Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Сяргей Навумчык, Прага

У горадзе Косаўска Мітровіца сёньня дыслякаваны яшчэ адзін, дадатковы кантынгэнт міратворчых сілаў. Імі сталі амэрыканскія вайскоўцы. Тым часам, сытуацыя пасьля нападу альбанцаў на прадстаўнікоў французскага міратворчага кантынгэнту, застаецца па-ранейшым напружанай.

У сёньняшнім нумары газэты "Los Angeles Times" Дэвід Голлей нагадвае, што паўночны бок Косаўскай Мітровіцы застаецца ва ўладзе сэрбаў, у той час як паўднёвая частка – пад кантролем косаўскіх этнічных альбанцаў. Прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў прыкладаюць усе намаганьні дзеля таго, каб сэрбы і альбанцы мірна суіснавалі. Кіраўнік прадстаўніцтва ААН Бэрнард Коўчнер і камандуючы міратворчымі сіламі КЭЙФОР Клаўс Рэйнхард маюць намер бліжэйшым часам абнародваць новыя захады ў справе ўзмацненьня бясьпекі ў гэтым раёне.

Карлотта Галл ў сёняшнім нумары "New York Times" цытуе прадстаўнікоў міжнародных арганізацыяў. "У тым выпадку, калі напружаньне сытуацыі не спадзе, – лічаць прадстаўнік ААН у Мітровіцы Марыа Марконэ і камандуючы французскіх міратворчых сілаў Пьер Сакуі Саннэс, – існуе небясьпека пастаяннай міжэтнічнай напружанасьці ў рэгіёне.

Паводле меркаваньня Сакуі Саннэса, тое, што адбылося – гэта вынік адмысловай правакацыі. Яе мэта – стварыць напружаньне ў апошнім косаўскім шматэтнічным горадзе, дзе сэрбы і альбанцы, нягледзячы на складанасьці, усё яшчэ жывуць супольна.

"Існуюць экстрэмісты, якім не патрэбны мір," – сказаў французскі камандуючы ў сваёй штаб-кватэры і падкрэсьліў, што яго хвалюе адсутнасьць талернатнасьці.

Некаторыя альбанцы імкнуліся выштурхнуць сэрбаў з паўночнай часткі Мітровіцы, і наадварот – некаторыя сэрбы жадалі выкінуць альбанцаў з паўднёвай яе часткі, каб стварыць так званую "чыстую сэрбскую вобласьць" у паўночным Косаве.

Французскія атрады арыштавалі 45 альбанцаў і аднаго сэрба ў панядзелак, пасьля таго, як у нядзелю адбыўся іхны напад на французскіх міратворцаў са складу сілаў НАТА. У выніку былі параненыя два французскія вайскоўцы.

Як адзначае ў сёньняшнім артыкуле "New York Times", вынікам канфлікту ёсьць істотнае пагаршэньне ўзаемаадносінаў паміж этнічнымі альбанцамі і французскімі вайскоўцамі. Тысячы альбанцаў прыйшлі на пахаваньне чалавека, які быў забіты ў нядзелю. Трыццаціпяцігадовы Аўні Харадзінадж, баец косаўскага вызвольнага войска, быў пахаваны ў прысутнасьці ягоных паплечнікаў з поўным камплектам баявых узнагародаў і зброі. Яго труну, задрапаваную ў чырвоны альбанскі сьцяг, несьлі на руках ў атачэньні прыблізна трох тысячаў прысутных на пахаваньні.

Паводле словаў альбанскага мэра Мітровіцы Байрама Рэкскхэпі, Харадзінадж быў няўзброены, калі быў забіты. Камандуючы французскім міратворчым падразьдзяленьнем Сакуі Саннэс сьцьвярджае, што, наадварот – Харадзінадж быў узброены і распачаў страляніну па французскіх вайскоўцах.

Міратворчыя сілы апошнім часам шмат зрабілі ў справе падтрымкі міру, яны заблякавалі горад, каб запабегчы ўваходу ў яго тых, хто мог бы павялічыць напружанасьць. Таксама былі эвакуяваныя альбанцы і замежнікі.

"Калі б міратворчыя атрады не рабілі тое, што яны робяць, тут было б сапраўдная разьня," – цытуе "New York Times" словы кіраўніка міратворчым падразьдзяленьнем і дадае, што цяпер ўзьнікае патрэба як найхутчэй знайсьці палітычнае вырашэньне праблемы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG