(эфір 19 Лютага)
Эканамічны агляд тыдня прафэсара Ўладзімера Кулажанкі. На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка выдаў два дэкрэты, якія зьвярнулі на сябе ўвагу. Яны прысьвечаныя адной праблеме – падаткаабкладаньню. Калі ўзяць дэкрэт "Аб некаторых пытаньнях спагнаньня падатку на даданую вартасьць зь індывідуальных падаткаплацельшчыкаў", дык ён адметны тым, што ўладам давялося ўсё ж лічыцца зь ціскам прадпрымальніцкага сэктару. Страйк, у якім на пачатку лютага ўдзельнічала ў гарадох Рэспублікі каля 100 тысячаў чалавек, зрабіў сваю справу. Як ні папярэджвалі ўлады прадпрымальнікаў, што на іхны ціск не адрэагуюць, у дэкрэце № 7 давялося запісаць, што "індывідуалныя прадпрымальнікі зьяўляюцца плацельшчыкамі падатку на даданую вартасьць у наступным справаздачным месяцы, калі іхная выручка ад рэалізацыі тавараў (работ, паслугаў) за папярэдні месяц перавысіла памер 3000 мінімальных зарабкаў". Гэта значыць – 6 600 000 дэнамінаваных рублёў. Значыць для дробных прадпрымальнікаў уводзіцца палёгка, паколькі дэкрэт мае адваротную сілу, яго дзеяньне пачынаецца зь 1 студзеня. Масавае страйкаваньне дало плён. Праўда, дэкрэтам дадзена даручэньне Савету міністраў "у двухмесячны тэрмін ва ўстаноўленым парадку падрыхтаваць зьмены, якія падлягаюць унясеньню ў закон Рэспублікі Беларусь "Аб падатку на дабаўленую вартасць". І яшчэ невядома, якія будуць зробленыя зьмены. Можа такія, якія зноў падштурхнуць прадпрымальнікаў да страйку. Але прырода адміністрацыйнае сыстэмы такая, што страты ў адным яна заўсёды імкнецца кампэнсаваць за кошт іншых крыніцаў. Так атрымалася й на гэты раз. У другім дэкрэце Аляксандра Лукашэнкі "Аб некаторых пытаньнях падаткаабкладаньня й зьбіраньня плацяжоў у свабодна канвэрсоўнай валюце і расейскіх рублях у 2000 годзе", які набывае моц з 27 лютага, вызначана шмат крыніцаў паступленьня валюты ў казну. Напрыклад, збор з уладальнікаў (карыстальнікаў) аўтатранспартных сродкаў, зарэгістраваных у замежных дзяржавах, за праезд па аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня; плата зь нерэзыдэнтаў Рэспублікі Беларусь за праезд іхнага транспарту па аўтамабільнай дарозе Брэст-Менск-мяжа Расейскае Фэдэрацыі; падаткі на даходы замежных юрыдычных асобаў, якія не ажыцьцяўляюць сваю дзейнасьць праз сталае прадстаўніцтва, нават ад рэалізацыі тавараў, завезеных у Беларусь дзеля дэманстрацыі на выставах, выставах-продажах ды кірмашох; патэнтавыя пошліны ды зборы зь нерэзыдынтаў Рэспублікі Беларусь; мытныя пошліны, акцызы й падаткі на даданую вартасьць пры ўвозе ў Рэспубліку Беларусь тавараў юрыдычнымі асобамі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі й г.д. Заўважым, што ўсе гэтыя плацяжы ўводзяцца ў дадатак да ўжо ўстаноўленых заканадаўствам. Невядома, ці дасьць гэта чакаемы плён, бо ўсялякія празьмернасьці ў эканоміцы ўрэшце рэшт вядуць да правалу.