Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 сакавіка 2000 г.


Любоў Лунёва, Менск

У сьледчым ізалятары Менску створаныя дадатковыя захады засьцярогі, якія яшчэ больш узмацняюць ахову гэтае ўстановы, але выклікаюць пярэчаньні з боку адвакатаў.

Днямі ў будынку сьледчага ізалятару Менску былі ўсталяваныя мэталашукальнік і тры дадатковыя мэталічныя шлюзы. Апроч таго, адвакаты й сьледчыя адчулі на сабе яшчэ адно новаўвядзеньне адміністрацыі СІЗА: ахова пачала зачыняць іх у кабінэтах сам-насам з арыштаванымі.

У адвакатаў такія захады засьцярогі ня выклікалі энтузыязму. Многія зь іх (а гэта пераважна жанчыны) зьвяртаюцца з просьбамі да ахоўнікаў, каб тыя не зачынялі іх на ключ пад час размовы з кліентам. Адвакатка Тацяна Станкевіч так пракамэнтавала нашаму радыё гэтую сытуацыю:

(Станкевіч: ) "Апошнім часам, сапраўды, зьявілася такая практыка, што ў менскім ізалятары адваката, калі той размаўляе са сваім кліентам, зачыняюць у кабінэце. Чаму так робіцца – нам ніхто не патлумачыў, нягледзячы на тое, што многія дапытваліся пра гэта. Хто даў такі загад – таксама невядома. Я ня бачу аніякіх аб'ектыўных прычынаў дзеля гэтага, таму што ў СІЗА ўсё ахоўваецца, і зьбегчы адтуль ніхто ня можа.

Больш за тое, усё гэта вельмі непрыемна, бо пэўны час адвакат (які, дарэчы, ані ў чым не вінаваты й не рабіў аніякіх недазволеных рэчаў) знаходзіцца пад замком. Акрамя таго, усё роўна няма аніякіх гарантыяў, што размова паміж адвакатам і кліентам застаецца абсалютна канфідэнцыйнай, што яна не праслухоўваецца й не праглядаецца", – распавяла "Радыё Свабода" адвакатка Тацяна Станкевіч.

Даволі часта сьледчыя ворганы ў адпаведнасьці з нормамі крымінальна-працэсуальнага права прадастаўляюць арыштаванаму адваката і ён вымушаны працаваць з кліентам, нават, калі той не выклікае аніякае сімпатыі. А ў Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў працуюць пераважна жанчыны. І пэрспэктыва апынуцца з арыштаваным у зачыненым на замок кабінэце іх зусім не цешыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG