Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 сакавіка 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

На працэсе над Міхалам Чыгіром пачалі выступаць сьведкі, якія працавалі разам з экс-прэм'ерам у апараце беларускага ўраду. Вядомы юрыст Ян Функ пацьвердзіў аргумэнты, якія выкарыстоўвае ў сваёй абароне Міхал Чыгір.

Сёньня на працэсе над Міхаілам Чыгіром пачалі апытваць сьведкаў эпізоду, які тычыцца працы абвінавачванага на пасадзе прэм'ера. У суд былі запрошаныя былыя і цяперашнія супрацоўнікі Савету Міністраў, тыя, хто меў дачыненьне да распараджэньня дазволіць фірме "Піаск" часова не плаціць мытныя пошліны за ўвезеныя аўтамабілі, якое было прынятае ў 1995 годзе.

Тут варта заўважыць, што гэты эпізод – толькі шостая частка ўсёй справы Чыгіра. Але, паводле абароны экс-прэм'ера, гэтая – самая галоўная частка. Бо з юрыдычнага пункту гледжаньня ўсе астатнія абвінавачваньні Чыгіра (а яны тычацца выдачы крэдытаў пад час ягонага кіраваньня "Белаграпрамбанкам") з-за даўніны часу мала чаго вартыя. Адвакаты ўпэўненыя, што сьледчыя таму й далучылі эпізод пра фірму "Піаск", бо йнакш справа рассыпалася б.

І вось сёньня былы кіраўнік юрыдычнае ўправы ўраду Ян Функ распавядаў, як прымалася рашэньне – даць ці не даць "Піаску" адтэрміноўку плацяжоў. Паводле Яна Функа, гэтае рашэньне ўваходзіла ў кампэтэнцыю Міхала Чыгіра як прэм'ера і супадала з ранейшай практыкаю прыняцьця падобных рашэньняў.

Другі прынцыповы момант, які засьведчыў Функ, гэта тое, што адтэрміноўка плацяжоў зьвязвалася з патрабаваньнем да мытні атрымаць гарантыю ад "Белінвестбанку". Без такой гарантыі мытня не мела права даваць дазвол на ўвоз аўтамабіляў, – пацьвердзіў сьведка аргумэнт Чыгіра.

Заўважу, што, тым ня менш, мытня без гарантыі прапусьціла аўтамабілі ў краіну. Але, на жаданьне пракуратуры, судзяць за гэта не кіраўнікоў мытні, а Міхала Чыгіра. Ён заявіў у гэтай сувязі нашаму радыё:

(Чыгір: ) "Перасталі многія фірмы пацаваць у Рэспубліцы Беларусь. Не працуе на сёньняшні дзень "Пушэ", якое ў 95 годзе заплаціла 10 мільёнаў даляраў у бюджэт. Не працуе:(неразборліва), які мог бы таксама плаціць мільёны даляраў у бюджэт. Гэта наўпрост зьвязана на сёньняшні дзень із заработнай платай судьдзяў, напрыклад, якія разглядаюць сёньня справу, міліцыі, якая таксама тут стаіць па два-тры дзясяткі чалавек. Вельмі неразумна губляць гэтыя фірмы. Мы іх губім і вынік – на паверхні. Сёньня бюджэт пусты, зарплаты нізкія. Хай душаць. Задушаць апошнія, будуць па 5 даляраў атрымліваць".

Гэта быў былы прэм'ер-міністар Міхал Чыгір. Апытаньне былых падначаленых Чыгіра працягваецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG