Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Сабіна Радзько, Віцебск

Хваляваньне за свае валютныя сродкі, зьмешчаныя ў акцыянэрным банку "Пошук", дзьве тысячы віцеблянаў адчулі яшчэ ў жніўні мінулага году, калі нечакана была прыпыненая выплата працэнтаў і вяртаньне ўкладаў іх уладальнікам.

Такое ўжо здаралася ў 1997 годзе, але праз нейкі час становішча выправілася, таму людзі і на гэты раз спадзяваліся атрымаць свае грошы. Старшыня віцебскага аддзяленьня "Пошуку" спадар Лапіцкі, які да 90-х гадоў працаваў намесьнікам старшыні гарвыканкаму, акурат пад час першых прыкметаў непарадку з выплатамі, перайшоў на іншую працу, у "Транзытбанк". Са жніўня да лістападу мінулага году ў віцебскім аддзяленьні банку "Пошук" валюту ўкладальнікам ужо не вярталі, працэнтаў не выплочвалі. Але працягвалі прымаць ад легкаверных віцеблянаў грошы.

15 сьнежня 1999 году падманутыя ўкладальнікі стварылі ініцыятыўную групу і пачалі дасылаць лісты ва ўсе інстанцыі – у адмінімтрацыю прэзыдэнта, у службу кантролю, Гэнеральнаму пракурору і, вядома, кіраўніцтву банка. З 5 студзеня ім было прапанавана працягнуць дамову з банкам "Пошук" на паўтары ці на тры гады на наступных умовах: укладальнік атрымлівае працэнт ад валютнага ўкладу ў беларускіх рублях па курсе Нацбанку, фактычна, замест дэкляраваных васьмі – менш за тры працэнты. З рахунку ж ён мае права зьняць ня больш за 10 працэнтаў укладзенай валюты.

Крыху больш за паўтары тысячы віцеблянаў на такія грабежніцкія ўмовы не пагадзіліся і працягваюць патрабаваць назад свае грошы. Пра працэнты размова ўжо ня йдзе. Яны кожны аўторак зьбіраюцца ў памяшканьні банку, чакаючы навінаў. Сёньня імі быў атрыманы ліст ад новага старшыні банку "Пошук" спадара Табатадзэ. Ліст тлумачыць пра складанае фінансавае становішча і распавядае пра праграму выйсьця з крызысу, разьлічаную на паўтара-два гады. Адразу ж быў складзены новы ліст да спадара Табатадзэ, дзе ўладальнікі цікавяцца, чаму вяртаньня ўласных грошай, замест аднаго ці трох месяцаў, трэба чакаць два гады, а таксама выказваюць скаргу на адносіны да іх з боку выканаўцы абавязкаў старшыні віцебскага аддзяленьня "Пошуку" спадарыні Іваншчанкі, якая спрабавала, нават, адбіраць у грамадзянаў копіі дамоваў з банкам.

Аднак, як патлумачылі прадстаўнікі ініцыятыўнай групы, лёс укладальнікаў павінен зараз вырашаць Нацыянальны банк. І да гэтага часу больш рашучых крокаў у справе вяртаньтня сваіх грошай яны рабіць ня будуць. Так што міліцыянты, якія кожны аўторак назіраюць за падманутымі, пакуль што могуць быць спакойнымі.

Сярод значнай часткі ўкладальнікаў пануе думка, што напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году, кіраўніку дзяржавы спатрэбяцца іх галасы, і грошы свае яны назад атрымаюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG