Праз паўтары месяцы надуманая праблема з разьмяшчэньнем была скасаваная, і Ігару Гермянчуку давялося фактычна спачатку рыхтаваць выпуск часопіса.

І вось нарэшце мы трымаем у руках першы нумар "Кур'еру", які надрукаваны накладам 5 тысячаў. 48 старонак, каляровая вокладка, чорна-белыя фотаілюстрацыі. Ва ўступным слове да сваіх чытачоў Ігар Герменчук заяўляе, што мае на мэце зрабіць "Кур'ер" штотыднёвым масавым выданьнем.

Грамадзка-палітычны часопіс – гэта новая зьява на беларускім рынку прэсы. Якую нішу плянуе заняць "Кур'ер", якіх чытачоў разьлічвае заваяваць рэдакцыя? Гаворыць Ігар Гермянчук…

(Гермянчук: ) "Найперш мы арыентуемся на аўдыторыю людзей прафэсійна актыўных, людзей добра адукаваных, энэргічных. Такога кшталту аўдыторыю ў іншых краінах прынята называць сярэднім клясам. Скажуць, што ў нас няма сярэдняга клясу. Ёсьць у нас сярэдні кляс. Проста іншыя крытэрыі даходу адносна астатніх рэчаў.

Ёсьць у нас сярэдні кляс, і мы на яго найперш арыентуемся, але ўсё ж-такі зьбіраемся рабіць часопіс цікавым для максымальна шырокай аўдыторыі. Ніша для падобнага кшталту выданьняў у Беларусі абсалютна вольная. Людзі зараз хочуць нечага якасна новага. Яны ўжо пабачылі аналягічныя выданьні іншых краінаў. Гэта зьява новая на нашым рынку, але ў сьвеце – шырока распаўсюджаная. І таму я ўсё ж-такі думаю, што публіка, якая хацела падобнага прадукту, нарэшце яго атрымала".

Гермянчуку, імя якога непарыўна зьвязанае з апазыцыйнай газэтаю "Свабода", напэўна, не ўдасца пазьбегнуць міжвольных аналёгіяў з тым выданьнем. Гермянчук сьцьвярджае, што "Кур'ер" разьлічаны на трохі іншую аўдыторыю:

(Гермянчук: ) "Свабода арыентавалася найперш на палітычна актыўную частку грамадзтва. "Кур'ер" арыентуецца на прафэсійна актыўную частку грамадзтва. Такім чынам, мы разьлічваем толькі на частку аўдыторыі "Свабоды". Што датычыць стаўленьня да ўладаў, дык часопіс – незалежны, ён мусіць адпавядаць інтарэсам чытачоў, ён мусіць залежаць толькі ад чытачоў. Ясна, што часопіс будзе імкнуцца даваць максымальна незалежную інфармацыю. Такім чынам, ясна, што выданьне будзе займаць апаніруючую пазыцыю, але, безумоўна, яно арыентуецца на трошку іншую аўдыторыю, таму яно будзе троху больш спакойным. Тут будзе аддавацца перавага найперш якаснай аналітыцы".

Многія, аднак, выказваюць сумневы ў жыцьцяздольнасьці й пэрспэктыве падобнага праекту ў Беларусі. За кошт чаго мяркуе выжываць "Кур'ер"? Нават у сёньняшніх умовах Гермянчук разьлічвае найперш на рэклямадаўцаў.

(Гермянчук: ) "Наш прыклад паказаў, што праект – жыцьцяздольны. Што маецца на ўвазе? Нават яшчэ да выхаду часопіса ў сьвет, мы змаглі ў першым выпадку сабраць мінімальна неабходную колькасьць рэклямы ў гэты нумар, які вось зараз выйшаў у сьвет.
Такім чынам, мы зьбіраемся выжываць не за кошт продажнай цаны (і таму яна ня будзе высокаю, асабліва перашага нумару), а будзем выжываць за кошт рэклямадаўцаў.

Тыя рэклямадаўцы, якія публікаваліся ў першым нумары, былі задаволеныя якасьцю часопіса, у якім была апублікаваная іхная рэкляма. Таму я думаю, што цяпер нам будзе знаходзіць рэклямадаўцаў прасьцей – яны таксама ссумаваліся па якаснай рэкляме. Такім чынам, праект, на маю думку, цалкам жыцьцяздольны. Вядома, ёсьць адзіная праблема – усё можна коратка і ясна спыніць: або стварыць такія ўмовы, каб праект ня змог выжыць, або нейкім іншым радыкальным чынам спыніць нас на старце. Я ня думаю, што ўлады пойдуць на нейкі такі радыкальны крок. Ясна, мы не чакаем лёгкага жыцьця, але я думаю, што ўсё будзе нармальна, і праект пасьпяхова выйдзе на тыя мэты, якія мы ставім. А мэты – зрабіць часопіс штотыднёвым і накладам прынамсі 20 тысяч асобнікаў".

Гэта, аднак, толькі пэрспэктыва, а пакуль што "Кур'ер" будзе выходзіць раз на месяц.

Так атрымалася, што амаль увесь першы нумар часопіса прысьвечаны грамадзка-палітычным праблемам. Надалей рэдакцыя мяркуе пашыраць колькасьць матэрыялаў пра здароўе, адпачынак, адукацыю, моду ды іншую непалітычную тэматыку. Застаецца дадаць, што новае выданьне ўжо мае сваю адрэсу ў Інтэрнэце – <http://kurjer.promedia.minsk.by/>.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG