Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Як паведамляецца, выканаўцам абавязкаў старшыні Савету Міністраў Беларусі прызначаны Уладзімер Ярмошын. Камэнтар Сяргея Навумчыка.

24 сакавіка 96 году я бачыў, як Ярмошын аддаў каманду камандзірам спецназу атакаваць тых, хто сабраўся ля тэлецэнтру па вуліцы Камуністычнай. Зьбівалі і дзяцей, і старых. Зьбівалі так жорстка, як ніколі дагэтуль. Так пачалася "Вясна-96".

Хаця яшчэ больш чорным радком у гісторыю цяперашняй беларускай сталіцы ўвойдзе – лета 99 году, Няміга, падземны пераход. Тады Ярмошын папрасіўся ў адстаўку, папрасіўся – але не сыйшоў.

Пяць гадоў назад, на самым пачатку стварэньня "вэртыкалі", Лукашэнка прызначаў мэра Менску. Прызначэньне (тады яшчэ дзейнічалі законы) трэба было зацьвярджаць на гарсавеце, які маў даволі ўплывовую дэмакратычную фракцыю. Лукашэнка прапанаваў кандыдатуру Ярмошына. Тады падчас абмеркаваньня Сяргей Антончык (ён быў дэпутатам і Менскага савету), Галіна Вашчанка і некаторыя іншыя прывялі факты, якія, мякка кажучы, кампрамэтавалі Ярмошына.

Шмат каму тады здавалася, што Лукашэнка адмовіцца ад кандыдатуры Ярмошына, бо не не пажадае, каб быў падмочаны ягоны, лукашэнкавы, імідж барацьбіта з карупцыяй. Бо на выбарах ён сьлёзна абяцаў пазбавіцца ад усіх, хто сябе запляміў. Аднак, Лукашэнка настойваў – і большасьць дэпутатаў Менгарсавету дала згоду на прызначэньне Ярмошына мэрам Менску.

Менавіта тады ўпершыню выявілася вось гэтая, ці не галоўная, уласьцівасьць кадравай палітыкі Лукашэнкі. І сёньня алягічнае, на першы погляд, прызначэньне Ярмошына (больш лягічнымі выглядалі кандыдатуры Мясьніковіча альбо першага віцэ-прэм'ера Даўгалёва) – мае несумненны макіявеліяўскі сэнс: прызначаць тых, хто будзе баяцца, бо адчувае за сабой віну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG