Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 19 лютага)
Лідэры беларускай апазыцыі называюць учорашнюю адстаўку прэм'ера Лінга й прызначэньне в.а. кіраўніка ўраду Ўладзімера Ярмошына чыста тэхнічнай заменаю, якая наўрад ці прывядзе да сур'ёзных зьменаў у эканамічным і палітычным курсе Беларусі. Аднак прычыны адстаўкі Сяргея Лінга, які, згодна з афіцыйнай вэрсіяй, сыйшоў з прэм'ерскай пасады паводле асабістага жаданьня, называюць розныя....

Прызначаны ўчора Лукашэнкам в.а. прэм'ера Ўладзімер Ярмошын, пакуль яшчэ не выказаўся пра свае намеры й пляны на пасадзе кіраўніка ўраду. Не было аніякіх тлумачэньняў адносна прычынаў адстаўкі й з боку Сяргея Лінга. Толькі дзяржаўная тэлевізія паведаміла, што пры Сяргею Лінгу эканоміка здолела выкарыстаць свой наяўны патэнцыял і не апынулася ў стагнацыі. Але рэальнасьць зьменаў ва ўрадзе насьпела, і Ярмошын, маўляў, мае неабходныя якасьці, каб узначаліць габінэт міністраў.

Аднак лідэры апазыцыі прытрымліваецца зусім іншае думкі. Сёньня я зьвярнуўся да прадстаўнікоў трох партыяў: БНФ (Вячоркі), АГП і Сацыял-дэмакратычнае "Народнае Грамады" з просьбаю пракамэнтаваць сыход Сяргея Лінга. Вось, што думае пра адстаўку былога прэм'ера і яе прычыны старшыня выканаўчага камітэту "Народнае Грамады" Анатоль Сідарэвіч:

(Сідарэвіч: ) "Глыбокі крызыс, і трэба шукаць "казла адпушчэньня". Гэта самы звычайны савецкі прыём: маўляў, скінем Івана Іванавіча, паставім Пятра Іванавіча, нічога структурна не мяняючы… Адстаўка Лінга не зьяўляецца нечаканай. Пра яе доўга і ўпарта гаварылі ў палітычных колах краіны. Нарэшце, прызнана, што краіна знаходзіцца ў крызісным стане. Увесь час афіцыйныя колы паведамлялі пра няўхільны рост і г.д., а цяпер выяўляецца, што ў нас крызіс, што фактычна няма прыросту, што ў нас гіпэрінфляцыя. Паказальным зьяўляецца тое, што Лінг пайшоў у адстаўку з падзякай за добрасумленную працу. Але ж мы ведаем: добрасумленна можна рабіць усялякую працу, у тым ліку разбуральную..."

Лідэр АГП Станіслаў Багданкевіч ня ўпэўнены, што Ўладзімер Ярмошын мае неабходныя веды й досьвед, каб кіраваць эканомікаю краіны…

(Багданкевіч: ) "Эканоміка знаходзіцца ў тупіку. Інфляцыя, рост цэнаў, жабрацтва народу, дэфіцыт тавараў у крамах, нават у Менску. Таму гэта чаканая адстаўка. Мы – усе тыя, хто думаюць аб Беларусі – чакаем, што будзе плятформа, памяняецца філязофія. Галоўнае – новая эканамічная плятформа, эканамічная праграма і асоба, якая б гэтую праграму зрэалізавала. А Ярмошын – добры гаспадарнік, арганізатар, але ён не макраэканаміст і ніколі ім ня быў. Таму я не чакаю нічога добрага ад гэтай замены ".

А намесьнік старшыні БНФ (Вячоркі) Віктар Івашкевіч наогул лічыць, што прычына зьмены кіраўніка ўраду – усяго толькі вынік барацьбы клянаў у атачэньні Лукашэнкі. Гаворыць Віктар Івашкевіч…

(Івашкевіч: ) "Абсалютна бяссэнсавая замена. Калі Лінг усё ж-ткі спэцыяліст – дык Ярмошын да эканамічных пытаньняў дачыненьня ня мае, бо ён – камунальшчык. Таму нічога ня зьменіцца, усё застанецца, як было. Гэта – дэманстратыўныя перамены. Думаю, што гэта – барацьба ўнутраных клянаў і нейкія сувязі з уплывамі Расеі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG