Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 лютага 2000 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 15 лютага)
Сёньня ўвечары ў Менску, каля помніку палеглым пад час аўганскае вайны беларусам, адбылася "акцыя памяці", зарганізаваная апазыцыянэрамі, што ваявалі ў Аўганістане. Удзел у гэтай акцыі бралі некалькі дзясяткаў чалавек.

Першапачаткова арганізатарамі акцыі выступалі былыя афіцэры Ўладзімер Барадач, Алесь Станкевіч і лідэр Сацыял-дэмакратычнае "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч. Аднак калі сталічныя ўлады, пасьля пратэстаў кіраўніцтва афіцыйнага Саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане, не дазволілі ім праводзіць акцыю на мэмарыяле "Выспа Сьлёзаў", што ў Траецкім прадмесьці, апазыцыянэры адмовіліся ад сваёй заяўкі. Праводзіць жа акцыю на пляцы Бангалёр, як тое прапанавалі ўлады, арганізатары не захацелі прынцыпова, бо на іхную думку памінаць сваіх сяброў на месцы выгулу гараджанамі сабак ёсьць зьнявагаю іхнае памяці. Тым ня менш яны заклікалі людзей прыйсьці сёньня да помніку палеглым і ўшанаваць іхную памяць. На заклік вэтэранаў-апазыцыянэраў адгукнулася некалькі дзясяткаў менчукоў.

Акцыя памяці пачалася са сьпяваньня гімну"Магутны Божа" й малітвы за душы загінуўшых у Аўганістане суайчыньнікаў. Удзельнікі гэтага імправізаванага набажэнства, сярод якіх таксама прысутнічалі лідэр аднае з частак БНФ Вінцук Вячорка, ягоныя намесьнікі Юры Хадыка й Вячаслаў Сіўчык, сталі паўколам ля помніку з запаленымі сьвечкамі ды паўтаралі словы малітвы.

Тым часам ўлады прадпрынялі супраць нешматлікіх удзельнікаў акцыі, якая насіла характар пратэсту супраць уцягваньня Беларусі ў чужыя войны і вайсковыя хаўрусы, беспрэцэдэнтныя захады бясьпекі. У прылеглых да "Выспы Сьлёзаў" дварох знаходзілася каля тысячы міліцыянтаў і АМАПаўцаў. Вось як пракамэнтаваў такія паводзіны ўладаў Мікола Статкевіч…

(Статкевіч: ) "Тут, мабыць, тысячы міліцыянтаў, салдат унутраных войскаў навокал, у кварталах на машынах стаяць. Людзі, якія хадзілі тут вакол, кажуць, што процьма войскаў. Яны чамусьці баяцца нас яшчэ больш. У нас увогуле неадэкватная ўлада, яна баіцца свайго народа, баіцца нават такіх бяскрыўдных нямасавых, камэрных акцыяў, баіцца людзей, якія проста прыйшлі са сьвечкамі, каб пастаяць ля помніка загінуўшым. Гэта неадэкватная рэакцыя".

Тым ня менш паводзілі сябе "ахоўнікі парадку" даволі стрымана, правядзеньню акцыі не перашкаджалі й нават не папярэджвалі арганізатараў аб адказнасьці. Пасьля заканчэньня акцыі міліцыянты таксама нікога не затрымлівалі.

Напрыканцы зь невялікай прамоваю выступіў Мікола Статкевіч, які падзякваў усім, хто не пабаяўся прыйсьці на недазволеную акцыю, каб ушанаваць памяць палеглых у Аўганістане, і нават выказаў пэўную задаволенасьць тым, што акцыя атрымалася камэрнаю. Бо "Выспа сьлёзаў", на думку арганізатараў акцыі, ня месца для шматлікіх і гучных маніфэстацыяў.

Мікола Статкевіч выказаў спадзяваньне, што акцыі ўшанаваньня памяці загінуўшых у Аўганістане стануць традыцыйнымі. І кожны год 15 лютага, у дзень вываду войскаў з Аўганістану, прадстаўнікі апазыцыі будуць прыходзіць да помніка на "Выспе Сьлёзаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG