Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 лютага 2000 г.


Вольга Караткевіч, Прага

(эфір 16 лютага)
Ідэя фармальных перамоваў улады і апазыцыі, яе мэтазгоднасьць, пэрспэктыўнасьць – тэмы камэнтару нашага палітычнага аглядальніка Валерыя Карбалевіча.

(Карбалевіч: ) "Сапраўды, заява Лукашэнкі на пашыранай калегіі МЗС аб адмове весьці перамовы з апазыцыяй "ні за круглым, ні за квадратным сталом", неяк раставіла ўсе кропкі над "і". Гэта азначае, што заходняя дыпляматыя, якая рабіла стаўку і будавала сваю стратэгію на перамовах паміж уладамі і апазыцыяй як сродку вырашэньня палітычнага крызысу, пацярпела паразу. Гэтая стратэгія пацярпела паразу.

У чым прычына? Я думаю, што заходняя дыпляматыя няправільна ацаніла беларускую сытуацыю. Яна перабольшала аўтаматычнае дзеяньне эканамічных фактараў, якія павінны былі б падштурхоўваць афіцыйны Менск да нармалізацыі адносінаў з Эўропай, паверыла ў добрую волю беларускага лідэра, яго гатоўнасьць выконваць міжнародныя абавязкі. Нагадаю, што Лукашэнка два разы падпісаў дакумэнты аб яго згодзе весьці такія перамовы.

Самая вялікая памылка палягае на тым, што стратэгія перамоваў засталася нейкай дэклярацыяй, яна не была падмацаваная нечым матэрыяльным. Не было прапанавана нейкіх умоваў, якія б падштурхнулі кіраўніцтва Беларусі да сур'ёзных перамоваў. Трэба было паставіць такія ўмовы: альбо беларускае кіраўніцтва нешта страціць у выніку адмоваў ад перамоваў, альбо нешта вялікае атрымае ў выніку посьпеху гэтых перамоваў.

Прапанова кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ аб нейкіх нефармальных перамовах – гэта ўжо зусім іншы фармат. У дакумэнтах АБСЭ гаворка ідзе аб поўнамаштабных перамовах з вызначаным парадкам дня, і вынікі гэтых перамоваў павінны быць ратыфікаваныя абодвума бакамі, замацаваныя эўрапейскімі структурамі, якія павінны ажыцьцяўляць кантроль за іх рэалізацыяй.

Нефармальныя сустрэчы – яны, мабыць, таксама патрэбныя, іх можна праводзіць вельмі многа, але яны ня маюць ніякіх юрыдычных вынікаў. Калі іх разглядаць, як нейкі папярэдні этап на шляху да афіцыйных, фармалізаваных перамоваў, – гэта адна справа. А калі яны прапануюцца ў якасьці падмены аднаго другім – дык гэта, мне здаецца, ні што іншае, як спроба кансультацыйна-назіральнай групы захаваць свой твар пасьля правала ўсёй стратэгіі, якую распрацавалі эўрапейскія структуры".

(Карэспандэнт: ) "Здаецца, што ў такой сытуацыи беларуская апазыцыя павінна зрабіць нейкі рашучы крок, можа занайсьці іншую тактыку, каб ціснуць на ўлады, а не гаварыць пра нейкія эвэнтуальныя перамовы?"

(Карбалевіч: ) "Ведаеце, апазыцыя нічога не атрымала ад гэтай сытуацыі, але ж яна нічога і ня страціла з таго, што мела. Я ня думаю, што апазыцыя прайграла, проста апазыцыя засталася пры сваіх інтарэсах, на тым жа месцы, на якім і была. Ніякага кроку наперад не было зроблена, але й кроку назад таксама не было зроблена.

Калі б пад час палітычнай Вясны-2000 на вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч людзей, тады напэўна пачаліся б сапраўдныя перамовы, гэта зразумела. Зразумела, што калі б быў вельмі моцны грамадзкі ціск на ўлады, дык перамовы пачаліся б. Але ці гэта магчыма? Ці можа зараз апазыцыя вывесьці такую вялікую колькасьць людзей на вуліцы, ці можа яна знайсьці нейкія рэзэрвы, якіх не было і год назад, і два? Гэта пытаньне, на якое няма адказу. І, на мой погляд, адказ вельмі сумнеўны напрошваецца".

Гутарыла

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG