Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 лютага 2000 г.


Валер Каліноўскі, Менск

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў 15 лютага, што ўлады намагаюцца выключыць ягоную партыю з палітычнага жыцьця ў краіне шляхам адмовы ў перарэгістрацыі статутных зьменаў.

Больш як месяц таму партыя БНФ падала ў Міністэрства юстыцыі статут і рашэньне вышэйшана воргану, у якіх зробленыя зьмены ў адпаведнасьці з новым заканадаўствам. Як вядома, зь 1 сьнежня арганізацыі, у назвах якіх утрымліваюцца словы "народны" й "нацыянальны", павінны гэтыя словы з назваў скасаваць. На нечарговым сойме БНФ пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі 27 сьнежня было прынятае рашэньне называць партыю словазлучэньнем "Партыя БНФ", чым былі ўлічаныя патрабаваньні заканадаўства. Гаворыць лідэр гэтае партыі Вінцук Вячорка:

"Звычайна такія зьмены, прынятыя не з волі самой партыі, а дзеля прывядзеньня яе дакумэнтаў у адпаведнасьць з заканадаўствам, прымаюцца і ўхваляюцца аўтаматычна. Але ж вядома, што ў нас ня толькі й ня столькі Міністэрства юстыцыі, колькі гэтак званая камісія Замяталіна прымае рашэньні. Якраз у мінулую пятніцу гэтая камісія засядала, і як нам стала вядома, вырашана не зацьвярджаць статут Партыі БНФ. Чаму, зь якой прычыны – ніхто ў Міністэрстве юстыцыі нам патлумачыць ня мог.

І я разумею чаму – таму што рашэньне гэтае безумоўна палітычнае. Гэта рашэньне выключыць адну зь вядучых палітычных сілаў на гвалт з палітычнага кантэксту. Дарэчы, гэта ёсьць яшчэ адным характэрным штрышком, які паказвае, як улады насамрэч рыхтуюцца да гэтак званых дэмакратычных выбараў.

Характэрнае выказваньне адной з супрацоўніцаў Міністэрства юстыцыі, якая займаецца пытаньнямі грамадзкіх аб'яднаньняў і палітычных партыяў. На нашыя дамаганьні назваць заўвагі да статуту, яна сказала: "Мы прыдумаем…", – гаварыў Вінук Вячорка.

Начальнік управы грамадзкіх аб'яднаньняў Міністэрства юстыцыі Міхал Сухінін зазначыў "Радыё Свабода", што аніякай адмовы з боку ягонага ведамства ў перарэгістрацыі статуту БНФ пад кіраўніцтвам Вячоркі не было, паколькі аніякіх адпаведных лістоў зь Міністэрства юстыцыі ў штаб-кватэру БНФ не даслана, а таму, маўляў, і гаварыць няма пра што.

Тым ня менш, Вінцук Вячорка заяўляе, што ягоная партыя будзе дамагацца справядівасьці й выкананьня закону ад Міністэрства юстыцыі. Ужо накіраваны адпаведны ліст міністру юстыцыі пра тое, што парушаюцца тэрміны афіцыйнага адказу, а Кансультатыўна-назіральнай групе АБСЭ паведамлена пра спробу выключыць Партыю БНФ – адную з удзельніцаў – зь перамоўнага працэсу, з палітычнага жыцьця ў краіне.

Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ (што пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка) Юры Беленькі ведаў пра гэтыя калізіі і ў інтэрвію "Радыё Свабода" нэгатыўна іх ацаніў, зазначыўшы, што, на ягоную думку, чым больш у Беларусі дэмакратычных арганізацыяў, тым лепш.

Аднак Юры Беленькі параіў партыі пад кіраўніцтвам Вінцука Вячоркі не рабіць памылак, якія прывялі да такіх праблемаў. На ягоную думку, трэба адпаведным чынам аформіць дакумэнты, правесьці зьезд і прайсьці ўсе астатнія працэдуры. Юры Беленькі па-ранейшаму лічыць, што партыя пад кіраўніцтвам Вячоркі неправамерна прэтэндуе на назву БНФ, якой карыстаецца партыя пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка. Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ таксама мела праблемы з рэгістрацыяй, але здолела іх станоўча вырашыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG