Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

25 лютага ў судзе Савецкага раёну Менску пачаўся разгляд грамадзянскага пазову Саюза беларускіх гэбрайскіх грамадзкіх аб'яднаньняў і абшчынаў і Беларускага саюза гэбраяў-вэтэранаў вайны да Закрытага акцыянэрнага таварыства "Праваслаўная ініцыятыва", Менскае фабрыкі каляровага друку, менскае крамы "Праваслаўная кніга" і складальнікаў нашумелае кнігі антысэміцкага зьместу "Вайна па законах нізасьці".

Саюз беларускіх гэбрайскіх грамадзкіх арганізацыяў і Беларускі саюз гэбраяў-вэтэранаў ня маюць да выдаўцоў кнігі "Вайна па законах нізасьці", якую яны лічаць адкрыта антысэміцкай, аніякіх матэрыяльных патрабаваньняў. Як зазначыў старшыня Саюза гэбраяў-вэтэранаў Міхал Бурштэйн, яны жадаюць толькі справядівасьці:

"Справа ў тым, што гэта звычайная кніга, накіраваная супраць гэбраяў, атысэміцкая кніга, і я жадаю толькі таго, каб гэтую кнігу адклікалі ад тых, хто прадае яе ў кнігарнях, і каб пакаралі тых, хто займаецца антысэмітызмам, хто распальвае варожасьць паміж народамі нашае мірнае дзяржавы", – адзначыў Міхал Бурштэйн.

Формаю пакараньня, паводле ягонага меркаваньня, можа быць публікацыя ў газэце "Советская Белоруссия" рашэньня суду са сьцьвярджэньнем, што складальнікі кнігі "Вайна па законах нізасьці" – антысэміты, якія распальваюць міжнацыянальную варожасьць у Беларусі.

Але адказчыкі лічаць іначай. Гаворыць прадстаўнік ЗАТ "Праваслаўная ініцыятыва" Валеры Ярчак:

"Гэтая кніга зьяўляецца наўпроставым пацьвярджэньнем нашае Канстытуцыі, г.зн. права на інфармацыю, якая б яна ні была ацэначная ў адносінах да нейкага народа… Гэта факты, і патрэбна пра іх спрачацца на старонках газэтаў, на радыё і тэлевізіі, але не ў судзе", – зазначыў у інтэрвію "Радыё Свабода" прадстаўнік адказчыка Валеры Ярчак.

У судзе высьветлілася, што ў кнігі "Вайна па законах нізасьці" ня тры складальнікі: Багамолаў, Пархімовіч і Сакалоў, як пазначана ў выхадных зьвестках зборніка, а толькі адзін, які выкарыстаў адразу тры гэтыя прозьвішчы ў якасьці сваіх псэўданімаў… Гэты чалавек – Уладзімер Чартовіч, генэральны дырэктар Закрытага акцыянэрнага таварыства "Праваслаўная ініцыятыва", ён жа аўтар прадмовы й пасьляслоўя да зборніка.

Праўда, сам Чартовіч у суд не зьявіўся, накіраваўшы замест сябе прадстаўніка – Валянціна Акулава. Адвакат Валеры Ярчак, які адстойваў у судзе інтарэсы "Праваслаўнай ініцыятывы", чамусьці заявіў хадайніцтва дапусьціць у працэс на баку адказчыка старшыню Менскага таварыства расейскае культуры Генадзя Ўласава і прадстаўнікоў "Дваранскага сходу".

Маральна падтрымаць аднадумцаў з "Праваслаўнай ініцыятывы" прыйшоў кінарэжысэр Азаронак і некаторыя іншыя скандальна вядомыя асобы. Менская фабрыка каляровага друку, якая надрукавала 30-тысячны наклад зборніка, папрасіла разглядаць справу без прысутнасьці яе прадстаўніка.

Гэбрайскія арганізацыі не былі гэтак жа добра падрыхтаваныя да працэсу. Старшыня Саюза гэбрайскіх арганізацыяў і абшчынаў Леанід Левін захварэў, і ягоны прадстаўнік Канстанцін Бялоў папрасіў суд адкласьці разгляд справы на дзесяць дзён.

Судзьдзя Ларыса Мяльгуй не палічыла гэтае хадайніцтва слушным, але ўсё ж вымушаная была адкласьці паседжаньне да 16 сакавіка з-за іншых прычынаў – з-за таго, што адказчыкі не атрымалі копію аднаго з двух зыскаў, і ў сувязі зь цікавасьцю суду да тых дакумэнтаў у гэтай справе, якія павінны прыбыць зь Ізраілю. Адвакат Канстанцін Бялоў зазначыў, што неўзабаве паступіць афіцыйная нота пратэсту Дзяржавы Ізраіль адносна факту выхаду ў Беларусі антысэміцкага зборніка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG