Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 сакавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

Адвакатка Ўладзімера Кудзінава Тацяна Станкевіч наведала свайго падабароннага ў калёніі, што на вуліцы Апанскага.

Сёньня адвакатка Тацяна Станкевіч мела магчымасьць даведацца пра стан здароўя Ўладзімера Кудзінава й высьветліць у адміністрацыі калёніі, чаму яе падабароннага сем сутак утрымлівалі ў штрафным ізалятары. Паводле словаў адвакаткі, Уладзімер Кудзінаў з выгляду бадзёры, ня надта стомлены. Але ж ён заўсёды (нават, калі й дрэнна сябе адчувае) выгляду не падае.

Пасьля размовы са сваім падабаронным Тацяна Станкевіч паведаміла "Радыё Свабода":

"Я сёньня наведала Ўладзімера Кудзінава ў мейсцы адбыцьця пакараньня. Пазаўчора яго выпусьцілі са штрафнога ізалятару. Ён там знаходзіўся сем сутак за парушэньне рэжыму. Гэтае парушэньне выявілася ў тым, што ён запаліў цыгарэту й трохі адышоў ад таго мейсца, дзе праводзілася зарадка, літаральна за некалькі сэкундаў да яе сканчэньня. Гэта лічыцца парушэньнем рэжыму і зьяўляецца фармальнай падставаю дзеля таго, каб зьмясьціць у штрафны ізалятар.

Спачатку яго трымалі ў старым корпусе, дзе ўмовы ўтрыманьня не адпавядаюць ніякім санітарным нормам. Там вельмі халодна й вільготна. Уладзімер Кудзінаў патрабаваў, каб яго перавялі ў новае памяшканьне, дзе таксама ёсьць штрафны ізалятар. Атрымаўшы адмоўны адказ, ён абвясьціў галадоўку.

У выніку – праз суткі адміністрацыя задаволіла ягоныя патрабаваньні. Ён утрымліваўся ў новым корпусе, дзе лепшыя ўмовы: у тамтэйшым ізалятары кожны мае права мець рэчы асабістае гігіены", – паведаміла Тацяна Станкевіч.

Гэтае пакараньне ўжо ня першае. Нагадаем, што летась у верасьні Ўладзімер Кудзінаў таксама ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Якія наступствы гэта можа мець для вязьня?

Адвакатка Кудзінава лічыць: "Небясьпека гэтых пакараньняў палягае ў тым, што, калі асуджаны мае два пакараньні, то ў выпадку, калі будзе абвешчаная амністыя, адміністрацыя мае права не ўжываць да яго амністыю. У дачыненьні да Кудзінава – гэта можа быць падставаю, каб не зьніжаць тэрмін ягонага зьняволеньня на адзін год.

Як кажа сам Уладзімер, анічога страшнага ў гэтым няма. Але ўсё гэта ня вельмі добра, бо яму яшчэ засталося быць у няволі тры гады", – паведаміла адвакатка Тацяна Станкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG