Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супярэчлівасьці рэформы сыстэмы аховы здароўя ў Польшчы


Кастусь Бандарук

Супярэчлівасьці рэформы сыстэмы аховы здароў'я ў Польшчы

Паколькі я шэраг гадоў жыў у Польшчы і, на жаль, хварэў, таму добра ведаю, як выглядала гэтак званая "служба аховы здароў'я". Сытуацыя шмат у чым нагадвала аналагічную у Беларусі ды іншых камуністычных краінах: шпіталі і клінікі былі дзяржаўныя і фінанасаваліся са сьціплага бюджэту. Добрых лекаў і высокаякаснай апаратуры было недастаткова, каб кожны хворы меў доступ да іх. Атрымоўвалі іх па знаёмству, для "сваіх", за хабар для заможных. Істотная розьніца у параўнаньні з Беларусьсю палягала ў тым, што ў Польшчы нават пры камунізьме існавала шмат прыватных кабінетаў, дзе афіцыйна мэдычныя паслугі былі платныя, але і, зразумела, лепшыя.

Тое, што такая сыстэма хворая і патрабуе неадкладнай рэформы, разумелі усе: і лекары і пацыенты. Адразу пасьля выбараў у верасьні 97-га году, на якіх перамаглі правыя сілы, згуртаваныя вакол прафсаюзу Салідарнасьць, кіруючая кааліцыя прыступіла да некалькіх абяцаных рэформаў адначасова- у іх ліку і да рэформы аховы здароўя. Як паведаміла нашаму радыё публіцыст "Газэты Выборчай" Тэрэса Богуцкая, "ахова здароўя была у такім катастрафічным стане, што пераважная большасьць- звыш 80-ці % насельніцтва лічылі, што далей гэтак быць не можа і што патрэбная неадкладная рэформа. Апрача таго, гэта была непамерна раздзьмутая і неверагодна марнатраўная структура. Рэформа была патрэбная, каб рацыяналізаваць фінансаваньне і каб лепшыя мэдыкі зараблялі больш, а горшыя менш, або пакінулі прафэсыю. Няма падставы дзеля таго, каб такія высокакваліфікаваныя людзі, ад якіх залежыць жыцьцё іншых, зараблялі такія мізэрныя грошы".

Міністэрства аховы здароў'я цьвердзіць, што асноўны сэнс рэформы у тым, каб больш рацыянальна і эфэктыўна распараджацца грашыма падаткаплацельшчыкаў. Дагэтуль, ніхто не ведаў і не дбаў пра тое, колькі каштуе аперацыя, абсьледваньне, ці нейкі лек або тэрапія былі сапраўды неабходныя. Зараз, грошы падаткаплацельшчыка маюць ісьці за пацыентам у шпіталь, або у кішэню лекара. 7-% ад кожнага заробку праз Сацыяльны Фонд паступаюць у новаствораныя страховачныя кампаніі "Касы хворых". Пацыент зьвяртаецца у выбраны ім шпіталь або да любога лекара, атрымоўвае дапамогу, а лекар або шпіталь выстаўляе рахунак страхоўцы пацыента. Гэткім чынам Міністэрства спадзяецца увесьці рынкавыя правы, ліквідаваць жахлівае марнатраўства бюджэтных сродкаў, абнавіць мэдычную тэхніку, падвышыць узровень мэдычнай апекі, даць магчымасьць добрым лекарам прыстойна зарабляць і бяз хабараў.

Аднак любая рэформа даецца з цяжкасьцю. Гэтак здарылася і з аховай здароўя у Польшчы. Пакуль што, пасьля двух месяцаў ад увядзеньня рэформы, відавочна расчараваныя і лекары і пацыенты.

Мэдыкі спадзяваліся ад рэформы перш за усё падвышэньня сваіх заробкаў. Я якжа выглядаюць гэтыя заробкі? Зараз, мінімальны заробак у Польшчы складае прыблізна 130 даляраў, сярэдні - 300. Лекар, які толькі пачынае працу, атрымоўвае 200-250. Спецыяліст пасьля 5-ці гадоў працы ў сярэднім афіцыйна зарабляе каля 300 даляраў у месяц, прафэсар нават бяз прыватнай практыкі - каля тысячы даляраў. Удвая больш - у прыватнай клініцы. Суткі самога знаходжаньня ў прыватнай клініцы каштуюць пацыенту каля 70-ці даляраў.

Што тычыцца пацыентаў, дык яны спадзяваліся на проста лепшую апеку, паколькі ва ўмовах канкурэнцыі лекары будуць навыперадкі дагаджаць пацыентам. Аднак зьмена у гэтым накірунку наступае вельмі памалу. Грошай, якімі разпараджаюцца старавыя кампаніі, не хапае. Прафсаюз мэдыкаў дамагаецца, каб узнос быў павялічаны да 11% ад заробку. 71% апытаных лічаць, што рэформа не ліквідуе " ценявога сэктару" . Усё роўна, за лепшую апеку лекарам і медсёстрам трэба даваць хабары. Тры чвэрці палякаў лічаць, што рэформа была дрэнна падрыхтаваная і дрэнна праводзіцца. Адказнасьць ускладаецца у першую чаргу на Міністэрства і ўрад, а толькі часткова на самыя шпіталі і клінікі ды страхоўкі. Дзьве траціны апытаных лічаць, што ўрад дарэмна ўзяўся за рэформу у некалькіх галінах адначасна. Яшчэ раз меркаваньне Тэрэсы Богуцкай: "Рэформа напэўна была патрэбная, але я не упэўненая, ці спосаб яе ажыцьцяўленьня быў адпаведны, ці яна была належна падрыхтаваная? Ці трэба было пачынаць яе разам зь іншымі і ці не павінен быць нейкі пераходны перыяд."

Такая ацэнка сытуацыі дамінуе ў грамадзтве. Аднак Міністэрства
Аховы Здароўя лічыць цяперашнія праблемы часовымі . Як
заявіла прэс-сакратар Збігнева Новодворская, " Можна было спадзявацца, і заканадўцы спадзяваліся, што на пачатку будзе шмат праблемаў, паколькі не было часу праводзіць экспэртызу перад увядзеньнем рэформы. Сойм вырашыў, што рэформа будзе правярацца ў дзееньні. Ёсьць прынамсі дзьве прычыны насьцярожанасьці да зьменаў. Па першае, гэта цалкам новая сыстэма, іншы спосаб фінансаваньня і разьмеркаваньня грошай. Зьмены прымушаюць да адмаўленьня ад традыцыйных, прывычных практык і паводзін. Акрамя таго, рэформа закранае інтарэсы некаторых людзей, і замах на іх выклікае зразумелы супраціў. З другога боку, многія ня вераць у пасьпяховасьць такіх карэнных зьменаў. Спадзяемся, што ў хуткім часе рэформа будзе прынятая з разуменьнем. Пакуль што можна сказаць, што ахова здароўя кінута я ў глыбокую ваду і вучыцца плаваць."

Гэтак лічыць Міністэрства аховы здароўя. Аднак многія мэдыкі гэтага аптымізму не падзяляюць. У выніку рэформы зь ліку 800 тысячаў лекараў, мядсёстраў ды ўсіх іншых супрацоўнікаў галіны, 60 тысяч чалавек могуць страціць працу. Вось таму шмат якія лекары баяцца зьменаў і відавочна байкатуюць рэформу. Таму яны і абралі шлях шантажу, працяглых страйкаў, пікетаў і галадовак. У выніку значнага падвышэньня заробкаў не дасягнулі, але шмат што страцілі. Сьпярша грамадзтва спачувала ім, але пасьля таго, як яны выключна з мэкантыльных меркаваньняў забыліся пра лекарскую этыку і клятву Гіпакрата, адмаўляючыся ратаваць нават цяжка хворых, грамадзтва пачало адвяртацца ад іх. Як заявіла Тэрэса Богуцкая, "у момант, калі мэдыкі прыступілі да страйку з прычыны мізэрных заробкаў, грамадзтва усьведаміла, што гэта не цалкам праўда, што яны маюць магчымасьць добра падзарабіць. Я асабіста можа і была б на іхным баку, каліб ня тое, што яны адмовіліся лячыць хворых. Сталася нешта такое, што не мела права здарыцца. Ніводная група людзей не можа адстойваць свае правы за кошт чалавечага жыцьця. Нейкая мяжа мусіць быць, а яны бястурботна пераступілі гэтую мяжу. Усе згодна або саромліва маўчалі, або згодна цьвердзілі, што слушна адмаўляюцца дапамаць хворым".

З такой горычу выказалася пра лекараў Тэрэса Богуцка. У гутарцы са мною яна заявіла, што пасьля свайго артыкулу у "Газэце Выборчай" і гэтых словаў яна мусіць мець конскае здароўе, бо абражаныя лекары напэўна ёй не дапамогуць.
Пасьля гэтых двух розных меркаваньняў - з боку Міністэрства і з боку шэрагавага грамадзяніна, хачу даць голас лекару, які у новай сыстэме ужо працуе і лічыць, што у канчатковым выніку яна здасьць экзамен. Вось што на тэму сутнасьці зьменаў і іх пэрспэктыўнасьці, на падставе сваёй уласнай практыкі сказала доктар Барбара Пякарская зь Беластоку.

(Пякарская:) "Галоўная зьмена у новай сыстэме палягае ў стварэньні інстытуту " сямейнага лекара". Такі лекар павінен займацца хворым ад пачатку і весьці яго да таго моманту, пакуль яму хапае кампэтэнцыі і ведаў. У іншым выпадку ён пасылае хворага ўжо да спецыяліста. Я думаю, што ідэя сямейнага лекара вельмі добрая, зразумела, калі лекары добра адукаваныя і здольныя забясьпечыць асноўныя патрэбы пацыента. Вельмі важнае, каб лекары працавалі на сваім. Мы зь сяброўкамі менавіта так і працуюем. Гэта наш прыватны бізнэс. Мы дбаем пра усё, пачынаючы з таго, каб хворы ня быў вымушаны стаяць у чарзе. Калі бачу, што хворы мае праблемы, я тэлефаную ў шпіталь, да спецыяліста, палагоджваю прыняцьце хворага. Я зацікаўленая ў тым, каб хворы, які зьвярнуўся да мяне, выйшаў задаволены. Што тычыцца аплаты, дык мы дамовімся наконт яе з "Касай хворых", і з грошай, якія адтуль атрымоўваем, аплачваем памяшканьне, медсёстры, абсталяваньне і утрымоўваемся самі. Пацыент сча сваёй кішэні не плаціць ні гроша, але атрымоўвае усё, што неабходна. Нам аплачваецца дбаць пра чалавека, бо тады больш хворых выбярэ менавіта нас. Людзі маюць выбар: не спадабаешся некаму, дык пойдзе да іншага лекара. Уся праблема у тым, што такіх прыватных кабінетаў, як наш, пакуль што мала, не адчуваецца той здаровай
канкурэнцыі. Думаю, што з часам і у мэдыцыне будзе нармальная канкурэнцыя, правы рынку, як і ва усіх іншых сфэрах жыцьця".

Гэтак лічыць доктар Барбара Пякарская зь Беластоку. Дарэчы, яна сказала мне, што страйкаваць не мае ні часу, ні ахвоты. Разам з сяброўкамі яна проста цяжка працуе і спадзяецца, што уклад уласных сродкаў і працы урэшце рэшт дасьць вынікі. Магчыма, посьпех рэформы сыстэмы здароўя у постамуністычных краінах і палягае менавіта у такой прыватызацыі, пра якую гаварыла Барбара Пякарская. Хай нават мэдыцына перастане быць узьнёс лай " службай і пакліканьнем" і хай станецца-як гэта бывае у шэрагу заходніх краінаў - звычайным рамяством, паслугай, таварам, але затое - надзейным. На гэтым толькі выйграюць і пацыенты і мэдыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG