Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 лютага 2000 г.


Мікола Іваноў, Прага

Уплывовая міжнародная газэта, якая выдаецца ў Парыжы "International Herald Tribune", надрукавала палітычны камэнтар, датычны праблемы свабоды сродкаў масавай інфармацыі ў Расеі

На пачатку артыкулу "International Herald Tribune" згадваецца факт аб тым, што нядаўна галоўны рэдактар расейскай газэты "Сегодня" Міхаіл Бэргэр звярнуўся да выкапаўцы абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна з просьбай даць інтэрвію ягонай газэце. Адказ Крамля на гэтую просьбу быў даволі нечаканы: "Ніколі, ніколі не будзе інтэрвію для гэтай газэты", - заявіў прэсавы сакратар Пуціна, - для кагосьці іншага так, але не для вас".

На думку аўтаркі артыкулу ў "International Herald Tribune" Шарон Лафраньер, падобны адказ сымбалізуе сабой новы — больш жорсткі — падыход Крамля да сродкаў масавай інфармацыі. Яна цытуе словы Рафа Шакірава, былога галоўнага рэдактара газэты "Камэрсант":"Абсалютна ясна, што для сродкаў масавай інфармацыі пачынаецца новая эпоха". Пад пагрозай знаходзіцца адна з галоўных заваёваў расейскай дэмакратыі – свабода прэсы.

Незалежныя сродкі масавай інфармацыі вельмі слабыя, а часам па-за Масквой іх няма зусім. І ім даводзіцца часам супроцьстаяць фінансаваным з бюджэту дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі. Дзякуючы былому прэзыдэнту Барысу Ельцыну на працягу мінулых дзесяці гадоў ніводзін расейскі палітык не адважваўся пагражаць ім.

І вось цяпер, адзначаецца ў камэнтары "International Herald Tribune", пасля прызначэньня Ўладзімера Пуціна спачатку прэм'ерам, а цяпер выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта – Крэмль пачаў выразна маніпуляваць інфармацыйнымі плынямі. Дзяржаўныя тэлевізыйныя каналы праводзілі прапагандысцкую кампанію супроць палітычных апанэнтаў Крамля падчас перадвыбарчай парляманцкай кампаніі ў сьнежні мінулага году. Яны рашуча адкідаюць такую інфармацыю пра чачэнскі канфлікт, якая прывяла да ліквідацыі народнай падтрымкі для арміі падчас мінулай чачэнскай вайны.

Расейскія ўлады абмяжоўваюць доступ незалежным журналістам у Чачню. Найбольш выразны прыклад падобнага падыходу, піша "International Herald Tribune", справа Андрэя Бабіцкага. У адкрытым лісьце ўладам галоўныя рэдактары 32 расейскіх незалежных газэтаў выказалі свой пратэст супроць адносінаў да Бабіцкага.

Алег Панфілаў, былы экспэрт фонду Абароны галоснасьці лічыць: "Такая агрэсыўная атака на незалежныя сродкі масавай інфармацыі ніколі не магла здарыцца ў перыяд прэзыдэнцтва Ельцына. Гэта пачатак трагічнай эпохі ў гісторыі расейскай прэсы".

У сваім нядаўнім амаль гадзінным інтэрвію тэлевізыйнаму каналу ОРТ Уладзімер Пуцін заявіў, што свабодная прэса – найлепшая абарона Расеі ад таталітарызму. "Гэта маё глыбокае перакананьне", – падкрэсліў ён. Факты, аднак, сьведчаць пра зусім іншае, падкрэсліваецца ў артыкуле "International Herald Tribune".

Найбольш уплывовы незалежны телевізыйны канал НТВ, перадачы якога прыймаюць на тэрыторыі амаль паловы краіны, і інфармацыя якога пра чачэнскую вайну прызнаецца нават замежнымі экспертамі ў якасьці аб'ектыўнай, нядаўна атрымаў ліст ад кіраўніцтва напаўдзяржаўнага гіганцкага газавага манапаліста ГАЗПРОМ у справе зьместу сваіх перадачаў. Нагадаем, што Газпрому належыць 30% акцыяў НТВ. У лісьце гэтым гаворыцца, што Газпром можа перагледзець палітыку сваіх капіталаўкладаньняў у НТВ у сувязі зь не зусім патрыятычным падыходам телестанцыі да асьвятленьня чачэнскай вайны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG