Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сакавіка 2000 г.


Юры Дракахруст, Менск

Распачаўся рабочы візыт у Менск дэлегацыі польскіх праваахоўных ворганаў на чале з галоўным камісарам паліцыі Польшчы Янам Міхнам.

Сёньня ў Маскве шэф беларускага Міністэрства нутраных справаў Сівакоў браў удзел у нарадзе міністраў нутраных справаў СНД і разам са сваімі калегамі слухаў прамову Ўладзімера Пуціна пра стварэньне агульнага антытэрарыстычнага цэнтру Садружнасьці.

Менск тым часам наведвае галоўны камісар паліцыі Польшчы Ян Міхна. Сёньня ён сустракаўся зь першым намесьнікам міністра нутраных справаў Беларусі Міхалам Удовікавым. Візыт асабліва не афішаваўся, нашаму радыё было нават адмоўлена ў прысутнасьці на брыфінгу ў выніках візыту шэфа польскіх паліцыянтаў.

Двухбаковыя беларуска-польскія стасункі зараз не самыя лепшыя, у вапошні час іх нярэдка азмрочваюць інцыдэнты з затрыманьнем у Польшчы беларускіх грамадзянаў і жорсткім абыходжаньнем зь імі польскіх праваахоўных ворганаў. Магчыма, часам і беларускі бок драматызуе гэтыя інцыдэнты, падаючы іх як сьвядомую палітыку дыскрымінацыі беларусаў з боку краіны, якая ўвайшла ў NATO…

На сёньняшнім брыфінгу галоўны камісар польскае паліцыі абверг гэтыя меркаваньні. Паводле ягоных словаў, прычынаю затрыманьня беларускіх грамадзянаў было парушэньне імі пашпарта-візавага рэжыму. Спадар Міхна патлумачыў, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам паліцыя і памежная служба маюць права ў гэтай сытуацыі ўжываць адпаведныя захады, нават дэпартаваць парушальнікаў з Польшчы.

Галоўны паліцыянт Польшчы закрануў і тэму нядаўняга інцыдэнту ў Познані, калі маніфэстанты, якія пратэставалі супраць палітыкі Масквы ў Чачні, прабраліся на тэрыторыю расейскага консульства і сарвалі расейскі сьцяг.

Спадар Міхна запэўніў, што Польшча ўжыла дадатковыя захады, каб гарантаваць бясьпеку замежным дыпляматычным прадстаўніцтвам і консульскім установам на яе тэрыторыі. Ён паведаміў, што ў адносінах да шэрагу супрацоўнікаў паліцыі, якія не спынілі інцыдэнт у Познані, былі ўжытыя захады дысцыплінарнага ўзьдзеяньня, а некалькі кіраўнікоў пазнаньскае ўправы паліцыі вызваленыя ад пасадаў.

Дарэчы, інцыдэнт у Познані спарадзіў нутрыпалітычны канфлікт у Польшчы. Прэзыдэнт Квасьнеўскі расцаніў узровень польска-расейскіх адносінаў як нізкі, міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмек назваў гэтую заяву прэзыдэнта элемэнтам перадвыбарчае кампаніі і гульнёю партыйных інтарэсаў. Спадар Герэмек нагадаў, што паводле Канстытуцыі кіраўнік дзяржавы мусіць узаемадзейнічаць у вонкавай палітыцы з урадам і МЗС.

Але Беларусь – не Расея. Сёньня галоўны камісар польскае паліцыі Міхна й першы намесьнік кіраўніка Міністэрства нутраных справаў Беларусі Ўдовікаў падпісалі міжведамаснае пагадненьне пра абмен інфармацыяй у барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.

Візыт польскае дэлегацыі будзе доўжыцца яшчэ два дні. Госьці азнаёмяцца з працаю ўправаў Міністэрства нутраных справаў Беларусі, наведаюць экспэртна-крыміналістычны цэнтар міністэрства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG