Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 28 лютага 2000 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Менскім гарадзкім судзе аднавіўся працэс над былым прэм'ер-міністрам Міхалам Чыгіром. Судзьдзя зачытаў абвінаваўчае заключэньне, згодна зь якім Чыгір нанёс дзяржаве страты больш як на 3 мільёны даляраў.

Паводле сьледзтва, злачыннай дзейнасьцю Чыгір займаўся з канца 1993 па 1995 год – спачатку працуючы старшынём праўленьня "Белаграпрамбанку", а потым – займаючы пасаду кіраўніка беларускага ураду. У якасьці банкіра Чыгір фігуруе ў пяці эпізодах – два зь іх зьвязаныя зь плянамі будаўніцтва новага офісу банка, а тры – з выдачаю крэдытаў. Як прэм'ер, Міхал Чыгір, паводле сьледзтва, учыніў яшчэ адно злачынства, калі забясьпечыў ільготамі фірму "Піаск", якая гандлявала аўтамабілямі. Сьледчыя сьцьвярджаюць, што ўсяго Чыгір з-за нядбайнасьці і ў карысьлівых мэтах нанёс стратаў больш як на тры мільёны даляраў. Гэтая сума складаецца з шасьці частак, якія адрозьніваюцца памерамі.

Самая дробная частка – 40 тысячаў, якія дзяржава быццам бы не далічылася ў выніку санкцыянаванае Чыгіром дамовы пра пабудову будынку банка з чэскай фірмаю "Мастарэс". Справа была ў 1993 годзе, калі прыбытак банку налічваў больш за 20 мільёнаў рублёў, што лічыць добрым вынікам і сьледзтва. І усё ж сродкаў на будоўлю не хапала, бо замахнуліся на 23-павярховы будынак, каб здаваць плошчы ў арэнду і мець з гэтага вялікі прыбытак. Вырашана было знайсьці такога падрадчыка, які б забясьпечыў і вонкавае фінансаваньне. Але тут высьветлілася, што чэскі "Мантарэс" справіцца з такой роляй ня здольны: у гэтай фірмы не было нават свайго будынку. Між тым, першы аванс чэхам ужо выдалі – пералічылі 140 тысячаў даляраў. Як быць? "Белаграпрамбанк" вырашае стасункі з чэхамі спыніць, грошы вярнуць. Але вярнуліся на рахунак банку толькі 100 тысячаў, 40 былі ўжо выкарыстаныя на праект. Цяпер сьледзтва лічыць, што гэта Чыгір вінаваты, бо пасьпяшаўся з дамоваю.

Такая ж гісторыя паўтарылася пад час новае спробы "Белаграпрамбанку" знайсьці будаўніка й фінансыста будоўлі. З канадзкай фірмаю "Лоўрэнс авеню груп лімітэд" заключылі дамову на будаўніцтва за 39 мільёнаў зь пералічэньнем авансу – 6 мільёнаў даляраў. Чакалася, што фірма забясьпечыць атрыманьне крэдыту ад канадзкага банку, аднак гэтага не адбылося. У сваю чаргу, і канадцы не дачакаліся зь Менску 6-ці мільёнаў авансу, прыйшоў толькі адзін. Потым яны сьцьвярджалі, што выкарысталі гэты мільён на праектныя работы ды закупку абсталяваньня, і грошы, калі кантракт быў скасаваны, не вярнулі. Цікава, што сьледзтва, ставячы ў віну Чыгіру гэты мільён, фактычна заяўляе, што калі б пералічылі канадцам 6 мільёнаў, было б лепей – бо тады можна было ўсё вярнуць празь міжнародны суд. Усяго ж у гэтым эпізодзе ў якасьці стратаў фігуруе больш за 2,5 мільёны даляраў.

У шэрагу крэдытаў, якія часткова ня вернутыя, фігуруюць і невялічкі крэдыт фірме "Стройбізнэс" (50 тысячаў даляраў), і вялікі – 900 тысячаў – фірме "БелОСТЭ", і 200-тысячны крэдыт фірме МСТ. Сьледзтва лічыць, што менавіта Чыгір вінаваты ў стратах, бо даваў крэдыты з шэрагам парушэньняў. Чыгір, згодна з матэрыяламі сьледзтва, вінаватым сябе ані ў вадным з эпізодаў не прызнае.

У перапынку Міхал Чыгір адмовіўся камэнтаваць абвінавачваньне, заявіўшы, што ў сваіх паказаньнях дасьць падрабязны адказ на ўсе прэтэнзіі з боку сьледзтва. "Там столькі ўсялякіх недарэчнасьцяў, што коратка на іх не адкажаш, да праўды трэба йсьці крок за крокам", – сказаў Чыгір. Але ён выказаў пратэст у сувязі з тым, што ў паседжаньні сёньня не ўзялі ўдзелу прадстаўнікі арганізацыяў, якім ён быццам бы нанёс страты. Гэта "Белаграпрамбанк" і Мытны камітэт.

На гэты конт Чыгір сказаў: "Ведаеце, прыйсьці сюды й глядзець мне ў вочы – для іх гэта будзе вельмі цяжка. А па-другое, у іх няма права прыходзіць сюды й казаць пра страты". Паводле словаў Чыгіра, у справаздачах "Белаграмбанку" аніякія страты не зафіксаваныя. Што ж тычыцца Мытнага камітэту, то ён ня выканаў распараджэньне Савету міністраў адносна спагнаньня мытных пошлінаў, пра што добра ведаюць ва ўрадзе. Міхал Чыгір упэўнены, што пад час судовага разьбіральніцтва ўся праўда ў гэтай справе стане відавочнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG