Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 сакавіка 2000 г.


Міхал Стэльмак, Менск

Гандляры "Камароўскага рынку" заўтра ў Менску правядуць папераджальны страйк. Гэты намер яны пацьвердзілі сёньня на прадпрымальніцкіх сходах. Тое, што акцыя пратэсту праводзіцца ў адзін дзень з "Маршам Свабоды – 2" – невыпадкова…

Яшчэ на мінулым тыдні дата папераджальнага страйку была прадметам гарачых дыскусіяў у асяродзьдзі "камароўскіх" прадпрымальнікаў. Адная частка гандляроў настойвала, каб страйк прайшоў у вадзін дзень з "Маршам Свабоды". Іншыя раілі ня зблытваць гэтыя акцыі. Больш слушнымі для калектыўнай думкі падаліся аргумэнты прыхільнікаў сумяшчэньня дзьвюх акцыяў.

Гаворыць адная з кіраўнікоў прадпрымальніцкага прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" Кацярына Навумовіч:

"Вырашылі спыніцца на серадзе – 15 сакавіка – таму што ў гэты дзень пройдзе апазыцыйная акцыя і, безумоўна, рэзананс любой іншай акцыі, што адбудзецца ў гэты дзень, будзе больш магутным. Мы зацікаўленыя, каб гэтая акцыя на "Камароўцы" адбылася і каб пра гэта стала вядома кіраўніцтву краіны. Мы зацікаўленыя, каб прэзыдэнт быў інфармаваны пра гэтую падзею", – патлумачыла Кацярына Навумовіч.

А вось меркаваньне яшчэ аднае лідэркі прафэсійнага саюзу "Садружнасьць" Маі Сінайскай:

"Прадпрымальнікі пакуль не гатовыя ісьці ў палітыку сямімільнымі крокамі. Але калі іх падштурхнуць да гэтага – гэта значыцца, калі ў іх забяруць працоўныя месцы і яны ня здолеюць зарабляць на жыцьцё – яны пойдуць у палітыку, ім ня будзе куды падзецца", – зазначыла Мая Сінайская.

Дата 15 сакавіка, паводле словаў гандляроў, задавальняе іх яшчэ і з тае прычыны, што заўтра адзначаецца Ўсясьветны дзень спажыўца. А менскія спажыўцы, якія карыстаюцца паслугамі цэнтральнага гарадзкога кірмашу, заўтра ў выніку мяркуемага страйку гандляроў мусяць пераканацца ў тым, як улада клапоціцца пра іхныя патрэбы. Сёньня прадпрымальнікі бурна абмяркоўвалі форму страйку.

(Гукавая застаўка абмеркаваньня. Чуюцца галасы: "Вялікія падаткі", "Дык значыцца што, мы выстаўляем тавар?" "Не, мы тавар не выстаўляем, мы выстаўляем цэтлікі", "Пустыя машыны", "Прадаўцы цэлы дзень будуць тлумачыць народу, у чым справа".)

Такім чынам, прадпрымальнікі вырашылі, што заўтра прыйдуць на "Камароўку" без тавараў. Калі папераджальны страйк пройдзе ў адпаведнасьці з плянамі, то для шмат якіх спажыўцоў паездка на кірмаш будзе дарэмнай. Гандляры зьбіраюцца растлумачыць пакупнікам, што вінаватыя ў гэтым сталічныя ўлады, якія маюць намер адабраць у прадпрымальнікаў гандлёвыя плошчы. Бо, маўляў, чыноўнікі не зацікаўленыя ў тым, каб на "Камароўцы" гандлявалі таннымі таварамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG