(эфір 12 лютага)
Сваякі дэпутата Ўладзімера Кудзінава падазраюць, што супраць яго пачаліся рэпрэсіі за адмову напісаць на імя Лукашэнкі просьбу аб памілаваньні. Васіль Лявонаў атрымаў у калёніі першае пасьля суду спатканьне з жонкаю Антанінай Міхайлаўнай. Васіль Старавойтаў лічыць, што калі б яго разам зь Лявонавым судзілі сапраўды незалежныя судзьдзі, вынік працэсаў быў бы іншым. Генэральны пракурор Алег Бажэлка запэўнівае грамадзкасьць, што пошукі зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага "працягваюцца, але пакуль не даюць станоўчых вынікаў". Зоя Кудзінава непакоіцца, ці не здарылася што ў турме зь ейным мужам, дэпутатам Вярхоўнага Савету Ўладзімерам Кудзінавым. Больш за два тыдні ад яго з калёніі няма аніякіх зьвестак, што, прызнае Кудзінава, ужо бывала, але заўсёды не па ініцыятыве Ўладзімера Кудзінава. Чарговае нетлумачальнае маўчаньне мужа Зоя зьвязвае зь нядаўнімі падзеямі вакол просьбы аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. "Пайшоў рэзананс па справе Кудзінава, па тым, што ён адмовіўся ад напісаньня прашэньня аб памілаваньні, і чарговае пераследваньне пачалося", – кажа жонка дэпутата. Яна не выключае, што супраць мужа зноў пачаліся рэпрэсіі, як ужо было некалькі разоў, калі Кудзінаў дэманстраваў сваю палітычную пазыцыю. Нагадаем, два гады таму дэпутат зрабіў спробу перадаць на волю ліст з заклікам змагацца за дэмакратыю і незалежнасьць, пасьля чаго яго зьбілі, кінулі ў карцар, і на пэўны час пазбавілі спатканьняў з роднымі. Яшчэ адным мэтадам узьдзеяньня на незломнага вязьня стала пазбаўленьне яго працы. І нарэшуце, з мэтаю стварыць вакол дэпутата вакуум адміністрацыя калёніі УЖ 15-1 аказвае ціск на тых вязьняў, якія падтрымлівалі зь ім стасункі. Неаднаразова губляліся лісты Кудзінава дадому, асабліва тыя, у якіх ён дзеліцца думкамі або распавядае пра парадкі ў калёніі. "Але й зьнікненьне звычайных лістоў – таксама метад, які ўжо выкарыстоўваўся супраць дэпутата. Каб за нешта адпомсціць", – тлумачыць Зоя Кудзінава, якая лічыць, што ейны муж зноў мог аказацца ў становішчы чалавека, якога перасьледуюць за перакананьні. А вось у былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава турэмнае жыцьцё, здаецца, наладжваецца. Днямі ўпершыню ў турме яго наведала жонка Антаніна Міхайлаўна. Яна кажа, што выпрабаваньні, у тым ліку й маральныя, не зламалі мужа, ён выглядае бадзёрым і твар нават крыху загарэлы – пасьля двух гадоў ізалятара Лявонаў, відаць, выкарыстоўвае магчымасьць часьцей бываць на паветры пад сонечнымі праменьнямі. Паводле зьвестак сваякоў Лявонава, ён не адмовіўся ад намера падаць скаргу на прысуд – такі дакумэнт яшчэ рыхтуецца. Дарэчы, вырак суду над былым міністрам сельскае гаспадаркі я папрасіў пракамэнтаваць Васіля Старавойтава, былога старшыню акцыянэрнага таварыства "Расьвет", справа якога была зьвязаная са справаю Лявонава. Старавойтаў сказаў: "…За тое, што заказаў у нас два ложкі й два сталы, ды яшчэ крэслы, за гэта канешне кайданкі ў габінэце магчыма было й не начэпліваць, не думаю, што ў гэтым была патрэба", – мяркуе Васіль Старавойтаў. Далей ён паўтарыў тое, што казаў у судзе наконт некаторых паднашэньняў, якія яму даводзілася рабіць, прымаючы ганаровых гасцей. "Што было рабіць, калі іншага выйсьця не было, час такі", – перакананы Старавойтаў. І ўсё ж ён упэўнены, за гэта ня трэба было зь Лявонава і зь яго рабіць злодзеяў, але што зробіш… "…Калі б сапраўды быў незалежны суд, незалежная адвакатура, а так яны ўсе круцяцца пад адным гаспадаром. Суд у такім выпадку абараняе не чалавека, а таго, хто пры ўладзе", – лічыць Васіль Старавойтаў. Мінулы тыдзень не прынес добрых зьвестак пра лёс зьніклых беларускіх палітыкаў Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара й прадпрымальніка Анатоля Красоўскага, хаця іхныя прозьвішчы ў падборках навінаў усё ж гучалі. Пачаў генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка, які на прэсавай канфэрэнцыі ў пракуратуры запэўніваў грамадзкасьць, што зьніклых па–ранейшаму шукаюць і вельмі актыўна: "…Кожны тыдзень разам з пракуратураю гораду і гарадзкой міліцыяй падводзяцца вынікі расьледваньня гэтых справаў, мы заслухваем сьледчых, даем свае ўказаньні, але пакуль аніякіх станоўчых вынікаў пошукаў няма, месца знаходжаньня Захаранкі, Ганчара й Красоўскага не знойдзенае", – заявіў Алег Бажэлка у мінулы аўторак. Прайшло два дні, і на гэтую заяву адгукнулася жонка Ганчара Зінаіда. Яна паведаміла, што шукае падтрымку ў пошуках мужа ўжо сярод расейскіх палітыкаў – Яўлінскага, Гайдара й нават Пуціна. А на беларускіх кіраўнікоў ужо не спадзяецца. Заявы пра тое, што пошукі вядуцца, Зоя Ганчар успрымае як зьдзек. "Нават джып, на якім езьдзілі Красоўскі й Ганчар, знайсьці ня здолелі, хаця казалі, што зь Менску машына не выяжджала", – абураецца Зінаіда Ганчар. І напрыканцы – пра суды на будучым тыдні. Як вядома, суд над Міхалам Чыгіром у гарадзкім судзе адновіцца 17 лютага. А вось калі зной пачнецца працэс над Андрэем Клімавым, пакуль невядома. Дэпутат дагэтуль хварэе.