Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Рэспубліцы Беларусь Дэніэл Спэкгард заявіў 18 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, што ён будзе працаваць на сваёй пасадзе яшчэ да ліпеня гэтага году, і што да моманту заплянаванае замены ён будзе заставацца такім жа актыўным і настойлівым, як на працягу апошніх двух гадоў.

Амбасадар Спэкгард назваў "абсалютным нонсэнсам" заявы аб дрэнных адносінах да яго з боку розных беларускіх арганізацыяў, выказаўшы сваё задавальненьне ад таго, што на справе яго паважаюць як прадстаўнікі беларускай апазыцыі, гэтак і ўраду.

На мінулым тыдні, выступаючы на паседжаньні калегіі Міністэрства замежных справаў, Аляксандар Лукашэнка нечакана заявіў, што амэрыканскага амбасадара Дэніэла Спэкгарда адклікаюць зь Менску ў сувязі з настойлівымі патрабаваньнямі беларускай апазыцыі, якая як быццам была незадаволеная недастаткова жорсткім тонам размоваў спадара Спэкгарда зь беларускім кіраўніцтвам.

Прадстаўнікі апазыцыйных партыяў Беларусі адразу ж абверглі гэтыя заявы, а сёньня на гэты конт выказаўся й сам амбасадар Спэкгард. Ён заявіў журналістам:

(Спэкгард: ) "Я хацеў бы скарыстацца гэтай магчымасьцю, каб пераадолець ўсялякія непаразуменьні ды ілжывую інфармацыю адносна працэсу ратацыі амбасадараў ЗША ў Рэспубліцы Беларусь. Калі я займаў маю пасаду ў 1997 годзе, я ведаў што буду амбасадарам тры гады, гэта звычайны тэрмін для ўсіх амбасадараў ЗША ў сьвеце".

Як вядома, пасьля рэфэрэндуму 1996 году стасункі Беларусі й ЗША разьвіваюцца ня надта добра, гэта прызнае як спадар Спэкгард, гэтак і Лукашэнка. Амбасадар Спэкгард больш за год адсутнічаў у Беларусі ў сувязі з сумнавядомым "драздоўскім" крызысам. Гэтым разам Дэніэл Спэкгард прызнаў, што гэтая праблема ў двухбаковых дачыненьнях канчаткова вырашаная:

(Спэкгард: ) "Я рады зазначыць, што мы вырашылі з урадам Беларусі ўсе пытаньні, што заставаліся па рэзыдэнцыі ў Драздах. Тут было два ключавыя элемэнты, найбольш важны зь якіх – атрымаць пісьмовыя гарантыі, што беларускі бок будзе выконваць забавязаньні паводле Венскай канвэнцыі ў будучыні".

Паводле словаў спадара Спэкгарда амэрыканскі бок атрымаў і грашовую кампэнсацыю за страчаную рэзыдэнцыю амбасадара. Аднак заўчасна гаварыць, што пасьля гэтага можна ўжо чакаць нармалізацыі стасункаў Беларусі й Злучаных Штатаў, у тым ліку эканамічных. Спадар Спэкгард мяркуе, што дзеля гэтага Беларусь павінна выканаць шэраг важных умоваў:

(Спэкгард: ) "Я лічу, што перш за ўсё Беларусь павінна аднавіць свае дэмакратычныя інстытуты. Адзіны спосаб дамагчыся гэтага – правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, якія былі б прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Пры чым вельмі важны працэс падрыхтоўкі да выбараў. Добрага выбарчага закону недастаткова, урад мусіць стварыць атмасфэру, у якой людзі будуць адчуваць сябе вольна, каб браць удзел у выбарах, і выказваць свае погляды бяз страху перасьледу. ЗША разам з АБСЭ ды іншымі эўрапейскімі калегамі шмат казалі ўраду Беларусі пра важнасьць адсутнасьці перасьледу палітычных партыяў і прафэсійных саюзаў, вызваленьня палітвязьняў, свабоды дэманстрацыяў і сродкаў масавай інфармацыі".

Выступаючы напярэдадні па Беларускай тэлевізіі, пан Спэкгард ацаніў надоечы падпісаны Выбарчы кодэкс як недастаткова дэмакратычны і яшчэ раз заклікаў улады Беларусі разам з партыямі ды няўрадаваымі арганізацыямі пры пасярэдніцтве АБСЭ папрацаваць над выбарчым законам і мэханізмамі ягонае рэалізацыі дзеля правядзеньня сёлета свабодных і справядлівых выбараў.

(Спэкгард: ) "Амэрыка сапраўды застаецца сябрам для беларусаў. З 1992 году Злучаныя Штаты надалі Беларусі 150 мільёнаў даляраў у якасьці гуманітарнае дапамогі. І нягледзячы на палітычныя супярэчнасьці, што йснуюць паміж нашымі краінамі, гэтая гуманітарная дапамога працягваецца", – амбасадар Спэкгард зазначыў, што ён хацеў, каб беларускія журналісты данесьлі гэтыя словы да сваіх грамадзянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG