Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Валянціна Аксак, Менск

Урад Беларусі прыняў праграму сьвяткаваньня 160-х угодкаў з дня нараджэньня першага сьвядомага змагара за беларускую мову Францішка Багушэвіча.

Сёлета з Францішкам Багушэвічам зьвязаныя дзьве знамянальныя даты: 21 сакавіка будзе 160 гадоў з дня ягонага нараджэньня, а 28 красавіка – 100 гадоў з дня сьмерці. Абедзьве яны даюць грунтоўныя падставы дзеля таго, каб гучна, на ўсю краіну нагадаць народу прарочы Багушэвічаў заклік: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!"

Ініцыятывы шырокага ўшанаваньня памятных Багушэвічавых датаў высунулі ва ўрад тры структуры: Таварыства Беларускае Мовы, Саюз беларускіх пісьменьнікаў ды Аб'яднаньне дзяржаўных літаратурных музэяў. Кожная зрабіла свае прапановы, не згаворваючыся з астатнімі, нават ня ведаючы пра іх. Днямі з дасьведчаных крыніцаў стала вядома, што ўрад краіны ухваліў ініцыятыву, ды склаў з прапановаў ініцыятараў дзяржаўную праграму. Яе падпісаў віцэ-прэм'ер Уладзімер Замяталін.

Праграма складаецца зь пятнаццаці пунктаў, у ліку якіх рэспубліканская навуковая канфэрэнцыя па спадчыне славутага дудара, таксама рэспубліканскае сьвята паэзіі ў родавым ягоным маёнтку Кушляны, што на Смаргоншчыне, сьвяточныя вечарыны, чытацкія канфэрэнцыі, адмысловыя ўрокі ў школах, выставы, выданьне збору твораў.

Увайшлі ў праграму й прапановы ўшанаваньня некаторых мяйсьцінаў, зьвязаных з жыцьцём ды творчасцю пісьменьніка, а менавіта – адкрыцьцё помніка ў мястэчку Ашмяны, наданьне ягонага імя адной з вуліцаў у Менску, а таксама ўсталяваньне дзьвюх мэмарыяльных дошак – аднае ў польскім Кракаве, на доме, дзе быў выдрукаваны першы зборнік вершаў Багушэвіча "Дудка беларуская", а другое – у летувіскай Вільні, на доме, дзе некаторы час ён жыў. За выкананьне двух апошніх пунктаў адказным пазначанае вонкапалітычнае ведамства краіны, хоць яно аніякіх ініцыятываў і не выказвала.

Тыя ж, хто падаваў ва ўрад свае прапановы, адзначаюць, што амаль усе яны ўхваленыя. У прыватнасьці, сакратар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Навум Гальпяровіч адказаў нашаму радыё на гэтае пытаньне сьцьвярджальна ды паведаміў, што зараз саюз актыўна рыхтуецца да правядзеньня паэтычнае часткі праграмы.

Дырэктар кушлянскае сядзібы-музэя Багушэвіча паэт Алесь Жамойцін, якому мы патэлефанілі, каб высьветліць, калі там будзе рэспубліканскае паэтычнае сьвята, даведаўся пра дзяржаўную ўвагу да першага сьвядомага змагара за беларускую мову ад нас. Пры гэтым ён зазначыў, што ў іхным музэі сьвята Багушэвічавае паэзіі кожны дзень ды кожны дзень там радыя гасьцям. Так што няхай прыяжджае і віцэ-прэм'ер, яму з ахвотаю раскажуць, што думаў Багушэвіч пра народ, якому займае мову перад скананьнем.

Не пазначаныя ў праграме Замяталіна і канкрэтныя даты мэмарыялізацыі Багушэвічавых мяйсьцінаў, супроць гэтых пунктаў стаяць яшчэ больш няпэўныя тэрміны – 2000-2001 гады.

Гэтыя моманты, а таксама тое, што ў праграму не ўвайшла прапанова Таварыства Беларускае Мовы назваць сёлетні год годам Францішка Багушэвіча, даюць падставы сумнявацца, што дзяржаўная праграма будзе выкананая. Можа здарыцца, што яе напаткае лёс падпісанае тым жа спадаром Замяталіным праграмы сьвяткаваньня залетась 200-х угодкаў яшчэ аднаго славутага нашага песьняра – Адама Міцкевіча. Ані абяцанага збору твораў, ані назвы вуліцы, ні тым больш помніка, якога ў Менску да гэтага часу так і няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG