Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 23 лютага 2000 г.


Віталь Цыганкоў, Менск

(Эфір 22 Лютага)
"Беларусь не жадае быць сатэлітам іншай – вялікай або малай – краіны", – заявіў сёньня міністар замежных справаў Беларусі Урал Латыпаў. Гэтую заяву Латыпаў зрабіў ва ўступным слове да ўдзельнікаў сэмінару "Беларусь, Расея, Польшча: праблемы рэгіянальнае бясьпекі й супрацоўніцтва", які прайшоў сёньня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры ў Менску.

"Беларусь жадае жыць у сяброўстве з Польшчаю і Расеяй. Але зь іхнага боку адносіны да Беларусі павінны быць як да раўнапраўнага партнэру, які ня мае намеру быць чыімсьці малодшым братам", – гэткія неардынарныя заявы прагучалі на адкрыцьці сэмінару з вуснаў Урала Латыпава.

Заўважым, што міністар замежных справаў Беларусі прамаўляў без загадзя падрыхтаванага тэксту, што называецца, "без паперкі". Зрэшты, неардынарнай у сёньняшніх палітычных умовах можа лічыцца сама ідэя правядзеньня сэмінару з падобнай назваю –"Беларусь, Расея, Польшча: праблемы рэгіянальнае бясьпекі й супрацоўніцтва". Арганізатарам сустрэчы аналітыкаў трох краінаў выступіў Беларускі дасьледчы інстытут разьвіцьця й бясьпекі й Варшаўскі Цэнтар міжнародных дачыненьняў.

Прамова Латыпава задала пэўны характар дыскусіі, якая набыла даволі шчырую форму. Вось як пракамэнтаваў для нашага радыё выступ беларускага міністра замежных справаў вядомы расейскі палітоляг, дэпутат Дзяржаўнае думы Вячаслаў Ніканаў…

(Ніканаў: ) "Я ведаю Латыпава тысячу гадоў. Ён, безумоўна, выступаў з улікам аўдыторыі, і ў нейкай ступені апярэджваючы тую дыскусію, якая пачалася з выступу Пятра Наімскага, які прысьвяціў увесь свой даклад таму, як важна незалежная Беларусь для Польшчы. Размова пры гэтым ішла толькі пра адное – Беларусь павінна дыстанцыявацца ад Расеі. Што гэта ёй дасьць – адказу на гэтае пытаньне не было дадзена".

Ніканаў невыпадкова ўзгадаў выступ дарадчыка прэм'ер-міністра Польшчы ў справах нацыянальнае бясьпекі Пётра Наімскага. Наімскі прачытаў даклад, сама назва якога – "Незалежнасьць Беларусі як асноўны элемэнт бясьпекі ў рэгіёне" – не магла не выклікаць палеміку, асабліва сярод расейскіх удзельнікаў.

У інтэрвію для нашага радыё спадар Наімскі адказаў на пытаньне, як зьменіцца атмасфэра даверу й бясьпекі ў нашым рэгіёне ў выпадку, калі Беларусь страціць свой сувэрэнітэт:

(Наімскі: ) "Гэта было бы вельмі дрэнна, бо бясьпека – гэта ня толькі гарантыя недатыкальнасьці межаў, абарона ад пагрозы агрэсіі. Бясьпека – гэта таксама ўзаемныя кантакты: эканамічныя, культурныя. Чым болей даверу ў такіх кантактах, тым вышэй пачуцьцё бясьпекі паміж суседнімі народамі. Польскі бок хацеў бы абмяркоўваць пытаньне бясьпекі, але дзеля гэтага трэба мець суразмоўцу зь беларускага боку. Ня мае сэнсу весьці размову з Масквою пра бясьпеку на беларуска-польскай мяжы. Калі да гэта дойдзе, такія перамовы ўскладняцца, а значыць, пачуцьцё бясьпекі зьменшыцца. Было б вельмі дрэнна, калі б нашая мяжа сталася мяжою глябальнае канфрантацыі паміж двума вялікімі блёкамі".

Гаварыў дараднік прэм'ер-міністра Польшчы ў справах нацыянальнай бясьпекі Пётар Наімскі.

Стаўленьне да незалежнасьці Беларусі й трактоўка сувэрэнітэту ў сёньняшнім сьвеце сталі, бадай, асноўнымі кропкамі сутыкненьня, у якіх разыходзіліся беларускія, польскія і расейскія ўдзельнікі дыскусіі.

Шчыры абмен думкамі ня меў на мэце дасягнуць агульнае згоды, але высьвятліў узаемныя пазыцыі. Пазыцыі стратэгічныя, якія не мяняюцца ў залежнасьці ад палітычнае каньюнктуры. Вось што адказаў Вячаслаў Ніканаў на маё пытаньне, як можа зьмяніцца стаўленьне Расеі да Беларусі, калі да ўлады прыйдзе Ўладзімер Пуцін…

(Ніканаў: ) "У сучасным сьвеце ў Расеі ёсьць толькі адзін хаўруснік – Беларусь. І прыярытэтнасьць дачыненьняў зь ёй зараз ня ставіцца пад сумнеў фактычна аніводнай палітычнай сілаю. Я думаю, што калі Пуцін стане прэзыдэнтам, у Расеі будзе палітыка ў дачыненьні да Беларусі. Пры Ельцыне гаварыць пра нейкую палітыку было даволі сьмешна. Былі толькі пэрыядычныя ўсплескі актыўнасьці, якія нічым не сканчаліся. Адсутнічала мэтаскіраваная палітыка на зьбліжэньне зь Беларусьсю. Пры Ельцыне яе не было. Пры Пуціне – можа быць".

Гаварыў дэпутат Дзяржаўнае думы Расеі палітоляг Вячаслаў Ніканаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG