Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 14 Лютага)
Прыкладна ў 20 гарадох Беларусі масава сьвяткавалі Дзень сьвятога Валянціна. У Менскім касьцёле сьвятога Роха адбыўся канцэрт духавое музыкі, прысьвечаны апекунам Эўропы Кірылу й Мятоду. Але кульмінацыяй мерапрыемстваў сталі санкцыянаваныя ўладамі мітынг і шэсьце пад агульным назовам "Акцыя Любові"

Самым лепшым днём дзеля таго, каб прызнацца ў любові да Беларусі, Эўропы і эўрапейскага ладу жыцьця, зьяўляецца Дзень закаханых. Гэтым разам калёна людзей пад традыцыйныя воклічы "Жыве Беларусь!" і "Моладзь за Беларусь!" прайшла па праезных частках вуліцаў ад пляцу Якуба Коласа да Опэрнага тэатру. У акцыі ўдзельнічала некалькі тысячаў чалавек:

(Севярынец: ) "Мы раздалі дзьве тысячы бел-чырвона-белых сэрцаў і шпілек. Я думаю, што людзей болей, таму што нам не хапіла".

На грудзёх у бальшыні ўдзельнікаў былі прышпіленыя бел-чырвона-белыя сэрцы. А ў руках людзі трымалі больш за дзясятак сьцягоў краінаў Эўропы, сьцягі Эўразьвязу й ЗША. На моладзевым сьвяце прысутнічала нямала людзей сталага веку.

Арганізатары зазначалі напярэдадні, что сьвяточныя акцыі перадусім прымеркаваныя да Дня закаханых. Тым ня менш, першая ў гэтым годзе вулічная акцыя не была пазбаўленая палітычнай афарбоўкі. Пра гэта сьведчаць некаторыя лёзунгі: "Не – дыктатуры!", "Жыць бяз страху!", а таксама транспаранты на ангельскай мове: "Only Love!", "No impare!", i "I love Belarus", "I love Europe!".

Цягам 15-хвіліннага мітынгу на пляцы ля Опэрнага тэатру нешматлікія выступоўцы зазначалі, што ў Беларусі каханьне неадрыўна зьвязанае з палітыкаю. Гаворыць Натальля Макавік.

(Макавік: ) "Нашых каханых могуць арыштаваць, пасадзіць у турму на некалькі сутак, месяцаў, гадоў. Яны могуць зьнікнуць назаўсёды. І таму мы заяўляем: "Мы будзем кахаць насуперак усяму!" Таму што толькі дзякуючы нашаму каханьню, нашай любові да Беларусі можа зьнікнуць дыктатура!"

Па ўсім сьвеце 14 лютага людзі дораць адзін аднаму "валянцінкі" і прызнаюцца ў каханьні, але ў Беларусі, паводле Паўла Севярынца, Дзень Сьвятога Валянціна ператвараецца ў акцыю дэмакратычнай апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG